• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
15.12.2016 | Грамадства

Уводзіны ў гісторыю жаночай дурасці

Упершыню пра вобраз жанчыны ў беларускай — і не толькі — літаратуры я задумалася, чытаючы “Сінюю кнігу беларускага алкаголіка” Антона Кулона. Кніга з такой назвай несумненна мусіць быць вельмі мужчынскай, і ад яе наўрад ці варта чакаць рэалістычных жаночых вобразаў і здаровых думак пра жанчын. Аднак адзін фрагмент перасягнуў усе мае самыя змрочныя чаканні. Гэта быў фрагмент з раздзела пра Міхася Стральцова.

“Куріные мозгі”, — любіў паўтараць Міхась, калі гаворка заходзіла пра жаночы пол <…> Але што да яго меркавання аб роўні інтэлекту жанчын, то… запраўды, а раптам да Стральцова варта прыслухацца?”

Тут ужо нават не мае значэння, ці сапраўды Міхась Стральцоў гаварыў так пра жанчын. Хаця насамрэч мае, бо, калі і праўда гаварыў, паўстае пытанне, як нам, жанчынам, чытаць у сённяшнім свеце кнігі Міхася Стральцова і, у больш шырокім сэнсе, што прыватна мне, жанчыне з вышэйшай філалагічнай адукацыяй, можа прапанаваць класічная і сучасная беларуская (а часам і не толькі беларуская) літаратура? Такое пытанне я задаю сабе, чытаючы многія кнігі, напрыклад, польскі раман 1942 года, пераклад якога неўзабаве з’явіцца ў беларускіх кнігарнях. Адна з гераінь гэтага рамана, размаўляючы з салдатам, кажа, што таксама хацела б ісці на вайну і біцца за радзіму, і атрымлівае такі адказ: “Але такая маладзенькая мілая дзяўчынка, анёлак, створаная для пацалункаў, а не для нейкіх бітваў”, — то бок не для важных і разумных спраў.

Да “Сіняй кнігі беларускага алкаголіка” можна паставіцца несур’ёзна. Нашмат цяжэй адмахнуцца ад “будучых валютных прастытутак” Віктара Казька, лаўрэата прэміі Гедройца 2015 года, ці “сучачак” Віктара Марціновіча, аўтара шэрагу папулярных і добра прадаваных раманаў. Літаратура, якую мы чытаем, часта дагэтуль транслюе стэрэатыпы пра мужчын і жанчын, наглядна паказваючы, што робіцца ў галовах беларускіх пісьменнікаў і ў беларускім грамадстве.

Літаратурны вобраз “дурной жанчыны” мае глыбокія карані — магчыма, менавіта таму пісьменнікам-мужчынам так цяжка яго пазбавіцца, нягледзячы на тое, што на дварэ XXI стагоддзе. Тлумачэнне, адкуль гэты вобраз узяўся, можна знайсці ў розных кнігах па сацыялогіі, антрапалогіі, гісторыі і культуралогіі. У сваім эсэ “Абмен жанчынамі: нататкі пра палітэканомію полу” даследчыца-антраполаг Гейл Рубін (Gayle Rubin) разглядае першабытны шлюб як здзелку, у якой двое мужчын з розных родаў — жаніх і сваяк нявесты (напрыклад, яе бацька альбо брат) — усталёўваюць паміж сабой сувязь. Жанчына ў дадзеным выпадку аказваецца не раўнапраўнай удзельніцай, а чымсьці накшталт падарунка, якім абменьваюцца мужчыны (і тут можна ўспомніць традыцыю, паводле якой нявесту да алтара вядзе яе бацька, такім чынам сімвалічна перадаючы яе мужу). Яна “створаная для пацалункаў, а не для нейкіх бітваў”. У эсэ Г. Рубін падае цікавую цытату з даследавання Мэрылін Стратэрн (Marilyn Strathern), прысвечанага жанчынам Новай Гвінеі:

“Якая жанчына, — разважае мужчына з племені Паўночная Мельпа, — будзе дастаткова моцнай, каб устаць і сказаць: “Давайце зробім моку, давайце знойдзем жонак і свіней, давайце аддадзім сваіх дочак мужчынам, давайце пачнём вайну, давайце заб’ём ворагаў”? Такіх напраўду няма!.. Няўжо вы не бачыце, што яны — маленькія дурныя стварэнні, якія проста сядзяць дома?”

З гэтай цытаты бачна, што жанчыны ў архаічным грамадстве не проста не маюць магчымасці займацца справамі, якія лічацца важнымі для племені (зрэшты, як і жанчыны з кнігі 1942 года), — мужчына характарызуе іх як дурных істот. І, як пішуць у каментарах да эсэ Алена Гапава і Альміра Усманава, укладальніцы кнігі “Анталогія гендарнай тэорыі”, “кожны, хто задумае змяніць стан рэчаў, мусіць разумець, што гаворка ідзе пра глабальную культурную дэканструкцыю. Пагодзімся на тым, што мы не ведаем, ці магла культура пачацца па-іншаму і якой яна б была; Гейл Рубін мяркуе, што культура “вынаходлівая”.

Свой унёсак ў развіццё вобраза “дурной бабы” робіць вусная народная творчасць. Так, у “Малым руска-беларускім слоўніку прыказак, прымавак і фразем” (1991) Зм. Санька можна знайсці беларускі адпаведнік рускай прымаўкі “Курица не птица, баба не человек” — “Грошы не мякіна, баба не мужчына”. Гучыць ён не так радыкальна, як рускі варыянт, аднак усё адно намякае, што з жанчынай нешта не так і яна чымсьці адрозніваецца ад таго, хто ўзяты народам за пункт адліку, — ад мужчыны. А паколькі яна не мужчына, то “там і Бог раюе, дзе жонка мужыка шануе”, прычым які гэты мужык, у кантэксце народнай мудрасці не мае значэння: “няхай мужык як шкарпэтка, абы жонка як кветка”, “які ні пенцялей, але сэрцу весялей”. Этнограф Г. Дулеба, аналізуючы зафіксаваныя на Жыткаўшчыне прыказкі і прымаўкі, згадвае яшчэ адзін варыянт, блізкі да “курицы не птицы”, — “вядома, баба, а не чалавек”.

У “Прыказках Лагойшчыны”, зборніку, які ў 1966 г. уклаў А. Варлыга, паказваецца яшчэ больш суровая праўда народнага жыцця. Вось, напрыклад, агульнавядомая ісціна: “дзе чорт не зможа, там бабу пашле”: тут і блізкасць жанчыны да нячыстай сілы, вядомая яшчэ з біблейскай гісторыі пра Еву і яблык, і яе здольнасць звесці “чалавека” з добрага шляху. Быць жанчынай ці падобным да жанчыны — ганьба: “хто бабы слухая, той сам баба”. Юрый Станкевіч па-свойму пераасэнсоўвае гэтую “мудрасць” у апавяданні “Тэрыторыя шчасця”:

— Дык што — тут няма законаў? — спытаў юнак. — Якія тут законы, на Тэрыторыі Шчасця?

— Звычайныя. Як і паўсюль. Асноўных тры: не прагульвай лішняга (гэта значыць, больш таго, што маеш), не “стучы” і не паводзь сябе як жанчына — у сэнсе педэрастыі.

Зрэшты, паліткарэктнасць — не самы моцны бок народнай творчасці. Напрыклад, габрэям у прыказках і прымаўках дастаецца не менш за жанчын: “напалі, як жыды на Гамана” (гэта калі натоўп нападае на безабароннага чалавека) ці “лепі сібраваць з жыдам галапятым, як з панам багатым” (высудзіць у пана доўг яшчэ цяжэй, чым у габрэя) — гэта ўсё прыклады з “Прыказак Лагойшчыны”. А вось яшчэ адно выслоўе, у якім згадваюцца ўсе ворагі добрага чалавека: “пану верна ні служы, жонцы праўды ні кажы, з жыдам шчыра ні дружы й здольнікаў не бяры” (здольнікі — гэта людзі, якіх бяруць на працу ў гаспадарку). Ва ўсіх гэтых прыкладах вымалёўваецца вобраз беларускага “белага мужчыны сярэдняга класа” — менавіта яго звычайна падразумяваюць пад словам “чалавек” і менавіта ён мысліцца рухальнай сілай гісторыі.

Амерыканская даследчыца Кэралін Дыншаў (Carolyn Dinshaw) адзначае, што першым на неапраўданае ганьбаванне жанчын у літаратуры звярнуў увагу ангельскі паэт Джэфры Чосэр, які жыў у XIV ст. У “Кентэрберыйскіх апавяданнях” расказваецца гісторыя пра мяшчанку з Бата, адзін з мужоў якой любіў чытаць кнігу, дзе апісваліся жудасныя ўчынкі розных жанчын — і міфалагічных гераінь, і персанажаў з Бібліі, і гістарычных асоб. Пералік нягодных жаночых інтрыг і хітрыкаў, пра якія апавядала кніга, займае ў “Кентэрберыйскіх апавяданнях” нямала радкоў. Стомленая і “атручаная” (як піша Чосэр) гэтым бясконцым спісам злачынстваў, які муж з асалодай чытаў ёй ці не цэлую ноч, жанчына абураецца і выдзірае з кнігі тры старонкі, за што, ясная рэч, атрымлівае па галаве.

З XIV ст. да нашых дзён літаратура, культура і грамадства прайшлі доўгі шлях. З таго часу жанчыны неаднаразова падымалі голас у сваю абарону, даводзячы, наколькі заганныя стэрэатыпы пра тое, які з полаў разумнейшы, рабілі навуковыя адкрыцці, атрымлівалі літаратурныя прэміі, падарожнічалі па кантынентах, акіянах і адпраўляліся ў космас. І ўсё ж пытанне пра культурную дэканструкцыю, пра якую вядзецца ў каментарах да эсэ Г. Рубін “Абмен жанчынамі”, дагэтуль застаецца адкрытым. Вельмі цяжка адмовіцца ад перадузятага погляду, які пануе ў галовах столькі гадоў. Але ж варта зірнуць навокал, каб зразумець, што народная мудрасць не заўсёды мудрая, а забабонныя вобразы ў сучасным свеце, дзе гучаць розныя — у тым ліку жаночыя — галасы, мусяць успрымацца не інакш як анахранізм.

 

Ганна Янкута

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

На якой мове мусіць размаўляць лагапед з беларускамоўнымі дзецьмі? Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лагапеда

Іна Кулей — лагапед, якая працуе з беларускамоўнымі дзецьмі. Нядаўна яна адкрыла свой лагапедычны кабінет у Варшаве....

valiancina_shauchenka
Грамадства

Шчасце і бяда археолага. Пра самаабмежаванне ў імя навукі

Нядаўняе адкрыццё трэцяй вежы Крэўскага замка прымусіла паразважаць: колькі таямніц яшчэ хавае наша зямля? Раскрыць іх дапаможа...

valiancina_shauchenka
Грамадства Музыка

«Radyjo Niamiha». Гурт Syndrom Samazvanca анансаваў выхад альбома кавераў на песні беларускай рок-сцэны 1990-х

Новы альбом «Radyjo Niamiha» ад беларускага гурта Syndrom Samazvanca з’явіцца ў сеціве 6 кастрычніка, але ўжо цяпер на Bandcamp...

valiancina_shauchenka
Культура Літаратура

«Будуць беларусы — будзе беларуская кніга». У Батумі стартаваў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova-2023

Беларусам Батумі сёлета пашчасціла першымі прымаць у сябе фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Якая будучыня чакае...

Апошнія навіны

    Грамадства
    На якой мове мусіць размаўляць лагапед з беларускамоўнымі дзецьмі? Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лагапеда
    Грамадства
    Шчасце і бяда археолага. Пра самаабмежаванне ў імя навукі
    Грамадства Музыка
    «Radyjo Niamiha». Гурт Syndrom Samazvanca анансаваў выхад альбома кавераў на песні беларускай рок-сцэны 1990-х
    Культура Літаратура
    «Будуць беларусы — будзе беларуская кніга». У Батумі стартаваў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova-2023
    Вандруем разам
    7 архітэктурных цудаў Мсціслава
    Музыка
    Змрочна, таямніча і якасна: свежыя трэкі беларускіх музыкаў на паразважаць і пасумаваць
    Літаратура
    Уладзіслаў Сыракомля: вялікі юбілей 2023-га і ягонае «Mы aдвыклi aд вяcны...»
    Гісторыя Асоба
    Дабіраліся галубкоўцы туды, куды ніколі не заглядаў тэатр. Гісторыя Уладзіслава Галубка - народнага артыста Беларусі, расстралянага бальшавікамі
    Захапленні
    «Каб заўсёды быў побач». Паглядзіце, якія мілыя кішэнныя хаткі робіць мінская мастачка
    Літаратура
    Шматаблічны Адам Глобус. Топ-7 кніг ад творцы
    Гісторыя
    Браты супраць брата. Як Кейстут і Альгерд скінулі Яўнута са стальца вялікага князя?
    Культура
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 30 верасня і 1 кастрычніка
    Грамадства Забавы
    Тэст для вандроўнікаў: пазнай мясціны, дзе нарадзіліся ці жылі нашыя славутыя землякі
    Мастацтва
    З’явілася галерэя рэпрэсаванага беларускага мастацтва. Карціны можна замовіць з дастаўкай па ўсім свеце
    Грамадства Гісторыя
    На раскопках пад Мінскам знайшлі манету, якой 1250 гадоў

Афіша

  • 01.10

    Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Батумі

  • 01.10 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 01.10 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 01.10 — 13.11Выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» ў Віцебску
  • 01.10Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Батумі
  • 01.10PRADMOVA ў Батумі
  • 01.10Музыка беларускіх кампазітараў і космас: імпрэза ў мінскім планетарыі
  • 01.10Прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі» ў Нью-Ёрку

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Святлана Курс: Беларусамі быць цяжка. Але ж цікава і шыкарна
    • Чучхэ ў самым сэрцы Еўропы альбо Што чакае беларускую нацыянальную культурную прастору
    • Тэст для вандроўнікаў: пазнай мясціны, дзе нарадзіліся ці жылі нашыя славутыя землякі
    • Анімэ, манга і фанфікі ў беларускай культурнай прасторы. Дзе шукаць?
    • «Я аддала апошняе на сваю мару». Беларуская мастачка рызыкнула ўсім, што мела, і адкрыла ў Варшаве фотастудыю
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип