Чаму сёлета яшчэ не выйшла ніводнага выпуску часопіса «ARCHE», тлумачыць рэдактар Валер Булгакаў. Мы паразмаўлялі таксама пра выдавецкія справы, «гістарычную шызафрэнію» ды гісторыю як такую ў БССР ды незалежнай Беларусі.
Паводле Булгакава, цяжкасці ўзніклі адначасова з эканамічных і палітычных прычынаў. Беларускія друкарні, нават тыя, з якімі яны доўга супрацоўнічалі, цяпер запалоханыя настолькі, што адмаўляюцца нават пралічваць кошт друку. У Расіі ж друкаваць нявыгадна праз дэвальвацыю курсу расійскага рубля, у тым ліку да беларускай валюты:
«У чэрвені была сітуацыя, што расійскі рубель стаў даражэйшы на 38 % проці пачатку года. Таму мы вырашылі друкаваць першы сёлетні нумар у Расіі — за 1650 км ад Мінска, у расійскім Кіраве. Але з дастаўкай гэтага выпуску ў Мінск з’явіліся нечаканыя праблемы...», — кажа Валер Булгакаў.
Але пра ўсё па парадку.
Ці ёсць будучыня ў незалежнай выдавецкай справы ў Беларусі?
Пытанне адкрытае. Ёсць незалежныя выдаўцы, якія працягваюць працу — той жа Зміцер Колас. Ёсць незалежны літаратурны часопіс «Дзеяслоў», які рэгулярна выходзіць — і больш за тое, на яго прымаецца падпіска ў аддзяленнях «Белпошты». Таму нішавае выданне ці выдавецтва — чыста літаратурнае ці дзіцячае — мяркую, зможа ператрываць. Іншая справа, калі выданне асвятляе бягучыя палітычныя працэсы або табуяваныя гістарычныя тэмы. Цяжка сказаць, колькі будзе доўжыцца перыяд, у які мы ўвайшлі...
Як бы Вы маглі назваць гэты перыяд?
Перыядам дэ факта ўведзенага ваеннага становішча і разгулу найглыбейшай, беспрэцэдэнтнай палітычнай рэакцыі. Часопіс ARCHE выходзіць 24 гады: усяго на 4 гады болей краінай кіруе Лукашэнка. Але такога «трэшу» не было ніколі — напрыклад, у 1998–2021 гг. увесь час на часопіс можна было падпісацца! Цяпер няпісаныя правілы гульні ўвесь час змяняюцца і не ведаеш, дзе можаш падарвацца на чарговай ідэалагічнай ці палітычнай міне. Улады зачышчаюць не толькі ачагі сапраўднай апазіцыйнасці, але і ачагі мяккай фронды і старога, «лямпавага» яшчэ іншадумства.
У 2020-м мы былі далёка ад палітыкі, на маргінэсе. Тым не менш махавік рэпрэсіяў закрануў і нас. Паўтара года таму часопіс быў выкінуты з кіёскаў і падпіснога каталогу. Сёлета вясной — на пачатку лета з намі фармальна спыніла працу сетка кнігарняў «Белкніга» (рэальна апошнія пастаўкі да іх мы зрабілі за пару тыдняў да выбараў 2020 г.). Цяпер мы ўвогуле на мяжы існавання: 6 ліпеня міністэрства інфармацыі заблакавала сайт.
Вы казалі пра нішавыя выданні, якія сяк-так могуць існаваць. Гісторыя не можа быць такой нішай?
Гісторыя — традыцыйна чуллівая матэрыя для недэмакратычных рэжымаў. Гісторыя для Беларусі ці Расіі — заўсёды палітыка. Ёсць добры афарызм расійскага гісторыка Пакроўскага: «Гісторыя — гэта палітыка, звернутая ў мінулае». Аўтарытарныя рэжымы ў нашай частцы свету без цырымоніяў выкрэсліваюць з гістарычнай плыні сюжэты і асобаў, якія могуць натхняць грамадзян на барацьбу за свабоду і рэальную незалежнасць.
Калі ідзе збліжэнне з Расіяй, то падчышчаецца ўсё «антырасійскае». Не сакрэт, што інкарпарацыя беларускіх земляў, якія былі ў складзе Рэчы Паспалітай у Расію, была актам гвалту і агрэсіі. Але пакаленням беларусаў гэта падавалася як акт гістарычнай справядлівасці, «уз’яднання». Тое самае з падзеямі XX ст. Тое, што сёння беларусы збольшага расійскамоўная супольнасць, гэта таксама не вынік Божай волі, але плён адмысловай палітыкі, якая навязвала пэўныя ўяўленні аб гісторыі.
Але ці можна казаць пра цэльную ідэалагічную палітыку ў плане гісторыі ў сённяшняй Беларусі? Калі ў адным горадзе могуць быць месцы памяці Каліноўскага, Суворава, Дзяржынскага, Сталыпіна...
Афіцыйная гістарычная палітыка ёсць. Наколькі яна цэльная і паслядоўная — іншае пытанне. Яе ўнутраная супярэчлівасць тлумачыцца бягучай палітычнай кан’юктурай, а таксама супярэчлівасцю той сімвалічнай спадчыны, на якой выбудоўвае сваю ідэалогію сучасны рэжым.
Вельмі яскравы прыклад — постаць Каліноўскага. Нованароджанай савецкай дзяржаве, якая пачынала выбудоўваць сваё ідэалагічнае крэда, нейкі час ён быў патрэбны як беларускі сімвал рэвалюцыйнага змагання з імперыяй Раманавых. Але ўжо ў 1930-я сітуацыя памянялася: Каліноўскі з героя ператварыўся ў рэакцыянера.
Але створаны зачын надалей працаваў. Рэнесанс наступіў падчас «адлігі» па смерці Сталіна. У 1963 г., у сотыя ўгодкі паўстання, у Мінску з’явілася вуліца Каліноўскага. Пісаліся карціны і адкрываліся мемарыяльныя дошкі, хоць падрыхтаваны на навуковым узроўні зборнік працаў Каліноўскага выйшаў у 1988-м — і па-расійску (Калиновский К. Из печатного и рукописного наследия. — Минск, 1988). Рэжым Лукашэнкі не пайшоў на поўнае выкрэсліванне Каліноўскага з афіцыйнага канона, бо гэта азначала б поўны разрыў з савецкай традыцыяй.
Ёсць іншыя прыклады такой інкарпарацыі з савецкага канона памяці пра несавецкую гісторыю. Напрыклад, у 2000-м у Мінску з’явілася плошча Францішка Багушэвіча. І гэта зрабіў адыёзны русафіл і «ястраб» з уладнай абоймы палкоўнік Замяталін. Хоць Багушэвіч — хросны бацька беларускага нацыяналізму!
Гэта было магчыма на раннім этапе кіравання Лукашэнкі, калі ўслед за разгромам нацыянальна-дэмакратычнага руху ён перастаў успрымацца як палітычная пагроза. А зараз імя Багушэвіча мае і аднайменная станцыя метро, дзе гэтая назва да таго ж напісана беларускай лацінкай з гачкамі...
Не сказаў бы. Шызафрэнія — гэта калі б афіцыйны культ Багушэвіча (якога няма) накладаўся на культ якога-небудзь яго чарносоценнага сучасніка. Мы гэтага не бачым.
Ёсць кан’юнктурная гістарычная палітыка, якая валодае адносна беднай рэсурснай базай. У Беларусі няма дзяржаўных інстытутаў, якія б займаліся культывацыяй гістарычнай памяці, як IPN (Інстытут Нацыянальнай Памяці) у Польшчы. На ўзроўні ўрада мы не ўбачым сур’ёзных праектаў падтрымкі праграмаў гістарычнай памяці.
Да таго ж, наша краіна знаходзіцца пад моцным уплывам РФ: у выдавецкай галіне дамінуе кніга акурат з Расіі. Не сказаць, што рэжым Лукашэнкі не робіць зусім нічога ў гэтым сэнсе, яму нярэдка даводзіцца падладжвацца пад наратывы, жыўцом пазычаныя з расійскага культурнага поля. Але ўвесь час кіравання Лукашэнкі ёсць ідэалагічныя канстанты, якія не змяняюцца: русафільскі і антызаходні сантымент ды падтрымка эксклюзіўнага статусу расійскай мовы.
Ёсць думка, што Лукашэнка не можа цалкам зачысціць нацыянальнае поле (тут — у плане гісторыі), бо інакш страціць падставы сваёй легітымнасці і суб’ектнасці. Не?
Наратыў пра незалежнасць як абсалютную каштоўнасць з’явіўся ў нас не адразу. У 1990-я Лукашэнка спрабаваў выступаць аб’яднаўцам усходнеславянскіх земляў. Толькі пасля прыходу Пуціна, які на абвіначанні Лукашэнкі, што Крэмль тармозіць інтэграцыю, прапанаваў Беларусі ўвайсці ў склад Расіі шасцю губернямі, пакрысе пачаў умацоўвацца афіцыйны незалежніцкі дыскурс.
З гэтым працэсам супадае па часе аднаўленне архітэктурных комплексаў у Міры, Нясвіжы, Наваградку, Лідзе. Цікава, што цяпер вядуцца размовы пра аднаўленне Фары Вітаўта ў Гродне. Прыгадаем таксама, што намеснікам дырэктара «Музея «Замкавы комплекс „Мір“» пэўны час быў выбітны кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч.
У гэты час з’яўляюцца помнікі, устаноўка якіх была немагчымая ў савецкі час: Гедыміну — у Лідзе, Альгерду — у Віцебску, Усяславу Чарадзею — у Полацку.
Такім чынам заяўлялася «доўгая генеалогія» беларускай дзяржаўнасці даўжынёй у 1000 год. Патрэбны быў новы сімвалічны капітал. Разам з тым гэты працэс не трэба блытаць з выбудовай нацыі: сучасная дзяржава такім чынам фіксавала свае праекцыі ў мінулым.
І што з гэтым усім зараз?
Пакуль ніхто не зачыняў Нясвіж, а ў Гродне, паўтаруся, з’явіліся планы наконт аднаўлення Фары Вітаўта. Гэта падсілкоўвае асцярожны аптымізм наконт будучыні Беларусі пасля заканчэння рэпрэсій.
Чаму ж на месцы «Нашай Гісторыі» ці ARCHE не паўстаў праўладны гістарычны глянец?
Па-першае, тыя, хто цяпер кіруе краінай, не мысляць у нацыянальных катэгорыях. Па-другое, ёсць фактар традыцыі. У адрозненне ад Украіны ці савецкай Прыбалтыкі, у БССР мясцовы Інстытут гісторыі не меў свайго рэгулярнага друкаванага органу. Так, у яго рамках пісаліся і выдаваліся манаграфіі, але яны не былі прызначаны для масавага спажыўца. Гэта была навука дзеля навукі: найперш для савецкіх навукоўцаў. Тэмы, якія тады распрацоўваліся, звычайна масаваму чытачу не былі цікавыя.
Дарэчы, у РФ іначай: ёсць афіцыйны гістарычны часопіс «Родина», чый наклад яшчэ нядаўна сягаў 20 тыс. Гэта выданне адміністрацыі прэзідэнта РФ. У Расіі ў гэтым сэнсе іншая сітуацыя, там дзяржава мэтанакіравана фінансуе гістарычныя выданні, якія працуюць з масавым чытачом.
Падаецца, што афіцыйная версія гісторыі Беларусі канчаткова спаўзла да тэмаў 1939 года, «ВАВ» ці «генацыду беларускага народа».
У гэтым таксама ёсць уплыў познесавецкай спадчыны. Пасля смерці Сталіна і адхілення ад улады Хрушчова ўладу ў БССР захапіў «партызанскі клан», які ачольваў Машэраў. Праўленне Машэрава — час з’яўлення велічных манументаў: Курган Славы пад Мінскам, Хатынь і г. д. Ваенны сюжэт быў ключавым. Нагадаю, што Васіль Быкаў — гэта пісьменнік, які здабыў вядомасць найперш сваімі творамі пра вайну. Тэма вайны дамінавала і ў тагачаснай савецкай кінаіндустрыі, тэатры і г. д. Таму не дзіўна, што яна стала ключавой для масавай свядомасці.
У беларускім кантэксце трэба яшчэ прагаварыць тое, што любяць гаварыць не ўсе гісторыкі: тэрытарыяльна сучасная Беларусь сфармавалася ў выніку Другой сусветнай вайны. Той факт, што краіна паўстала ў выніку аб’яднання дзвюх практычна раўнавартых па плошчы частак у ходзе ваенных падзей, не мог не аказаць уплыву на масавую свядомасць беларусаў. Толькі пасля 1944 года беларуская нацыя мела ўсе падставы ўяўляць сябе ў цяперашніх тэрытарыяльных межах.
Да таго ж, кантроль над сімвалічнай спадчынай Другой сусветнай у палітыцы дазваляе падзяляць грамадства на «сваіх» і «чужых». Апісанне апазіцыі як здраднікаў, запраданцаў і халуёў — адна з праяў такога сімвалічнаг парадку.
То бок мы маем справу з «усечаным» варыянтам гістарычнай памяці?
Так, побач з доўгай генеалогіяй дзяржавы, якая пачала выбудоўвацца толькі ў XXI ст., існуюць звышкароткія версіі гісторыі Беларусі. Не трэба далёка хадзіць: возьмем такі «пачатак Беларусі», які сімвалізуе Дзень незалежнасці, а гэта 3 ліпеня 1944, дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. У якасці сімвалічнай даты пачатку гісторыі Беларусі пры такім мысленні можа фігураваць 1917 або 1795. Раней, маўляў, гісторыя несапраўдная, казачная або крамольная.
Ці бачыце ў сітуацыі хоць нейкія пазітыўныя моманты?
Не трэба думаць, што ўсе з’ехалі і ўсё прапала. Я перакананы, што ёсць нішы для пазітыўнай культурнай працы і ў Беларусі. Але паколькі дэ факта ўведзена забарона для прафесію для палітычна нелаяльных асобаў, прафесійным навукоўцам, напрыклад, пасля звальнення даводзіцца з’язджаць.
З’ехалыя даследчыкі — страчаны гуманітарны капітал для Беларусі?
Галоўнае, каб яны фізічна не былі знішчаныя ці зняволеныя. Такіх выпадкаў, калі гаварыць пра даследчыкаў, на шчасце, пакуль адзінкі. І самы відавочны — зняволенне Анджэя Пачобута, які для мяне не столькі журналіст і дзеяч «Палоніі», колькі гісторык і краязнаўца. Дый вінавацяць яго за гістарычныя публікацыі...
У сучасным свеце прафесійны навуковец можа рэалізавацца ў розных кропках свету. Зрэшты, і тэмы даследаванняў не абавязкова маюць замыкацца на Беларусі.
Пагатоў, што багата тых, хто выехаў, раней ці пазней вернецца — інтэлектуальна ўзбагачанымі, з новым ведамі і ідэаламі.
Алесь Кіркевіч, budzma.org