Польскі калекцыянер знайшоў у Беластоку ўнікальныя абгорткі для цукерак, надрукаваныя ў Гродне больш за сто гадоў таму

Матэуш Рыдзеўскі — калекцыянер з Беластока. У старым доме ён знайшоў мноства абгортак для цукерак, надрукаваных на гродзенскай фабрыцы братоў Лапіных. Знаходцы больш за сто гадоў, і для Матэуша яна стала сапраўдным скарбам. Цяпер мужчына марыць пабываць у Гродне і перадаць частку калекцыі ў мясцовы музей, піша MOST.


Mateuš Rydzieŭski
Матэуш Рыдзеўскі дэманструе сваю калекцыю. Фота: MOST

Абгорткі былі знойдзены ў 2023 годзе ў столі старога дома, які ішоў пад знос. Мужчыну прыйшлося тры разы вяртацца ў «заброшку», каб забраць усё.

— Як яны там апынуліся, я не ведаю. Можа быць, выкарыстоўваліся для ўцяплення. Думаю, што ў доме жыў габрэй, бо я знайшоў і рэчы, звязаныя з юдаізмам. Іх перадаў у музей, а абгорткі пакінуў сабе, — расказвае Матэуш.

Абгортак аказалася так шмат, што Матэуш здолеў адабраць каля трохсот розных экзэмпляраў, многія з якіх добра захаваліся, хаця былі надрукаваны яшчэ да рэвалюцыі.

— Я даўно займаюся пошукамі даўніны і калекцыянаваннем, але гэтая знаходка аказалася для мяне сапраўдным скарбам. Калі я знайшоў гэтыя абгорткі, адразу звярнуў увагу на рускую мову. Калісьці я здаваў іспыт па рускай, так што здолеў прачытаць, што гэта абгорткі для цукерак, якім больш за 100 гадоў. Яшчэ пры цары яны былі надрукаваны, і самае цікавае, што ў суседнім Гродне.

Mateuš Rydzieŭski
Матэуш Рыдзеўскі дэманструе сваю калекцыю. Фота: MOST

«Гэтыя паперкі — сапраўднае мастацтва»

Фабрыка Лапіных у Гродне была вядома якаснымі абгорткамі, якія выпускаліся для прадукцыі Расійскай імперыі, а ў міжваенныя гады — для Польшчы. Сярод яе заказчыкаў былі бровары, тытунёвыя прадпрыемствы. Таксама фабрыка выпускала і ігральныя карты.

— Пра фабрыку Лапіных я ніколі не чуў, — прызнаецца Матэуш. — Але, збіраючы знаходкі, зразумеў, што да вайны гродзенская фабрыка працавала на многія прадпрыемствы. На абгортках можна знайсці назвы з Варшавы, Любліна, Масквы і Санкт-Пецярбурга. Цікава, што вытворцы падпісвалі прадукцыю сваім імем. І ў некаторых цукерак былі незвычайныя назвы.

Kaliekcyja abhortak Mateuša Rydzieŭskaha
Калекцыя абгортак Матэуша Рыдзеўскага. Фота: MOST

Kaliekcyja abhortak Mateuša Rydzieŭskaha
Калекцыя абгортак Матэуша Рыдзеўскага. Фота: MOST

Тут ёсць, напрыклад, абгорткі для карамелі «Какаду», «Зачараванне», «Плач і смех». А ёсць і звыклыя нам назовы, напрыклад «Ракавыя шыйкі».

Калекцыянер асабліва захапляецца дызайнам старых абгортак.

— Гэтыя паперкі — сапраўднае мастацтва. У дарэвалюцыйны час зрабіць такія яркія абгорткі было складана. Гэта не тое што цяпер — пара клікаў на кампутары, і гатова. Тады трэба было сур’ёзна замарочыцца. Спадзяюся, што такія абгорткі вельмі прыцягвалі дзяцей. Гэтыя паперкі можна разглядаць з вялікай цікавасцю.

40 злотых за абгортку

Як абгорткі апынуліся ў Беластоку, можна толькі здагадвацца. Матэуш не выключае, што ў доме каля ста гадоў таму маглі прадаваць цукеркі ці займацца кантрабандай прадукцыі. А магчыма, калі ў 1921 годзе Гродна ўвайшоў у склад Польшчы, абгорткі на рускай мове аказаліся не патрэбныя.

— Сёння такія абгорткі — гэта нішавая тэма. Я ведаю толькі аднаго чалавека ў Польшчы, які збірае такі матэрыял. Я яго называю «кароль абгортак», ён у свой час купіў вялікую колькасць абгортак на таргах. Калі я яму расказаў пра сваю знаходку, ён быў вельмі здзіўлены. Мы сустрэліся, і я дапамог яму папоўніць калекцыю абгортак. Гэтыя паперкі не вельмі дарагія. Напрыклад, самая дарагая можа каштаваць 40 злотых. Але іх каштоўнасць у іншым, асабліва для тых, хто займаецца гэтай тэмай.

Kaliekcyja abhortak Mateuša Rydzieŭskaha
Калекцыя абгортак Матэуша Рыдзеўскага. Фота: MOST

Kaliekcyja abhortak Mateuša Rydzieŭskaha
Калекцыя абгортак Матэуша Рыдзеўскага. Фота: MOST

Сам Матэуш з дзяцінства збірае старадаўнія бутэлькі з-пад алкаголю. У яго калекцыі больш за сотню экзэмпляраў. Гэтае хобі яму перадалося ад бацькоў. Калекцыю бутэлек Матэуша можна ўбачыць у Музеі яўрэяў Беластока.

Падарунак для Гродна

Частку знойдзеных абгортак Матэуш перадаў у музеі Любліна і Варшавы. Марыць мужчына пабываць і ў Гродне, каб перадаць частку знаходак у мясцовы музей.

— Я даўно хацеў пабываць у Гродне. Вельмі вабіць мяне гэты горад, там ёсць што паглядзець. Калі б я паехаў у Беларусь, то прывёз бы гарадскому музею падарунак — вялікую колькасць абгортак, якія друкавалі ў Гродне больш за сто гадоў таму. Я чуў пра карты Лапіна, якія знайшлі і аднавілі. Іх выпускалі на гэтым прадпрыемстве. Можа, калі-небудзь нешта падобнае адбудзецца і з цукеркамі, і мае знаходкі таксама спатрэбяцца.