Уладзімір Хільмановіч: “Для мяне футбольная статыстыка — як паэзія”

19.07.2013 У краіне

Гарадзенскі журналіст і публіцыст Уладзімір Хільмановіч выдаў футбольны даведнік, дзе апісаныя ўсе галы і пенальці чэмпіянатаў свету (1930—2010) і Еўропы (1960—2012).

Спецыяльна для сайта “Будзьма беларусамі!” спадар Уладзімір расказаў пра сваё захапленне.

— Як доўга рыхтаваўся гэты даведнік?

— Года паўтара з перапынкамі, бо трэба было ўсё выверыць: у статыстыцы падаюцца розныя звесткі. Інфармацыю трэба было браць з аўтарытэтных крыніц альбо прыводзіць варыянты. Спярша ў мяне была ідэя зрабіць даведнік толькі пра пенальці. 11-метровыя карныя ўдары — гэта асаблівая тэма, але неўзабаве я зразумеў, што трэба апісаць і ўсе галы ўсіх чэмпіянатаў свету з 1930 года і Еўропы з 1960 года.

— Ці ёсць у Гародні людзі, якія таксама цікавяцца футбольнай статыстыкай?

— Безумоўна. У нас яшчэ ў студэнцкім асяродку склалася нефармальная група футбольных статыстаў. Адзін з іх, Вітаў Руднік, выдаў некалькі гадоў таму статыстычны даведнік пра чэмпіёнаў свету, таксама беларускамоўны, што вельмі важна. Для мяне пытанне беларускай мовы было таксама прынцыповым. У нашым нефармальным гуртку было 5-6 чалавек — студэнтаў юрфака і гістфака. Мы яшчэ 25 гадоў таму перайшлі на беларускую мову, а цяпер гэта — агульная тэндэнцыя: беларускую мову выкарыстоўваюць і футбольныя фанаты, і спартовыя каментатары.

— Але вы ж не толькі займаецеся футбольнай статыстыкай, але і самі гуляеце ў футбол?

— Гуляць мы пачалі яшчэ ў студэнцкія гады. Я з гэты завязаў толькі два гады таму: вынік траўмы. У нашай камандзе былі і журналісты, і гарадзенскія музыкі, і праваабаронцы.

— Што для цябе футбольная статыстыка?

— Для мяне футбольная статыстыка — гэта своеасаблівы від паэзіі, як хоку. Не ўсе яго разумеюць, не ўсе ўспрымаюць, але аматары ёсць. Хаця аматараў футбольнай статыстыкі, мабыць, менш, чым аматараў хоку. У мяне ў планах напісаць кнігу пра пенальці і футбольныя турніры рознага ўзроўню, падаўшы матэрыял у больш літаратурнай форме. Гэта будзе спалучэнне статыстычных звестак з апісаннем розных цікавостак і недарэчнасцяў, каб зацікавіць шырэйшае кола чытачоў. Такія кнігі пісаў калісьці сын вядомага рускага паэта Сяргея Ясеніна Канстанцін, які быў самым вядомым савецкім футбольным статыстам.

Андрэй Мялешка