Адзін з самых вядомых і папулярных сучасных беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Арлоў узнагароджаны штогадовай прэміяй маршалка Падляскага ваяводства за дасягненні ў галіне мастацкай творчасці ды пашырэння і аховы культуры, піша kamunikat.org. Прэмія была прызнаная за дасягненні ў галіне прозы і паэзіі.
Пісьменнік, паэт, гісторык Уладзімір Арлоў
Рашэнне аб прызнанні сёлетніх узнагародаў было прынятае на паседжанні праўлення Падляшскага ваяводства 15 лістапада.
— Гэтыя ўзнагароды — выраз прызнання падляшскай мясцовай улады, наш спосаб ушанавання і падзякі тым творцам, якія спрыяюць развіццю і ахове культуры нашага краю, — сказаў маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі.
Уладзімір Арлоў — адзін з самых вядомых і папулярных сучасных беларускіх пісьменнікаў. Гісторык, аўтар некалькіх дзясяткаў кніг мастацкай і дакументальнай прозы, вершаў і эсэістыкі.
За апошнія два гады фонд Kamunikat.org выдаў у Беластоку больш за 10 кніг Уладзіміра Арлова. З прэзентацыяй гэтых кніг аўтар наведаў амаль 20 гарадоў у Польшчы, Нямеччыне, Італіі і Літве.
«Не хапае толькі магчымасці зладзіць прэзэнтацыю кніг спадара Уладзіміра ў Беларусі. Але мы верым — рана ці позна гэта адбудзецца!», — кажа Яраслаў Іванюк.
Таксама лаўрэатамі сёлетніх узнагарод маршалка Падляскага ваяводства сталі: кіраўнік мужчынскага хору «Куранты» з Бельска Падляшскага Аліна Негерэвіч, моладзёвы хор катэдральнага прыходу св. Мікалая Цудатворцы ў Беластоку, паэт, празаік і эсэіст Эразм Стэфаноўскі, спявак і аніматар музычнага фальклору паўночнай Сувальшчыны Даміян Бальцэр.
Чытайце яшчэ:«Кнігі як дзеці — нараджаюцца ў пісьменніка ад жанчын». Уладзіміру Арлову — 70 гадоў