Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра ролю і месца Беларусі ў сённяшнім газавым крызісе ў Еўропе.
Падзеі апошніх месяцаў на рынках газу ў Еўропе пацвердзілі здагадкі аб тым, што з дабудовай газапроваду «Паўночны паток-2» Расійская Федэрацыя вывядзе выкарыстанне залежнасці краінаў ЕС ад энергазабеспячэння з усходу на новы ўзровень.
Не галоўнае, але і не апошняе значэнне ў стратэгіі ціску на еўрапейцаў з выкарыстаннем «Газпраму» мае тэрыторыя Беларусі і газатранспартная сетка ў нашай краіне.
Залежнасць Беларусі ад волі Масквы
Стратэгічна істотным для расійскіх газавых алігархаў быў канчатковы пераход у снежні 2011 у іх ўласнасць «Белтрансгазу» — некалі дзяржаўнага прадпрыемства, акцыі якога былі паэтапна прададзеныя «Газпраму».
Фота: gazprom.ru
Разам з усёй транспартнай сістэмай краіны на баланс расійцаў трапілі і 3 буйныя газавыя сховішчы на тэрыторыі Беларусі. За чарговы крэдыт на фоне крызіса 2011 «Газпрам» таксама атрымаў права на манапольныя пастаўкі газавага паліва з Расіі. Такім чынам камандна-адміністратыўны апарат у Мінску быў пазбаўлены апошніх варыянтаў для манеўраў пры перамовах аб коштах транзіту газу праз нашую тэрыторыю і ўцягнуў краіну ў абсалютную энергетычную залежнасць.
Дадатковы інструмент для дыктату
«Газпрам» спрабаваў рэалізаваць падобную тактыку паглынання газатранспартных кампаній яшчэ ў некалькіх усходне-еўрапейскіх краінах, але няўдала. Таму асноўны акцэнт быў канчаткова зроблены на пабудову газапровадаў па Чорнаму і Балтыйскаму марах. Як адзначаецца ў матэрыяле ў novayagazeta.ru, «Галоўнай мэтай перанакіравання газу па альтэрнатыўных маршрутах ёсць скарачэнне колькасці краінаў- транзіцёраў.»
Як ні намагаліся ўсходне-еўрапейскія краіны аспрэчваць будаўніцтва газапровадаў на поўдні і поўначы Еўропы, фактычна ў «Газпраму» атрымалася «разарваць» кантынент. Можна сказаць, што ў бліжэйшай перспектыве Румынія, Славакія, Украіна, Беларусь і Польшча могуць быць выключаныя з шэрагу газавых транзіцёраў. У супрацьвагу ім з’яўляюцца магутныя газавыя хабы — Нямеччына і Аўстрыя.
Калі пры ранейшым раскладзе на газатранспартным рынку ўсходне-еўрапейцы маглі, хаця б і гіпатэтычна, дамовіцца аб блакадзе паставак з Расіі з мэтай ціску па пытаннях фарміравання коштаў на паліва, зараз такое будзе немагчыма. Нягледзячы на розныя анты-манапольныя законы ў ЕС, фактычна, выключыўшы з транзіту большасць краінаў з моцнай пазіцыяй, замяніўшы іх на даволі «дамоваздольныя» Балгарыю, Сербію і Венгрыю, крамлёўскія алігархі атрымалі дадатковы інструмент для фарміравання коштаў.
Апошняе ралі на рынках, калі кошты па газавых фьючэрсах за некалькі тыдняў падняліся амаль у 8 разоў, — добры гэтаму прыклад.
Эксперты не хаваюць, што да сённяшняга газавага крызісу наўпроставае дачыненне маюць маніпуляцыі расійскіх газавых пастаўшчыкоў:
— На фоне рэзкага росту попыту на газ у Азіі «Газпрам» некалькі разоў заяўляў пра прафілактычныя працы на газапровадах на еўрапейскім накірунку, — У прэсу «трапіла» інфармацыя аб некалькіх аварыях на тэрміналах і газаправодах, — «Газпрам» заяўляў аб немагчымасці заключэння дамоваў на дадатковыя пастаўкі для еўрапейскіх спажыўцоў на 2021 г.
Фота: tbsnews.net
З улікам росту коштаў на газавыя фьючэрсы на біржах Крэмль атрымаў магчымасць змяняць умовы паставак і для краінаў, якія заключаюць доўгатэрміновыя кантракты. Так, кіраўніцтва Малдовы паінфармавалі аб падвышэнні коштаў са 150 да 790 USD за кубаметр. Пасля прапановы Кішынёва знізіць кошт, «Газпрам» фактычна ўльтыматыўна высунуў патрабаванне аплаціць мінулую запазычанасць. Інакш пастаўкі ўвогуле будуць спыненыя.
