Унікальныя мазаікі ў Светлагорску пад пагрозай знішчэння

У Светлагорску працягваюць разбурацца ўнікальныя савецкія мазаікі, што ўпрыгожваюць прыбудовы да жылых дамоў на вуліцы Луначарскага. Рэстаўрацыя або ахова гэтых твораў манументальнага мастацтва дагэтуль не праводзіцца, піша «Штодзень».

Mazaika
Фота: Belarusian Soviet Monumental ART

Пра праблему грамадскасць узнімала яшчэ год таму — неабыякавыя грамадзяне звярталіся да мясцовых уладаў з заклікам уратаваць мазаікі. Аднак, як сведчыць сітуацыя, заклікі засталіся без адказу.

Mazaika
Фота: Belarusian Soviet Monumental ART

Мазаікі знаходзяцца на вуліцы Луначарская. Дамы на гэтай вуліцы, якія адносяцца да мікрараёну Маладзёжны, пабудавалі ўжо пасля 1972 года, калі ў горадзе з’явіўся першы дзевяціпавярховік. Творы манументальнага мастацтва таго перыяду маюць мастацкую вартасць, аднак не азначаныя афіцыйным ахоўным статусам і таму не абароненыя законам.

Сёння мазаіка паступова разбураецца: фрагменты адпадаюць, колеры цямнеюць, а сцены — абсыпаюцца.