28 красавіка спявачка Таццяна Грыневіч і паэт Міхась Скобла выступілі ў Астраўцы і Германавічах на Шаркаўшчыне. Першая сустрэча прайшла ў Астравецкай раённай бібліятэцы, другая – у Германавіцкім культурна-асветніцкім цэнтры імя Язэпа Драздовіча, які стварыла грамадская актывістка Ада Райчонак. Падчас абедзвюх імпрэзаў прэзентавалася кніга Зоські Верас “Я помню ўсё: успаміны і лісты”, якая нядаўна выйшла ў серыі “Гарадзенская бібліятэка”.
Укладальнік кнігі Міхась Скобла назваў Зоську Верас (1892–1991) выдатнай пісьменніцай, мемуарысткай, публіцысткай, лексікографам, перакладчыцай, асветніцай, грамадскай працаўніцай, рэдактаркай адразу трох беларускіх часопісаў.
– Яна сапраўды помніла ўсё – і прыезд у Мінск Максіма Багдановіча ў 1916-м, і Першы Усебеларускі з’езд у 1917-м, і дзейнасць беларускай грамады ў Варшаве ў 20-я, і перадваенную Вільню 30-х. Але галоўнае, што паспела пра ўсё гэта расказаць нам. Дасведчаныя людзі кажуць, што самы смачны і самы карысны мёд пчолы збіраюць на верасах. Зробленае Зоськай Верас – своеасаблівы Верасовы ўзятак дзеля паспалітага духоўнага спажытку, – падкрэсліў Міхась Скобла.
У цудоўным выкананні Таццяны Грыневіч прагучалі песні на вершы тых паэтаў, з кім Зоська Верас была знаёмая асабіста. А гэта і Янка Купала, і Максім Багдановіч, і Уладзімір Караткевіч, і Зянон Пазняк, і Сяргей Новік-Пяюн. З асаблівым натхненнем была праспяваная пазнякоўская “Авэ Марыя” (музыка Ігара Лучанка). Некаторыя песні былі выкананыя дуэтам – Таццяне дапамагаў яе сын Адась Матафонаў.
У Германавічах удзел у прэзентацыі ўзяў таксама мясцовы краязнавец Клімент Кожан, які сябраваў з Зоськай Верас і працяглы час ліставаўся з ёю.
– Калі ў мяне пытаюць, які ўніверсітэт я закончыў, я кажу: я іх закончыў два: Менскі педагагічны і Віленскі беларускі Зоські Верас. А дзякуючы кнізе “Я помню ўсё”, шмат хто мае магчымасць закончыць апошні ўніверсітэт завочна, – пажартаваў спадар Кожан.
Арганізатары і ўдзельнікі імпрэзаў, а таксама школьнікі, якія на іх прысутнічалі, атрымалі памятныя сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Астравец, Германавічы