Унікальнае месца для адпачынку. Расказваем пра адметнасці Ліпічанскай пушчы

Ці даводзілася вам хоць аднойчы пабываць у рэспубліканскім ландшафтным заказніку Ліпічанская пушча? Калі не, тады вы дакладна не прызнаваліся ў сваіх пачуццях на выспе Кахання пасярод ракі Шчара, не любаваліся рэдкімі раслінамі і дрэвамі, не наталялі смагу вадой з цудатворнай крыніцы, не адпачывалі пад 450-гадовым дубам... Менавіта тут можна здзейсніць унікальнае воднае ці веласіпеднае падарожжа, пешы шпацыр па найпрыгажэйшых мясцінах Мастоўскага краю, забыцца пра гарадскую мітусню, умацаваць здароўе, спазнаць новае і пабачыць нешта неверагоднае. Пакуль павандруем віртуальна разам са «Слушна».


4-768x512.jpg
Ліпічанская пушча

На тэрыторыі Ліпічанскай пушчы знаходзіцца ўнікальная група дрэў: на ўскраіне невялікага балотца блізка адно да аднаго растуць алешына, ясень, белая і чорная бярозы.

Чорная бяроза — дрэва, занесенае ў Чырвоную кнігу, якое вельмі рэдка сустракаецца ў Беларусі. У Ліпічанскай пушчы іх зафіксавана ўсяго шэсць. Пра гэтае месца пушчанскія жыхары расказваюць прыгожую легенду.

Калісьці ў вёсцы непадалёк жыла маці і дзве яе дачкі — бялявая ды чарнявая. Пакахалі яны аднаго хлопца з суседняй вёскі. А хлопец не мог абраць, якая з іх мілейшая. Прызначаў абедзьвюм спатканні на беразе невялікага балотца за вёскай. Аднойчы сёстры прыйшлі на ўмоўленае месца адначасова, і падман раскрыўся. Ад роспачы сталі яны бярозамі — адна белай, а другая чорнай. Даведалася маці — прыйшла на бераг балота, доўга плакала, пакуль не стала каля іх вольхай. А хлопец ператварыўся ў ясень, што стаіць убаку ад трох пераплеценых галінамі дрэў — алешыны ды бяроз.

3-востраў-Кахання-768x512.jpg
Востраў кахання

З маста каля вёскі Шымкі адкрываецца цудоўны від на Шчару і «выспу Кахання». Назва тлумачыцца проста — абрысамі выспа нагадвае сэрца. Кажуць, што ў ранейшыя часы сюды з навакольных вёсак прыходзілі маладыя, каб замацаваць саюз моцным пацалункам. Разгледзець выспу лепш за ўсё атрымаецца зімой або ранняй вясной у паводку, пакуль левую пратоку не закрыла трава.

Адметнасць ландшафтнага заказніка — і поймавыя дубравы, якім па некалькі стагоддзяў. Іх можна ўбачыць каля стаянкі «Шасцілы» і побач з вёскай Стукалы ў пойме Нёмана. Па меры набліжэння да вусця Нёмана і Шчары лес мяняецца, становіцца ўсё больш узроставым. Сустракаюцца дрэвы-старажылы, якім да 450-500 гадоў, дыяметр асобных дрэў дасягае 3,6 м.

2-Шчара-1-768x576.jpg
Шчара

Існуе меркаванне, што назва вёскі Стукала паходзіць ад прозвішча Стукала. Альбо яшчэ кажуць, што некалі ў навакольных лясах першыя пасяленцы пілавалі хвоі і рабілі на продаж зрубы хат. Тады тут паўсюль разносіўся стук сякер і звон пілаў. Калі каму-небудзь быў патрэбны новы дом, то ён ішоў на стук.

Па шляху ракі Шчары знаходзіцца вёска Русакова, дзе месцяцца царква і Сястрыцтва ў гонар Святога Амброзія Опцінскага. У 2006 годзе будынак былой школы ў вёсцы быў рэканструяваны і ператвораны ў храм.Адначасова адбывалася і ўладкаванне манастыра. Першыя сёстры пасяліліся ў невялікай драўлянай хатцы, якая з часам была пераабсталявана і пашырана.У ёй размясціліся манаская трапезная, бібліятэка, гасцёўня, келлі для сясцёр.За гады існавання Сястрыцтва добраўпарадкавала яшчэ шэсць дамоў пад жылыя і гаспадарча-бытавыя памяшканні: келлі для сясцёр і паломнікаў, кухню, летняя і зімовая трапезныя, пральню, швейную майстэрню, памяшканні для працы з лекавымі зёлкамі.

