Ад 3 сакавіка 1067 года традыцыйна адлічваецца гісторыя Мінска: падчас бітвы на Нямізе горад, што праўда, згарэў, аднак менавіта ўзвязку з гэтай датай Мінск упершыню ўзгадваецца ў летапісах.
“Будзьма” пацікавілася ў пісьменніка і гісторыка Уладзіміра Арлова, ад якой падзеі варта адлічваць сапраўдную гісторыю горада, і якім чынам варта святкаваць сённяшнюю дату.
– Мне бывае смешна чуць ад нашага чынавенства, што 3 сакавіка – дзень народзінаў Мінска, гэтыя натхнёныя прамовы пра “дзень заснавання нашага горада” дэманструюць хіба глыбіню гістарычнай адукацыі. – кажа спадар Уладзімір. – Тут варта ясна ўсведамляць, у сувязі з чым згаданы горад.
Відавочна, што Мінск значна старэйшы. Аднак у гісторыі прынята адлічваць гісторыю горада менавіта ад першай згадкі. Скажам так, афіцыйна лічыцца, што Полацк мае столькі год, колькі будзе калі адняць ад сённяшняй даты лічбу 862, хоць паводле даследванняў археолагаў горад на некалькі стагоддзяў старэйшы. Напрыклад, Кіеў узгадваецца практычна ў адзін час з Полацкам, і калі Полацк сіцпла адзначаў свае чарговыя ўгодкі, то Кіеў яшчэ напрыканцы 80-х гадоў, грунтуючыся на арехалагічных даследваннях, адзначыў сваё 1500-годдзе. З Мінскам такая самая сітуацыя – тут сваё слова мусяць сказаць археолагі.
Добра было б, каб у Мінску да такіх вось датаў, звязаных з гісторыяй адбываліся нейкія значныя падзеі, а не традыцыйнае светкаванне ў стылі Дня горада. Хацелася, каб адчыняліся помнікі людзям, якія жылі тут, замагліся за волю гэтай зямлі ў розныя стагоддзі. Я з абурэннем прачытаў, што ў Мінску паставяць помнік карове: я не маю нічога супраць кароваў, добра памятаю смак сырадою, але ж у Мінску няма помнікаў вельмі многім людзям, чые душы сюды вяртаюцца, для каго гэты горад быў болей чым родным.
Мне прыгадваецца такая амаль фантастычная гісторыя: калісьці ў 90-ыя тагачасны мэр Полацка Уладзімір Тачыла і дырэктар Полацкага нацыянальна-культурнага запаведніка Мікалай Ільніцкі далі сабе слова штогод, пакуль яны застаюцца на сваіх пасадах, адкрываць у горадзе альбо новы помнік, альбо музей – падавалася б, вар’яцкая заява, але яны насамрэч сваё слова стрымалі.
Я мару пра такіх кіраўнікоў Мінска – у сталіцы болей магчымасцяў раз на год ушаноўваць памяць сваіх вялікіх жыхароў – помнікі пісьменнікам, дзеячам культуры, у рэшце рэшт, нават помніка вялікаму паўстанцу Каліноўскаму ў нас няма, патрэбны болей, чым помнік карове.
Юрась Ускоў