“Унутраны рух” Захара Кудзіна

28.07.2009 Культура

kudzin_avtoportret

Прэзентацыя выстаўкі «Унутраны рух» маладога беларускага мастака Захара Кудзіна адбудзецца 28 ліпеня 2009 года а 17-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а).

Захар нарадзіўся ў 1986 годзе, скончыў Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча імя А.К.Глебава. Свае работы пачаў выстаўляць з 2005 года. Прымаў удзел у пленэрах і калектыўных выстаўках, прысвечаных Сальвадору Далі, Язэпу Драздовічу, Уладзіміру Караткевічу.
На выстаўцы прадстаўлены работы, створаныя за апошнія два гады. Гэта другая асабістая выстаўка маладога таленавітага мастака, які працуе ў стылі абстрактнага экспрэсіянізма. Гэты стыль узнік у 1940-х гадах у ЗША пад уплывам сюррэалізму і з’яўляецца разнавіднасцю абстрактнага мастацтва. Ён уяўляе сабою школу (рух) мастакоў, якія малююць хутка і на вялікіх палотнах, з выкарыстаннем негеаметрычных штрыхоў, вялікіх пэндзляў. Такім чынам творцы раскрываюць таямніцы свайго ўнутранага свету, пераўтвараючы іх у незвычайныя творы.

Малады і таленавіты беларускі мастак Захар Кудзін выбраў абстрактны экспрэсіянізм для найбольш поўнага выяўлення сваіх эмоцый і пачуццяў.

Адчуйце ўнутраны рух!

Выстаўка працуе да 20 жніўня, панядзелак − субота, з 10.00 да 17.00, выхадны − нядзеля. Даведкі: 334-07-61, 334-42-69

На фота: “Аўтапартрэт”. Захар Кудзін

Тэгі: