Гэтым летам гурт J:Морс пачынае серыю unplugged-канцэртаў. У інтэрв’ю Budzma.org лідар каманды Уладзімір Пугач распавёў, што чакае гледачоў на канцэртах, як адаптаваўся за мяжой і чаго не хапае, а таксама пра працу над новым праектам па стварэнні аўдыякніг на беларускай мове.
Гурт J:Морс
7 ліпеня J:Морс грае эксклюзіўны канцэрт на даху ў цэнтры Варшавы. «Мы рыхтуем спецыяльную акустычную праграму, таксама вас чакаюць welcome drink ды закускі і, канечне, рамантычны захад сонца», — абяцае J:МОРС.
Уладзімір Пугач кажа, што для летніх выступаў абралі фармат unplugged, «варшаўскі выступ не будзе нейкай разавай акцыяй, будуць яшчэ тры такія канцэрты ў жніўні — ва Уроцлаве, Гданьску і Вільні, дакладныя даты бліжэйшым часам будуць анансаваныя».
Уладзімір Пугач
— Мы працягваем рабіць новую музыку і стараемся яе ўжо скарыстоўваць у канцэртных праграмах. Напэўна, будуць сінглы, апошняга часу, напрыклад, «Вікторыя». З’яўляюцца новыя песні, рыхтуецца новы альбом, зразумела, у канцэртную праграму яны таксама будуць уваходзіць. Але, з іншага боку, ведаю, што нашая публіка чакае таго, што даўно любіць; таго, што слухалі, калі мы ўсе былі ў Беларусі; таго, што гучала па радыё і што прасілі на канцэртах. Гэтыя песні таксама ўсе будуць.
— Вы ўжо больш за год па-за Беларуссю, як адаптаваліся, як пачуваецеся?
— Людзі ўсё прыбываюць і прыбываюць, беларусаў па-за Беларуссю становіцца ўсё больш — і менавіта ад гэтага сумна. Я ўжо амаль паўтара гады ў Польшчы. Ну, напэўна, я прызвычаіўся да мясцовага жыцця, вельмі дапамагае тое, што беларускае асяроддзе ўвесь час павялічваецца. Адчуванне такое, што ўсе тыя, з кім ты меў стасункі ў Мінску, з кім працаваў, з кім сябраваў, з кім праводзіў вольны час, карацей, большасць людзей майго кола — яны ўсе тут. У гэтым сэнсе можна сабе ўявіць, што я ўсё яшчэ са сваімі, усё яшчэ адчуваю беларускае асяроддзе.
З іншага боку, за гэты час не змянілася адчуванне таго, што я марную жыццё на тое, што чакаю, калі вярнуся дадому. Ад гэтага адчування не пазбавіцца. Яно не тое, каб увесь час катуе, але час ад часу згадваеш пра тое, што ты чужы ў чужым краі.
Вельмі не хапае таго, што завецца каранямі. Гэта, думаю, час ад часу з большасцю з нас, з тых, хто з’ехаў не па сваёй волі, здараецца. Канечне, гэта нельга назваць турыстычнай вандроўкай. Польшча — вельмі гасцінная краіна, тут жывуць цудоўныя людзі, вельмі ўтульнае асяроддзе — усё падабаецца. Акрамя таго, што я сюды быў ВЫМУШАНЫ з’ехаць, як і большасць з нас. Не па сваёй волі — вось гэта мне не падабаецца.
Таму, як толькі з’явіцца магчымасць працаваць і жыць у Беларусі, буду ў першай хвалі тых, хто вернецца.
Пакуль што ў мяне такое стаўленне. Канечне, чым больш жывеш у іншай краіне, тым больш абрастаеш рэчамі, маёмасцю, сувязямі, праектамі, працай і новымі сяброўствамі. І гэта, напэўна, можа ўплываць на жаданне вярнуцца. Але большасць свайго жыцця і музычнай кар’еры я жыў у Беларусі і большасць маіх слухачоў усё ж такі ў Беларусі. Таму для мяне вельмі важна вярнуцца.
Але ёсць чым займацца, ёсць што рабіць. Стараемся займацца творчасцю, рабіць музыку, граць канцэрты, нейкія супольныя праекты рабіць, яшчэ нешта...
Гурт J:Морс
— І якія праекты?
— Зараз, напрыклад, я паралельна кірую новым праектам па стварэнні аўдыякніг на беларускай мове.
