Алесь Кіркевіч на budzma.org піша пра падабенства цяперашніх беларускіх пратэстаў з польскімі ў 1980-х.
У мінулым артыкуле мы распавядалі пра перадумовы польскіх пратэстаў, нараджэнне “Салідарнасці” і рэакцыю дзяржавы — увядзенне ваеннага становішча.
Сёння пагаворым пра тое, што было пасля. Як партыя і сілавікі хацелі спачатку “нармалізаваць” сітуацыю, пасля — зымітаваць рэформы, пасля — уратавацца, адступіць з найменшымі стратамі.
Паглядзім, што з гэтага выйшла.
22 ліпеня 1983 года ваеннае становішча ў Польшчы было адмененае. Трымаць яго далей было стратна. Тым больш улада палічыла, што хваля пратэстаў збітая і самы час для “нармалізацыі”.
Функцыянеры запусцілі праект, які афіцыйна быў недатычны да партыі — Рух нацыянальнага адраджэння. На чале паставілі пісьменніка. Мела паўстаць непалітычная “гаварыльня”, каб нечым заняць людзей з вуліцаў. Асаблівага поспеху праект не меў.
У якасці “перніка” дзяржава таксама правяла амністыю. Большасць асуджаных па крымінальных справах, а таксама інтэрнаваных выйшла на волю. Людзі правялі за кратамі ў сярэднім па 1,5-2 гады.
“Служба бяспекі” паралельна вяла масавыя прафілактычныя размовы з пратэстоўцамі: людзей выклікалі, каб “пагаварыць”. У кабінетах ім даводзілі, што пра іх “усё вядома”, усе ўсіх здаюць, лідары “Салідарнасці” выкарыстоўваюць народ як гарматнае мяса. Карацей, элементы запалохвання і дэматывацыі. У некаторых выпадках — схіленне да супрацы або эміграцыі.
Апошні момант быў асабліва папулярны што да актывістаў. З’ехаць з Польшчы было нашмат прасцей, чым з СССР. Асабліва калі твой выезд быў патрэбны ўладам. Людзі ехалі ў ФРГ, Вялікабрытанію, Штаты. Лічыцца, што ў 1980-я з’ехала да мільёна палякаў, як актывістаў, так і тых, хто проста не бачыў на радзіме перспектываў.
“Нармалізацыя” зусім не сведчыла пра сканчэнне гвалту. Найбольш рэзананснай стала гісторыя забойства ксяндза Ежы Папялушкі. Той служыў пад Варшавай, праводзіў кожную нядзелю “імшы за Айчыну”, гаварыў казані на палітычныя тэмы. Ён жа ўдзельнічаў у пахаванні забітага міліцыяй Гжэгажа Пшэмыка, пра якога мы ўжо пісалі. Паходзіў Папялушка з Беласточчыны, з беларускай падляшскай сям’і.
Папялушку спрабавалі вербаваць, запрашалі на размовы. На яго была нават заведзеная справа “кандыдата ў агенты”. Была такая практыка, калі чалавек трапляў у поле зроку “эсбэкаў” і лічыўся перспектыўным для распрацоўкі. Сам жа чалавек мог нават не ведаць, што яго разглядаюць у такой ролі. Калі з вярбоўкай не атрымалася, прапанавалі выехаць у Рым. Той адмовіўся.
Забіты сілавікамі ксёндз Ежы Папялушка
З Папялушкам размаўляў сярод іншых ксёндз, які ўжо быў завербаваны. Цікава, што гэты ксёндз дагэтуль жывы і выконвае святарскія абавязкі. Ён адзіны з прадстаўнікоў польскага кліру, хто пасля падзення камунізму прызнаўся, што працаваў на SB. Зразумела, што працаваў шмат хто, але іншыя вырашылі маўчаць.
Увосень 1984-га Ежы Папялушка таямніча знік. Пасля ягонае цела вылавілі з Віслы. Забойства выклікала настолькі вялікі рэзананс у краіне, што ўлады наважыліся… здаць выканаўцаў. Былі затрыманыя некалькі супрацоўнікаў SB з аддзела, які займаўся Касцёлам. Яны ўсё і расказалі: як выкралі, закінулі ў багажнік, збівалі да смерці, пазбавіліся ад цела…
Імаверна, “эсбэкам” паабяцалі хуткую амністыю — абы ўзялі ўсё на сябе. Ды і самі супрацоўнікі, відаць, занадта добра ведалі спецыфіку свайго ведамства: як раптам што — у Вісле наступным разам могуць аказацца і яны. Асудзілі: каму 10, каму 15 гадоў. Усе яны выйшлі на волю ўжо ў посткамуністычнай Польшчы.
Грамадства тым часам пераключылася з фазы актыўнага супраціву на байкот усяго, што робіць дзяржава. Гэта быў свядомы ігнор. А эканоміка Польшчы давала чарговую трэшчыну. У 1985–1986 гадах зноўку трэба было плаціць па крэдытах, а СССР чарговы раз скараціў датацыі. Была ўведзеная карткавая сістэма: адны боты на год, паўлітра гарэлкі на месяц… Дарэчы, апошні момант выклікаў пік вытворчасці самаробнага алкаголю.
А тут яшчэ Гарбачоў са сваёй перабудовай у Маскве. Міхаіл Сяргеевіч падчас прыезду ў Польшчу выступіў перад партыйцамі, распавёў пра “гласнасць”. Польскаму ўраду трэба было шукаць усё новыя варыянты, каб выкараскацца з сітуацыі. Урэшце грамадству прапанавалі выбары па шматпартыйнай сістэме.
А ў дадатак — дзіўны рэферэндум з бадзёрымі пытаннямі: “Ці згодныя вы на паскоранае развіццё эканомікі?” і “Ці згодныя вы на дэмакратызацыю жыцця ў грамадстве?”. Людзі глядзелі на ўсе гэтыя патугі як на махлярства. Маўляў, калі пытаюцца пра паскарэнне развіцця эканомікі — значыць, будзе яшчэ горш. Калі пра дэмакратыю — значыць, на свабоды і правы можна забыцца…
Міхаіл Гарбачоў і Войцэх Ярузэльскі
У межах той жа “нармалізацыі” ўлады некалькі разоў дазволілі прыехаць у Польшчу Папу Рымскаму — паляку Яну Паўлу ІІ. Гэта і “плюсік” на міжнародным узроўні, і дэманстрацыя “адкрытасці” сваім грамадзянам. Лішне казаць, што гэта толькі натхніла пратэстоўцаў і тых, хто спачуваў пераменам. Няхай ні Папа, ні вышэйшыя функцыянеры Касцёла не крытыкавалі камуністаў адкрыта, але ўсе ўсё разумелі.
А што з “Салідарнасцю”? Нягледзячы на перманентны ціск, яна ўсё адно дзейнічала. Газеты, улёткі, значкі, нават сваё “Радыё Салідарнасць”. Хацелі і тэлебачанне запусціць, але задача аказалася непасільнай. Галоўнае, што ва ўладаў не атрымалася намацаць і задушыць ядро пратэстаў: рух аказаўся настолькі шырокім, што намацаць “вярхоўку” і забіць, пасадзіць ці выціснуць з краіны аказалася немагчыма.
У адрозненне ад беларускай вертыкалі, польскія камуністы часам наважваліся на моцныя рызыкоўныя крокі. Такім быў, напрыклад, жывы тэлеэфір з дэбатамі паміж Лехам Валэнсам і кіраўніком афіцыйных прафсаюзаў. Дэбаты адбыліся — эфір глядзела ўся Польшча. Валэнса аказаўся харызматычным прамоўцам з моцнай энергетыкай — ён перамог.
Валенса перамог у тэледэбатах з Мядовічам, кіраўніком афіцыйных прафсаюзаў
На фоне жорсткага эканамічнага і палітычнага крызісу наспела тэма круглага стала. У самым пачатку 1989-га, нягледзячы на пратэсты найбольш радыкальных чальцоў “Салідарнасці”, круглы стол усё ж адбыўся. Важна разумець, што гэта былі перамовы зусім не пра транзіт улады і капітуляцыю камуністаў. Гаворка ішла пра грамадскі дыялог, мадэрнізацыю краіны. Але гэта быў шанец. І “Салідарнасць” яго выкарыстала.
