«Дзяды.
	
	Сёння яны для мяне не толькі народная традыцыя, дзень памяці продкаў. Яны — тое сапраўднае, што яшчэ застаецца ад Беларусі, абрысы якой, як сказаў мне днямі адзін з даўніх маіх сяброў, усё болей ілюзорныя», — піша Уладзімір Някляеў.
	
	Фота: fb Уладзіміра Някляева
	Я не веру, што Беларусі не стане. Бо ведаю, што яна будзе. Калі нават згубіць, як ужо губляла, межы, ці страціць пракметы дзяржаўнасці, дык будзе сама ў сабе. І зноў знойдзе свае межы, як змяя новую скуру.
	 Генітычна яна — вельмі моцнае ўтварэнне. Менавіта таму як яе ні знішчаюць — знішчыць не могуць.
	 Іншая рэч, што невыносна глядзець, як завіхаюцца, каб знішчыць. І калі б толькі чужыя. Свае, якія праз тое, што свае, чужэйшыя за чужых. 
Тое, што цяпер адбываецца з намі, яшчэ нядаўна немагчыма было ўявіць. Яшчэ нядаўна, калі сыходзілі мае старэйшыя сябры, Караткевіч, Стральцоў, Быкаў, Барадулін, Бураўкін, — як мне было шкада! «Як заўчасна, — адчайна думаў я над іх магіламі, — як заўчасна!» А цяпер думаю, што ў час... І нават зайздрошчу ім, што яны не бачаць...
Бо невыносна.
Але трэба трываць. А каб трываць — помніць. Не забываць пра тое, што яны былі, аралі, сеялі, пісалі — і ты ім абавязаны. І проста мусіш рабіць тое, што ўмееш рабіць найлепей. Бо як у даўніне, гэтак і ў будучыні, толькі ў найлепшым яна невынішчальная — наша Беларусь
	 Мне раптам стаў нямілы родны кут.
	 І я б забыў, што нарадзіўся тут, 
	 Каб даў мне Бог забыць, каб разлюбіць даў сілы
	 Пагорак той, дзе продкавы магілы,
	 Дзе хутка ўжо і мне на Божы суд.
	 Я ведаю, што я на тым судзе
	 Скажу. Што я нікому і нідзе
	 Не здрадзіў, што ў крыві не вінаваты... 
	 А Бог спытае: «Не прадаў ты брата?
	 Сястру сваю не кінуў ты ў бядзе?»
	 Я б адказаў, што не!.. Калі б Ён сілы даў
	 Змагчы той жах, што нада мной паўстаў,
	 Нянавісць, што, як пыл, любоў з зямлі змятае!..
	 Ён ведае, што я не прадаваў.
	 Я ведаю, чаму Ён так спытае.