5-768x512.jpg
Ліпічанская пушча

Сёстры збіраюць лекавыя травы ў наваколлі, а таксама самі вырошчваюць іх, робяць сушку і апрацоўку сыравіны. Па манастырскім рэцэпце рыхтуюць мазі і зборы з зёлак, якія выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб вен, суставаў, скураных захворванняў, а таксама антыалкагольныя і антытаксічныя настоі. Паслушніцы дапамагаюць кожнаму, хто сюды звяртаецца. Сёстры-насельніцы яшчэ і духоўная падтрымка для русакоўцаў.

З левага боку Шчары, на тэрыторыі Мастоўскага раёна, ёсць вёска з назвай Шчара. У пісьмовых крыніцах яна згадваецца ў ХV стагоддзі. У вёсцы існавала вельмі старая Троіцкая царква, якая згарэла ў 1942 годзе. У даўнія часы ў царкве знаходзіўся цудатворны абраз. У ХІХ стагоддзі рэдка хто з мясцовых жыхароў навакольных паветаў хоць раз у жыцці не прыходзіў пакланіцца яму. Шанавалі абраз і праваслаўныя, і католікі.

7-царква-Святога-Амброзія-Опцінскага-768x576.jpg
Царква Святога Амброзія опцінскага

Крыху далей ад царквы, у яры высокага берага Шчары знаходзіцца крыніца, якую найбольш ўшаноўваюць і па сёння — на другі дзень Троіцы. Да нашага часу ў гэты дзень вада лічыцца асабліва лекавай і, паводле павер’яў, дапамагае ў асноўным ад хвароб вачэй. Цяпер крыніца добраўпарадкаваная, ўстаноўлены крыж, пабудавана купель. Крыніца мае назву Святатроіцкая. Кажуць, што так яе назвалі ў гонар храма, спаленага немцамі ў гады Другой сусветнай вайны. Падчас знішчэння храма ворагі застрэлілі святара. Па легендзе, пасля трагедыі на гэтым месцы забруіла крыніца.

8-Святатроіцкая-крыніца.jpg
Святатроіцкая крыніца

Апроч гэтай легенды існуе шэраг іншых легенд пра з’яўленне крыніцы. Паводле адной з іх, запісаных этнографамі яшчэ ў ХІХ стагоддзі, некалі «пан Езус плыў на століку (лавачцы) па Нёману і Шчары. Людзі выйшлі і знялі Езуса, а столік паплыў далей...» Хутчэй за ўсё гэтая легенда згадвае скульптурку Хрыста, якая, паводле некаторых звестах, калісьці знаходзілася каля крынічкі.

Мясцовыя старажылы расказваюць і такую легенду: па рацэ ішла баржа. У нейкі момант яна села не мель, і ссунуць яе ўжо не было сіл. Людзі пайшлі ў бліжэйшую царкву, у якой быў цудатворны абраз, і здзейснілі малебен. І баржа лёгка ссунулася з месца. Было гэта на другі дзень Сёмухі. З тых часоў з зямлі пачала біць крыніца.

12-ведзьміна-затока-на-Шчры-768x576.jpg
Ведзьміна затока на Шчары

Вада ў крыніцы надзіва чыстая і халодная, не замярзае нават у самыя лютыя маразы. Вераць, што яна вылечвае самыя цяжкія хваробы. Народная сцежка да крыніцы не зарастае. На свята Вадохрышча тут асабліва шматлюдна.

Апроч таго, дзякуючы шматлікім затокам, рукавам і старыцам Шчары, тут можна сустрэць лася або аленя, якія выходзяць на вадапой, убачыць птушак і жывёл з ліку «чырвонакніжнікаў». А калі вам пашанцуе, то ў адной з заток вы можаце ўбачыць белую цаплю ці чорнага бусла. Блізка да сябе ён вядома ж не падпусціць, але нават на адлегласці можна будзе разгледзець яго ярка-чырвоную дзюбу на фоне чорных крылаў.

11-чорны-бусел-768x846.jpg
Чорны бусел

Словам, Ліпічанская пушча — унікальнае месца для актыўнага і пазнавальнага адпачынку на прыродзе.