Для віцебскіх ратуша — улюбёны сімвал іх роднага горада. Дамінанта ў гістарычным цэнтры, ля якой прызначаюць сустрэчы, граюць вулічныя музыкі, фатаграфуюцца турысты, штодзень тысячы мінакоў падымаюць позірк, каб паглядзець, колькі зараз.
Як пазнака таго, што тут дзейнічаюць сапраўдныя еўрапейскія законы, ратушы будавалі ва ўсіх беларускіх гарадах, якія атрымоўвалі Магдэбургскае (ці Майдэборскае) права. Калісьці віцебская ратуша была самай усходняй ва ўсёй Еўропе. Далей за межамі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай гарады не маглі спадзявацца на якую-кольвек незалежнасць.
У межах Беларусі віцебскі будынак захаваўся найлепей, але не ёсць адзіным. Адрэстаўраваныя альбо адбудаваныя з падмурка ратушы прысутнічаюць яшчэ ў шасці беларускіх гарадах. Прычым не ўсе яны маюць такую неад’емную для нас канструкцыю, як вежа з гадзіннікам, іншыя, наадварот, захавалі гандлёвыя рады. Удзельнікі Курса падвышэння медыя-кваліфікацыі падсумавалі ўсё багацце і разнастайнасць беларускіх ратушаў у слайдах сваёй «маладой» інфаграфікі.