Улады адказалі, ці пакінуць беларускую лацінку

11.01.2023 Краіна

Пасля таго, як у снежні мінулага года стала вядома, што ўлады хочуць адмовіцца ад беларускай лацінкі ў надпісах населеных пунктаў, вуліц і станцыяў метро, некаторыя беларусы пачалі адпраўляць звароты чыноўнікам з просьбай патлумачыць рашэнне і яго адпаведнасць заканадаўству. Дзяржкамітэт па маёмасці размясціў адказ на звароты на сваім сайце.


wrfzayxch99dge7p2tbtgtle21ys9c51.jpg

З адказу вынікае, што Дзяржаўны камітэт маёмасці не знайшоў парушэнняў у рэкамендацыі выдаліць беларускую лацінку з вулічных знакаў. Чыноўнікі спасылаюцца на Інструкцыю аб транслітарацыі геаграфічных назваў літарамі лацінскага алфавіту. Яны пішуць, што гэтыя правілы дзейнічаюць толькі пры стварэнні картаграфічнай і іншай прадукцыі, прызначанай для міжнароднага карыстання. А таму, на думку чыноўнікаў, нічога не парушаецца. Аднак тлумачэння, чаму назвы вуліц на ўказальніках не адносяць да картаграфічнай прадукцыі для замежных карыстальнікаў, у адказе няма.

Што адбылося?

Пытанне аб выкарыстанні лацінкі для транслітарацыі нацыянальных геаграфічных назваў на вулічных указальніках было ўзнята падчас выступу на паседжанні Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы летась 8 снежня. Паводле словаў кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сяргеенкі гэтае пытанне ўзнялі з-за зваротаў грамадзян. Як адзначаецца ў дакументах, што трапілі ў сеціва, удзельнікі паседжання, абмеркаваўшы пытанне, пагадзіліся, што лацінка на ўказальніках «ускладняе ўспрыманне інфармацыі і абцяжарвае арыентаванне».

Пасля гэтай заявы пісьменніца і актывістка Аліна Нагорная на сваёй старонцы ў Facebook прапанавала накіраваць электронныя звароты ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці і Акадэмію навук з наступнымі патрабаваннямі:

— пакінуць транслітарацыю геаграфічных назваў і найменняў вуліц у Беларусі, спасылаючыся на інструкцыю па транслітарацыі ў рэдакцыі ад 24.06.2006 года, узгодненую з МЗС, МУС, Мінкультам, Інстытутам мовазнаўства ім. Якуба Коласа пры НАН Беларусі;

— прывесці ўсе надпісы геаграфічных аб’ектаў Беларусі ў адпаведнасці з дадзенай інструкцыяй да аднаго фармату напісання  —  літарамі лацінскага алфавіту.