Як і Малдова, Сербія ўжо абвясціла аб надзвычайным становішчы ў сувязі з магчымым ростам амаль у тры разы коштаў на газ. Да перамоваў 25 лістапада з Пуціным прэзідэнт Сербіі Вучыч паабяцаў падрыхтаваць прапановы для РФ, якія дазволяць атрымаць істотную зніжку. А пакуль сербы назапашваюць газ. Вядомы эканаміст адзначыў для сербскай рэдакцыі радыё «Свабода», што пакуль гэта адзінае даступнае рашэнне: «Спадзяюся, што мы запоўнім усе магчымыя магутнасці для захоўвання газу на зіму.»
Варта ўзгадаць, што Сербія — адзін з вядучых партнёраў «Газпраму» ў рэгіёне. Менавіта праз гэтую краіну пракладзеныя 400 км новага газапроваду ў абыход Украіны. Да сённяшняга газавага крызісу ў сербаў атрымлівалася балансаваць паміж ЕС і РФ, заяўляючы аб еўрапейскай будучыні краіны, нягледзячы на павялічэнне залежнасці ад Масквы. Цалкам верагодна, што крамлёўскія намагаюцца скарыстацца існуючай кан’юнктурай на рынках і выгандляваць яшчэ большую лаяльнасць Белграда. Але гэтым разам не дэкларатыўную, а рэальную. Таму сербы, магчыма, будуць вымушаныя перагледзець свае «еўрапейскія памкненні».
Асаблівая роля беларускага накірунку
Фота: slobodnaevropa.org
Прыклад Сербіі з’яўляецца чарговым пацверджаннем здагадак аб спробах пабудовы Масквой «санітарнага кардону» паміж Германіяй і РФ. Таму ціск на Польшчу з’яўляецца асобнай задачай для маскоўскіх газавых магнатаў. Нягледзячы на намаганні Варшавы разбудаваць сетку альтэрнатыўных паставак газу і нафты з Нарвегіі, Катару і Ірану, залежнасць польскай гаспадаркі ад расійскіх кампаній застаецца даволі істотнай. Ужо ў 2022 годзе палякі мусяць весці перамовы аб падаўжэнні супрацоўніцтва з «Газпрамам» (тэрмін мінулага пагаднення ад 1996 года амаль выйшаў). І ўсё гэта будзе адбывацца на фоне крызісу, што ставіць палякаў у даволі нязручную пазіцыю ў гандлі з Крамлём.
На сённяшні дзень, нягледзячы на даволі высокія кошты на рынках, Масква істотна скарачае пастаўкі і праз беларускі ўчастак газапроваду, такім чынам дэманструючы Польшчы дыяпазон верагодных наступстваў: «Штодзённыя пастаўкі праз Беларусь могуць складаць каля 8 млн. куб. м. Пры гэтым запланаваныя аб’ёмы на кастрычнік і лістапад па газаправодзе Ямал-Еўропа складалі каля 31 млн. куб. м.»
Падобная сітуацыя можа працягвацца не месяц ці два. Што прывядзе да стратаў для бюджэту Рэспублікі Беларусь. Таму спадзявацца на хуткае вырашэнне крызісу — марная справа. Крэмль дэманструе, што гатовы ісці нават на фінансавыя страты дзеля магчымасцяў дыктаваць умовы. Першай задачай можа быць ціск з мэтай адмены антыманапольных рашэнняў ЕС, якія, хоць і не спыняць увядзенне ў эксплуатацыю новых ветак газапровадаў, але могуць прывесці да фінансавых стратаў. Другая — звышзадача, геастратэгічнае дамінаванне ва Усходняй Еўропе праз газавы дыктат. А, магчыма, і раскол Еўразвязу з усталяваннем кантролю над з усходняй яго часткай, накшталт часоў «халоднай вайны».
Такі сцэнар можа цалкам выключыць з гульні Беларусь. У ім нашай краіны і ўвогуле можа не быць. Таму што транзітны патэнцыял Беларусі ў такім выпадку істотна зменшыцца, а залежнасць ад Крамля будзе настолькі вялікай, што выключыць нават гепатэтычныя магчымасці здзяйсняць незалежную палітыку.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org