Лявон Вольскі ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.org піша пра вынікі нядаўнега марафону салідарнасці, які паказаў, што «беларусы — трывалыя, разумныя, сьмелыя й рашучыя. І шчодрыя». Жыццесцвярджальны тэкст ад Лявона Вольскага. Пачытайце, асабліва, калі вы ўжо згубілі ці губляеце веру ў людзей і надзею на лепшую будучыню.

А я казаў! Мне пярэчылі, мяне перарывалі глухія разьнявераныя галасы: «Не, усё скончылася, пратэсты затухлі, народ разышоўся па сваіх ячэйках грамадзтва, цяпер усё будзе як да 20-га, толькі значна горай, бо рэпрэсіі. Мы канчаткова прайгралі».
Мяне пераконвалі: «Усе гэтыя расейскія стаўленікі прывялі б нас да поўнае катастрофы!». А што, цяпер — ня поўная? «Цяпер — не. Каб кіраваў які Бабарыка, нашыя хлопцы ўжо ляжалі б у акопах пад Бахмутам».
Крычэлі: «Толькі дурань ня бачыць шматхадовачку, разыграную Масквой — паўстаньне ў Беларусі было патрэбнае, каб потым разьвязаць вайну ва Ўкраіне! Гэта ўсё рука Масквы. А народ — дурны, павёўся на гэтыя расейскія прынады, паверыў новым псэўдалідэрам».
Ну, і вось усе крычэлі й раўлі. І ўсё ў іх было кепска, і ўсе ў іх былі кепскія, апроч іх і тых нешматлікіх, каму яны (яшчэ) верылі, і складалася ўражаньне, што, сапраўды, калі няма элемэнтарнага адзінства, дык пра якую перамогу тут можа весьціся?
А я ўсё адно казаў: калі ўжо народ расплюшчыў вочы, дык як ён здолее ня бачыць таго, што навідавоку? Бо цяпер народ вымушана маўчыць, але ўсё бачыць і разумее. Цяпер ён чуе, што ў прамовах дзяржаўных лідэраў — ані слова праўды, што за нябачанай дагэтуль дзікай, нечалавечай жорсткасьцю рэпрэсіяў хаваецца вусьцішны жывёльны страх. Боязь страціць усё.
Усё — і набыткі, і маёмасьць, і пасады, і вагу ў грамадзтве, і грошы, і жыцьцё. Бо для гэтых дзяржаўных, даруйце мне, лідэраў, жыцьці іншых людзей — гэта сьмецьце. І калі гэтае сьмецьце перашкаджае імкліваму ўзыходжаньню па службовай лесьвіцы, яго трэба прыбраць. Так яны думаюць. І хай бы сабе думалі сваім вычварным розумам, бяда ў тым, што яны лічаць, што так думаюць усе. Што, сапраўды, калі пераможа апазыцыя, іх будуць вешаць на слупах і рэзаць на кавалкі. Бо яны самі да гэтага здольныя (што й прадэманстравалі і пастаянна дэманструюць), і думаюць, што ўсе людзі такія.
А людзі не такія.
Беларусы — трывалыя, разумныя, сьмелыя й рашучыя. І шчодрыя.
І гэта паказаў нядаўні марафон «Нам ня ўсё адно». Для палітвязьняў сабраная велізарная сума, ледзьве не ўдвая большая за грошы, сабраныя на аналягічнай акцыі ў Расеі. Хаця там, у Расеі, здаецца, яшчэ ня судзяць і не саджаюць на гады за данаты. Дый наагул, параўнайце: колькі нас, а колькі расейцаў?
А я казаў! І працягваю казаць.
Тое, што народ замаскаваўся, зашыфраваўся, схаваўся — зусім ня значыць, што ён скарыўся. І кожная сям’я мае свой бел-чырвона-белы сьцяг, прыкапаны пад каменем у садочку. І ўсе чакаюць.
Чакаюць моманту, запаветных словаў, поклічу, сыгналу. Каб выйсьці шчыльнымі радамі і зьмесьці з нашай зямлі гэтую навалач. А тады ўжо можна пачынаць сварыцца і спрачацца — хто мае рацыю, а хто — не.
Я заўсёды веру ў лепшае. Веру ў людзей. І такія акцыі, як нядаўні марафон, толькі ўмацоўваюць гэта і паказваюць, што ўсё далёка ня страчана. Што разам мы — магутная сіла. Гэта трэба разумець і ў гэта трэба верыць.
І ўсё зьдзейсьніцца!
Лявон Вольскі, budzma.org