Дзень мэдыка. Казка для дарослых ад Яны Вольскай

У аўтарскай рубрыцы «Казкі жыцця» Яна Вольская распавядае гісторыю пра педыятарку Антаніну Міхайлаўну, якая сорак гадоў лекавала малых пацыентаў і не ведала, якую небяспеку могуць уяўляць іх шчырыя дзіцячыя знакі ўдзячнасці.

Maliunak Liavona Voĺskaha
Малюнак Лявона Вольскага

Антаніна Міхайлаўна аддала мэдыцыне сорак гадоў, і амаль дваццаць зь іх — у адной паліклініцы свайго роднага Партызанскага раёну. Яе дзядуля быў вайсковым лекарам, начальнікам вайскова-мэдычнага кіраваньня Міністэрства абароны, бацька — таксама лекарам, кардыёхірургам, прафэсарам мэдычнага ўнівэрсытэту. Брат Антаніны Міхайлаўны, бліскучы анэстэзіёляг, выправіўся з місіяй у Экватарыяльную Гвінэю. Таму ў малой Антаніны з самага дзяцінства не паўставала пытаньня, якую прафэсію выбраць. З пяці гадоў яна праслухоўвала фанэндаскопам сваіх лялек, давала мікстуры плюшавым мішкам і зайцам, ставіла ўколы, вымярала тэмпэратуру і ціск, выпісвала рэцэпты і вітаміны.

Падарослеўшы, Антаніна зусім крыху павагалася — пэдыятрыя альбо акушэрства. А потым усё ж выбрала пэдыятрыю. Такі ўжо ў яе быў цёплы ўспамін пра сваіх першых лекарку ды мэдсястру, інтэлігентных, уважлівых дамаў у бялюткіх халатах, пра сваю першую паліклініку, дзе побач з шатняй былі дзіцячыя карусэлі і аўтамат з каўбойскім ружжом, зь якога трэба было цэліць у маленькі экран і трапляць у злодзеяў. А яшчэ пра аптэку, дзе Антаніне набывалі «Аскарбінку» і «Гематаген».

Ужо маладую лекарку Антаніну Міхайлаўну атачалі ўсё тыя ж, што і ў далёкім дзяцінстве, рэчы — фанэндаскоп, тэрмомэтар, блянкі для рэцэптаў, вітаміны ды мікстуры. Адно што замест лялек ды цацак цяпер яна мела справу з маленькімі пацыентамі. Зрэшты, яны часта прыносілі цацкі ды лялькі з сабой і даверліва называлі лекарцы імёны сваіх плюшавых сяброў, распавядалі пра іх характары і звычкі. А Антаніна Міхайлаўна ўважліва слухала і, калі аказвалася, што «гэты Мішка ўпарты і непаслухмяны», а «гэтая Лісічка Соня добрая і руплівая», дык лекарка хутка разумела характар гаспадара ці гаспадыні цацкі.

Паліклініка зьмянялася. Не, вядома, наборы чакалядных цукерак і гарбаты заставаліся падзякай ад бацькоў маленькіх пацыентаў, а ў дзьверы працягвалі ламіцца растрапаныя маці «Я толькі спытацца» і «Мне толькі забраць аналізы», ды за дзьвярыма раз-пораз уздымаўся вэрхал, зь якога даносіліся словы пра «зараз мая чарга», «у нас паўторны візыт», «нам лекар сказала зайсьці яшчэ раз». Але зьмяняўся сам паліклінічны лад. Лекараў закідвалі папяровай працай — вядзеньне картак пацыентаў, выпіскі, эпікрызы, заключэньні. Гэтай працы ўсё прыбывала і прыбывала настолькі, што яна разьдзімалася ажно да паловы візыту. І пакуль пацыенты ўздыхалі, седзячы на крэсьле каля лекарскага стала, лекары ўтрапёна друкавалі дадзеныя, сымптомы, прызначэньні, скіраваньні. Антаніна Міхайлаўна разам з мэдсястрой адбіваліся ад паперакратыі, але часам і яны знаходзілі сябе сярод стосаў паперак, тэрмінова патрэбных кіраўніцтву паліклінікі.