Да чаго дамовіліся падчас круглага стала? Уводзілася пасада прэзідэнта, якога выбіралі Сейм і Сенат. Ствараўся сам Сенат, бо дагэтуль існаваў толькі Сейм. Пры тым толькі 35% чальцоў Сейма і Сената выбіраліся шляхам агульных выбараў. Рэшта месцаў была вылучаная пад кадры камуністаў і партыяў-сатэлітаў. Улады разлічвалі, што возьмуць не толькі 65% месцаў, але і паваююць за 35% — неблагі план для імітацыі дэмакратыі… Але было ўжо позна.
Незваротныя працэсы адбываліся і ў СССР, і ва ўсім савецкім блоку. Урэшце на выбарах 1989 года “Салідарнасць” узяла належныя 35%. Шмат хто з паслоў-камуністаў у Сейме і Сенаце пачаў “пераабувацца”. Прэзідэнтам быў абраны Ярузэльскі, але генерал у далейшым адмовіўся ад пасады. Цягам 1990-га года ўся кампрамісная сістэма, выбудаваная круглым сталом, канчаткова рассыпалася. На яе месцы з’явілася новая Польшча.
Важна адзначыць некалькі момантаў. Па-першае, невядома, чым бы скончылася гісторыя, калі б не крызіс у метраполіі — СССР. Па-другое, польскія камуністы і сілавікі не адступалі ў паніцы, не здавалі ўладу цалкам мірна — яны агрызаліся, помсцілі. Ужо на сконе сістэмы, калі ішлі перамовы за круглым сталом, былі забітыя яшчэ трое ксяндзоў, звязаных з пратэсным рухам. Што гэта было? Вінаватых так і не знайшлі.
Сістэма адносна хутка і бяскроўна распалася. Народ не штурмаваў дзяржаўныя будынкі, ніхто не збягаў на верталёце (як Чаўшэску), “эсбэкі” не адстрэльваліся са сваіх будынкаў. Надышла дэмакратыя. Разам з тым ніхто з колішняй эліты, якая прымала лёсавызначальныя і часам вельмі жорсткія рашэнні, не пацярпеў.
Зразумела, былі судовыя працэсы, якія расцягнуліся на гады. Нават калі сілавікоў, датычных да забойстваў, выяўлялі, не ўсё з імі было так проста. Некага прызнавалі псіхічна хворым, па нейкіх справах заканчваўся тэрмін даўнасці і г.д.
Большасць былых высокапастаўленых камуністаў знайшла сябе ў бізнесе, а часам нават у палітыцы. Яскравы прыклад — лёс скандальнага Ежы Урбана, былога ўрадавага прэс-сакратара. Яго таксама называлі “голасам ваеннага становішча”. Тыповы прапагандыст, які пісаў розную мярзоту, у тым ліку пра забітага Папялушку.
Ежы Урбан бадзёра пазуе у міліцэйскай касцы і з дручком часоў вайсковага стану
Супраць Урбана вяліся бясконцыя працэсы. Недзе ён выйграваў, недзе прайграваў, а з часам усім стала проста не да яго — жыццё ішло далей. За кратамі Урбан так ніколі і не пабываў. Дэмакратыя: маеш грошы — маеш добрага адваката. Больш за тое, на пачатку 2000-х Урбан уваходзіў у спіс 100 найбагацейшых палякаў.
Ежы Урбан пачуваецца пры дэмакратыі зусім нядрэнна
Як так? За кошт аблігацыяў, біржавых справаў, знаёмстваў. Гэтыя людзі ведалі “хады-выхады” і добра падрыхтаваліся да адступлення. Менавіта адступлення, а не ўцёкаў. Той жа Урбан нават спрабаваў займацца палітыкай, ствараць партыю.
Адзінае масавае пакаранне датычыла былых міліцыянтаў: ім знізілі пенсіі да мінімальнага памеру. Быў працэс і супраць Ярузэльскага, які таксама цягнуўся гадамі. Працэс перайшоў з юрыдычнай у палітычную сферу, з палітычнай — у метафізічную… Генерал даводзіў, што ўратаваў Польшчу ад інтэрвенцыі. Пасля захварэў і памёр. На знак міру і згоды да яго ў лякарню прыходзіў нават Валэнса.
Валенса наведвае Ярузэльскага ў лякарні
Што да Валэнсы, то ягоная каманда выцягнула на сабе самы складаны этап — трансфармацыю эканомікі, грамадства, гаспадаркі. Яны ўзяліся за рэформы, маючы крэдыт даверу. Але сітуацыя была настолькі цяжкая, што, нягледзячы на плён тых рэформаў, каманда “Салідарнасці” проста сябе “выпаліла” ў вачах грамадства. Наступным прэзідэнтам стаў былы “камсамолец” Кваснеўскі.
Цікава, што дагэтуль да канца не яснай застаецца роля Захаду — “куклаводаў” — у польскіх справах 1980-х. Дзяржпрапаганда тады малявала страшныя плакаты з Рэйганам у выглядзе каўбоя і легендай пра “крыжовы паход супраць Польшчы”. Класіка савецкай прапаганды. Усё як у нас цяпер. А як было насамрэч?
Куклаводы паводле польскай дзярж-прапаганды - Рэйган ды крыжакі
Пішуць, што кіраўнік ЦРУ шматкроць прылятаў да Папы Рымскага — размаўлялі. Валэнса ў 1983-м атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, Чэслаў Мілаш — Нобеля па літаратуры. Гэта таксама важны знешнепалітычны сюжэт. Успомнім таксама гісторыю палкоўніка з польскага Генштаба, які перадаў у Штаты інфармацыю пра магчымую інтэрвенцыю з боку СССР.
Ад 1939-га ў Лондане знаходзіўся польскі ўрад у эміграцыі, які таксама граў сваю ролю. Прычым нашмат больш значную, чым наш Урад БНР. Быў фактар вялізнай польскай дыяспары ў Еўропе і за акіянам. Хто б мог падумаць, што на выбарах 1990 года ў другі тур з Валэнсам выйдзе Станіслаў Тымінскі — польскі бізнесовец, які жыў і ствараў фінансавую імперыю спачатку ў Канадзе, пасля — у Перу? Яго так і называлі — “чалавек з ніадкуль”. Тымінскі не перамог Валэнсу, але абышоў большасць дзеячаў “Салідарнасці” з рэвалюцыйнымі біяграфіямі.
Мабыць, галоўны ўрок з гісторыі польскай “Салідарнасці” гучыць так: перамены не робяцца за дзень ці за месяц. І мы, параўноўваючы сябе з іншымі, не ведаем дакладна, на якім этапе шляху знаходзімся, колькі яшчэ наперадзе. Магчыма, галоўнае — ступіць на гэты шлях.
Нягледзячы на ўсе падабенствы польскай і беларускай сітуацыяў, ёсць шмат адрозненняў. У Польшчы працэсы заводзілі ў вялікай ступені эканоміка і ўзровень жыцця, не толькі антыкамунізм і прага да свабоды. Значную ролю гралі рабочыя, адсюль і фокус на прафсаюзах. Тут, мабыць, сітуацыя ўжо ніколі не паўторыцца: рабочы 1980-х і рабочы 2020-га — зусім розныя.
Польшча наўрад ці забудзе “Салідарнасць” і падзеі 1980-х. У нейкі момант сярод інтэлігенцыі старэйшага веку стала нават модна казаць, што ты быў у падполлі ці ў нелегальнай студэнцкай арганізацыі. А хто спраўдзіць? Хіба гісторыкі з Інстытута нацыянальнай памяці. Мабыць, у Беларусі некалі будзе таксама — што да ўдзелу ў падзеях 2020-га. Хто праверыць?..
У сваю чаргу, сярод новай генерацыі польскіх правых палітыкаў (30-40-гадовых) модна казаць іншае: круглы стол быў “здрадай”, трэба было “даціснуць” камуністаў, усім адпомсціць… Не нам, беларусам, вырашаць за палякаў. Разбяруцца.
Збоку ж падаецца, што вельмі важна часам знайсці ў сабе сілы і своечасова сесці за адзін стол. Дамовіцца. Не паглядзець на свайго суайчынніка праз прыцэл вінтоўкі. І ў палякаў атрымалася.
Алесь Кіркевіч, budzma.org