Мы маем сувязь з усімі нашымі калегамі, якія працуюць над падобнымі праектамі, але мы робім па-рознаму. Той жа «Кніжны воз» добра дапамог, яны падказалі шмат карысных рэчаў, бо такога досведу ў мяне не было. Зараз мы ўжо стартавалі працоўна, а сама пляцоўка ў публічнай прасторы з’явіцца ўвосень.
Пакуль мы робім кантэнт, рыхтуемся. Саму начытку робяць прафесійныя акцёры, я ж выступаю ў гэтым праекце як прадзюсар. Хаця некаторыя невялікія па аб’ёме творы таксама буду чытаць. Назву пакуль не раскрываем, пачакаем, як будзе гатовая пляцоўка — тады будзем распаўсюджваць інфармацыю як мага шырэй.
Чытайце па тэме: Крысціна Дробыш пра «Кніжны Воз»: «Аплікацыя стварае асацыяцыі таго, што беларуская мова — гэта можа быць весела, прыгожа, цікава, забаўляльна»
— Вы эмацыйна адрэагавалі на пачатак вайны яшчэ ў Беларусі — запісалі зварот да беларускіх вайскоўцаў, перазапісалі адзін са сваіх галоўных хітоў на ўкраінскай мове...
— У першы ж дзень вайны першае, што я зрабіў, гэта стаў тэлефанаваць сваім украінскім сябрам. Усе думкі толькі пра гэта. Першы шок прайшоў. Але адчуванне таго, што адбываецца нешта жахлівае, несправядлівае, гвалт, які немагчыма было сабе ўявіць у XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы, гэта адчуванне застаецца. Гэта не так востра, як у першыя дні вайны, але яно нікуды не падзелася.
Што да сваёй краіны, то тут маё бачанне ніяк не памянялася —
Беларусь акупаваная двойчы. Першы раз — бандай, якая захапіла ўладу ў нашай краіне. Другі раз — нашымі суседзямі, якіх проста ўпусцілі ў краіну, каб бандзе ўзмацніць сваё становішча і забяспечыць кантроль над краінай. Але, як паказваюць падзеі, кантролю над краінай у гэтай банды ўсё менш і менш. І ўсё больш Беларусь падобная на менавіта акупаваную краіну — толькі без стрэлаў, без крыві.
— І гэтая чарговая акупацыя сумяшчаецца з вайной супраць усяго беларускага ў Беларусі...
Уладзімір Пугач
— Вельмі складана нешта ўбачыць у віры падзей. Ну, з рагаткамі на танкі ісці — ніякага выніку не будзе. Але палітычная сітуацыя ў нашым рэгіёне вельмі дынамічная, бурліць, змяняецца. Так што зараз я давяраю тым палітолагам, якія, як і я, шчыра кажуць, што не ведаюць, як можа павярнуцца сітуацыя.
У такой сітуацыі важна захаваць сябе, захаваць сумленне, свае погляды, рабіць сваю працу. Рабіць для таго, каб захавалася грамадства, захавалася беларускасць.
Каб калі мы вернемся, ну, у горшым выпадку, калі нашыя дзеці вернуцца, каб засталося жаданне і магчымасці неяк ізноў будаваць краіну.
Трэба рабіць сваю працу, каб беларусы не распусціліся ў польскім, літоўскім, грузінскім асяроддзі і культуры. Каб захаваць сябе як нацыю.
Усё гэта было ў нашай гісторыі. Мы перажывалі расійскія навалы хвалямі, і гэтыя хвалі накрывалі не толькі тэрыторыю, там адразу пачыналі вынішчаць беларускасць. Галоўнае, паўтаруся, проста захаваць сябе як нацыю, як культуру. Захаваць мову, мастацтва, музыку, літаратуру. І старацца быць сучаснымі людзьмі з сучаснымі поглядамі на жыццё. Бо тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, гэта нейкі імклівы рух назад, рух у мінулае. За апошнія тры гады мы вельмі хутка наблізіліся да сталінскіх часоў. Нечакана хуткі рух назад.
Уладзімір Пугач
Я стараюся не жыць ілюзіямі. Так выглядае, што хутка гэта ўсё не зменіцца. Патрэбна рабіць тое, у што ты верыш, што ўмееш, заставацца сабою і такім чынам захаваць сябе. Кожны на сваім месцы. Мастакі, айцішнікі, барысты, музыкі, пісьменнікі, журналісты — я гавару пра ўсіх, пра ўсю беларускую супольнасць.
Спадзяемся і працуем. І пазбягаем роспачы.
Фота з асабістага архіва Уладзіміра Пугача
Рыгор Сапежынскі, budzma.org