Далей пачалі адбывацца і зусім дзіўныя рэчы. Напрыклад, паступіў загад пры выяўленьні каранавірусу, які абрынуўся на ўвесь сьвет цэлай пандэміяй, не згадваць яго ў дыягназе. Чаму? Бо гэта б псавала агульную статыстыку. Антаніна Міхайлаўна не магла з гэтым пагадзіцца. Яе пачалі цягаць на дыванок у кабінэт начмэда. Спачатку культурна, абцякальнымі фразамі з павагай да стажу і бліскучай сям’і, а потым усё больш бесцырымонна адчытвалі за ўчастак, на якім занадта кепская статыстыка.

А потым бесцырымоннасьць стала новай нормай. Зьніклі культурныя звароты, а разам зь імі і павага. Калегі ўсё часьцей шапталіся паміж сабой, абменьваліся таямнічымі позіркамі і знакамі. А потым выходзілі на маршы, бо ў краіне адбывалася рэвалюцыя. Гэта быў трывожны, неспакойны час. Антаніна Міхайлаўна хадзіла па хатніх візытах, спраўджвала стан здароўя сваіх пацыентаў — гэта была частка ейнай працы. А на вуліцах сыгналілі машыны, рушылі натоўпы, сярод якіх часам зьяўляліся чорныя постаці і разганялі ўсіх, хапаючы людзей налева і направа. Людзі беглі, і Антаніна Міхайлаўна бегла разам з усімі, нягледзячы на свой ужо даволі пачцівы ўзрост.

А яшчэ празь некаторы час з паліклінікі пачалі зьнікаць лекары. Вось, аказалася, дзіцячы эндакрыноляг зьехаў разам з сям’ёй за мяжу, а вось з артапэдычнага аддзяленьня звольніліся адразу тры лекары. Фізыятэрапэўт зьнік на некалькі месяцаў, а калі вярнуўся, дык не захацеў нічога распавядаць і стаў маўклівы ды панылы. І калі раней усе мэдсёстры ды лекары перадпэнсійнага ўзросту бялелі пры размовах пра звальненьні ды маладых спэцыялістаў, дык цяпер іх проста разьдзіралі натоўпы пацыентаў. У паліклініцы ўсё часьцей было чуваць пра «дэфіцыт кадраў».

А потым да Антаніны Міхайлаўны прыйшоў наведнік. Нізкаваты, каржакаваты. Вочы ў яго бегалі, але рухі і голас былі ўпэўненыя. Наведнік прывёў свайго сына на прафіляктычны агляд ад школы. А пасьля агляду кіўнуў у бок дзіцячых малюнкаў, якія віселі на сьцяне ў кабінэце Антаніны Міхайлаўны. Яна зь любоўю захоўвала малюнкі, якія дарылі ёй дзеці, а для асабліва ўдалых знаходзіла рамкі і развешвала побач са сваімі шматлікімі ўзнагародамі, дыплёмамі аб падвышэньні кваліфікацыі ды падзякамі.

— Падтрымліваеце? — нядобразычліва пацікавіўся наведнік, паказваючы позіркам на малюнак з бел-чырвона-белым морам сьцягоў, які зусім нядаўна падарыла пяцігадовая Стэфа.

Антаніна Міхайлаўна не адказала.

А яшчэ праз тыдзень той самы наведнік прыйшоў у форме і зьняў малюнак са сьцяны.

— Што, так спадабаўся? — запытала Антаніна Міхайлаўна.

— Каб не «дэфіцыт кадраў», вы б жартавалі ў іншым мейсцы, — адказаў ён і выйшаў з кабінэту. 

А на выхадзе цэлы натоўп бацькоў непрыстойна яго аблаяў за тое, што ўлез без чаргі.

Яна Вольская, Budzma.org

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць