Фонд «Tutaka» ладзіць IV Міжнародны Дэкламатарскі конкурс для дзяцей, моладзі і дарослых. Каб прыняць удзел у конкурсе неабходна запісаць відэа сваёй дэкламацыі верша або ўрыўка прозы па-беларуску і даслаць на пошту konkurs@tutaka.org. Дэдлайн для падачы заяўкі падоўжаны да 4 лютага.
«Па шматлікіх просьбах бацькоў і настаўнікаў мы пераносім дэдлайн па заяўках на Дэкламатарскі конкурс да Дня роднай мовы.
Мы ведаем, натхненне — штука капрызная, часам яно прыходзіць у самы апошні момант. Таму дамо і вам, і сабе яшчэ некалькі дзён, каб прыгатавацца як след. І ніякія адгаворкі, маўляў, не хапіла часу, больш не прымаюцца!», — напісалі ў сацсетках арганізатары конкурса.
Дэдлайн падачы заяўкі падоўжаны да 4 лютага 2025 года.
Фінал адбудзецца 21 лютага 2025 17:00 у Беластоцкім тэатры лялек (Беласток, вул. Каліноўскага 1)
Гэта не толькі ваш шанец паказаць свае дэкламатарскія таленты, але і магчымасць выказаць сваю любоў да беларускай мовы ў яе розных формах!
Чытайце вершы так, як гэта робіце ў жыцці — на сваёй мясцовай гаворцы!
— Мы хочам, каб вы адчулі сябе свабодна і зручна, таму заахвочваем дэкламаваць на мясцовым дыялекце ці гаворцы, якая вам найбліжэй. Вашу адметную манеру выканання мы з радасцю ацэнім, — адзначаюць арганізатары.
Дэкламатарскі Конкурс да Дня Роднай Мовы – гэта конкурс аматараў беларускай літаратуры, якія любяць дэкламаваць і хочуць пазмагацца за перамогу ў лепшым выкананні верша ці празаічнай часткі твора. Галоўная мэта конкурсу – абудзіць цікавасць беларусаў ва ўсім свеце да беларускай культуры, гісторыі, літаратуры ды паказаць запатрабаванасць у адчуванні сябе беларусамі і далучэнні да беларускамоўнага асяроддзя.
1. Выберыце свой любімы верш або частку твора.
2. Здыміце відэа чытання, нават на мясцовай гаворцы, і дасылайце яго разам з анкетай праз гэтую форму.
3. Будзьце гатовы да фіналу 21 лютага 2025 года ў Тэатры лялек (Беласток) або анлайн!
Удзельнікаў, якія выйдуць у фінал конкурса, журы прадставіць да 10 лютага.
Уся інфармацыя пра конкурс і рэгламент па спасылцы.
Не прапусціце шанец паказаць, як вы любіце беларускую мову і літаратуру!
Усе пытанні можна даслаць на konkurs@tutaka.org, праз профіль у Facebook фундацыі.
Нагадаем, удзельнічаць у Дэкламатарскім конкурсе могуць выключна непрафесійныя дэкламатары. Дасылаючы відэа, удзельнік дае згоду на публікацыю гэтага роліка ў сацсетках арганізатара. (Увага! Калі вы хочаце ўдзельнічаць з тэрыторыі Беларусі, памятайце, профіль Tutaki у Instagram прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім).