Філолаг, педагог, стваральніца і шматгадовая кіраўнічка Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры пры Віленскім педуніверсітэце, экс-старшыня Літоўскай асацыяцыі беларусістаў Лілея Плыгаўка атрымала срэбраны медаль пашаны «За заслугі» ад Дэпартамента нацыянальных меншасцяў пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі. Пра гэта спадарны Лілея паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook.
«Рада, што мая праца па захаванні і папулярызацыі беларускай мовы годна ацэнена краінай, якая стала для мяне ўтульным домам», — піша Лілея Плыгаўка.
Лілея Плыгаўка з узнагародай. Фота: Donatas Stankevičius
Лілея Плыгаўка нарадзілася ў Баранавічах. Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці беларуская і руская мовы і літаратуры, там жа — аспірантуру. Абараніла кандыдацкую дысертацыю ў Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі. Працавала ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот, потым у звычайнай сярэдняй школе выкладала беларускую мову і літаратуру. У 1991 годзе ў Вільні адкрывалася кафедра беларускай мовы і літаратуры ў мясцовым педінстытуце (пасля — універсітэце), пасля перамоў з літоўскім Міністэрствам адукацыі і атрыманага запрашэння Лілея Плыгаўка ўзначаліла гэтую кафедру. Стварыла і кіравала Цэнтрам беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры пры Віленскім педуніверсітэце, узначальвала Літоўскую асацыяцыю беларусістаў. Дзякуючы працы Лілеі Плыгаўкі і яе калег у Вільні паўстала беларуская гімназія імя Францыска Скарыны.
Зараз спадарыня Лілея працягвае навучаць мовам і не толькі, але ўжо прыватна і дыстанцыйна. Заняткі спадарыні Лілеі карыстаюцца нязменнай папулярнасцю. Нядаўна яна абвесціла аб новым фармаце навучанне — моўным клубе «Спазнай праз мову Беларусь», які пачне працаваць 22 снежня. Засталося яшчэ 10 дзён да пачатку, але група ўжо набраная, набор закрыты. Тым, хто не паспеў падаць заяўку, спадарыня Лілея раіць запісвацца ў папярэдні спіс.
Чытайце яшчэ: Лілея Плыгаўка: Беларуская мова не можа быць замежнай для беларуса, яна захоўваецца ў яго на генетычным узроўні. Толькі ўспомніць