Андрэй Мельнікаў піша для budzma.by пра пакручастае жыццё і творчасць беларускага пісьменніка Валянціна Тараса, якому 9 лютага споўнілася б 90 гадоў.
Валянцін Тарас любіў як беларускую мову і літаратуру, так і мову і літаратуру рускую. І мо менавіта тое зрабіла яго найлепшым перакладчыкам Васіля Быкава, Ларысы Геніюш, Міхася Стральцова, надзейным чалавекам-мостам між беларускай і рускай культурамі. Яго падлеткавай біяграфіі зайздросціў Уладзімір Караткевіч, а сам Валянцін найбольш сябраваў з людзьмі вайны…
Дзяды, бацькі, дзяцінства з Мінскам і Купалам
Дзед Валянціна па мячы, Мікалай Тарас, быў сталяром, праваслаўным, жыў ва ўласнай хаце ў вёсцы Мядзвежына (цяпер вёска растварылася ў беларускай сталіцы, і толькі вуліца Мядзвежынская, назва прыпынкаў транспарту і лесапарк побач нагадваюць пра яе колішняе існаванне). Яго жонка, бабуля Крэйна, паходзіла з Літвы, з габрэйскага мястэчка. Дзед па кудзелі, расеец Іван Панцялеймаў, паходзіў з Томска, быў правізарам і стаў каталіком, каб ажаніцца з полькай, бабуляй Гэляй; па смерці ў 1934-м яго пахавалі на мінскіх Вайсковых могілках на Даўгабродскай.
Сын праваслаўнага і габрэйкі Яўхім і дачка рускага каталіка ды полькі Галіна сталі адной сям’ёй на самым канцы “беларусізацыі”, і 9 лютага 1930-га ў Мінску нарадзіўся Валянцін. Нараджаўся ён цяжка і заўчасна – на сёмым месяцы матчынай цяжарнасці, але прыйшоў “у сарочцы”, то бок у мяшэчку плацэнты, што лічыцца шчаслівым знакам. У ім сышліся гены ўсіх чатырох народаў, мовы якіх тады афіцыйна ўжываліся ў Беларусі.
Праз тры гады ў сям’і з’явілася дачка Таісія.
Яўхім Тарас быў адораным кніжным графікам, ілюстраваў тое, што выдавалася ў беларускай сталіцы. Ведаў Янку Купалу, прымаў яго ў сваім доме, у тым ліку па справах дзяржаўнай значнасці. З 1936-га Яўхім увайшоў у абойму беларускіх творцаў, якім кампартыя даручала палітычна важныя заказы, кіраваў мастацкім выкананнем “ліста Сталіну ад беларускага народа”. Той ліст падпісалі тады шэсць паэтаў: Янка Купала, Якуб Колас, Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка і Ізі Харык.
У першыя гады жыцця Валянціна суправаджала беларуска-руска-польскае трохмоўе сям’і і падворка. Сусветную літаратуру ён пачаў спасцігаць праз усе гэтыя мовы, у дзевяцігадовым узросце прачытаў “Прыгоды бравага салдата Швейка” – упершыню і па-беларуску.
Напачатку 1938-га Валянцін перахварэў на шкарлятыну, “пасля якой… ператварыўся ў шкілецік: адны вочы засталіся і нос тырчэў, што ў Бураціна”.
У тым жа годзе роднаму брату мамы, 19-гадоваму Івану, трамваем адрэзала ногі, і ён памёр у машыне хуткай дапамогі. А ў ноч на 21 студзеня 1940-га ва ўзросце 27 гадоў ад заражэння крыві пасля кесарава сячэння трэцяй цяжарнасці памерла мама Галіна. І брата, і сястру пахавалі на Вайсковых могілках Мінска, побач з іх бацькам.
Дзеці, якія рана страцілі маці, губляюць штось эмацыйна важнае, у іх так да канца і не гарманізуюцца стасункі з соцыумам. Самапсіхатэрапіяй ім робяцца творчасць, фантазія. І мы здолеем лепш зразумець нашага сучасніка Віктара Марціновіча, прыгледзеўшыся да Валянціна Тараса, і лепш зразумеем Валянціна Тараса, прыгледзеўшыся да Марціновіча…
Для Валянціна са смерцю маці на некалькі дзесяцігоддзяў скончылася Беларусь. Засталася савецкасць.
Вайна і крыху пасля
Ад пачатку нямецкай акупацыі за габрэйскасць сям’і ў мінскае гета адправілі і Крэйну, і Міколу Тарасаў. Магілы іх невядомыя.
Бацька Яфім апынуўся ў Цэнтральным штабе партызанскага руху. Што савецкія спецслужбоўцы забілі Янку Купалу, распавёў старэйшаму сыну не як версію – як веданне.
У паднямецкім Мінску Валянцін застаўся з бабуляй Гэляй, яе дачкой цётачкай Люсяй і малой Таісіяй. Цётачка ўладкавалася на кухню ў нямецкую салдацкую сталоўку, а брат з сястрой па ежу пачалі хадзіць па знаёмых, прасілі міласціну, чысцілі нямецкія боты… Калі беларускія калабаранты стварылі камітэт самапомачы, Валянцін пайшоў у школу, дзе вучылі пераважна беларускай мове і гісторыі. Аднойчы там выступала паэтка Наталля Арсеннева, якая хлопцу зусім не спадабалася: ён быў савецкім па перакананнях…
Неяк ён выйшаў з дому і не вярнуўся: сышоў за 70 км у партызаны – у атрад “За савецкую Радзіму” брыгады імя Чкалава Баранавіцкага партызанскага злучэння.
Менавіта гэтаму факту біяграфіі свайго равесніка пасля зайздросціў Уладзімір Караткевіч. Ствараючы герояў з уласнай біяграфіяй, раз за разам дадаваў у яе партызанскі вопыт Валянціна Тараса.
У партызанах Валянцін пачаў расчароўвацца ў “саветах”, пабачыў рысы вайны грамадзянскай. Таму моцна дапамаглі супрацоўнікі славутага Асаблівага аддзела, трапіць пад увагу якіх было страшней за немцаў. Хлопец чуў і бачыў тое, чаго нельга было ні дараваць ні забыць, пры ім расстрэльвалі хаўруснікаў у змаганні з ворагам – афіцэраў Арміі Краёвай, пры ім падпіты асабіст выхваляўся: “Я страляў людзям у патыліцу – і не плакаў! Я кідаў людзей у душагубкі – і не плакаў!”
Пасля партызанскага параду па Мінску ў ліпені 1944-га атрад “За савецкую Радзіму” расфарміравалі. Валянцін рушыў на Вайсковыя могілкі, упэўнены, што на магілцы маці знойдзе вестачку ад сваякоў. Ды сярод паваленых пасля бамбардаванняў-абстрэлаў крыжоў і пірамідак родных магілак падлетак так і не знайшоў…
Не знайшоў анікога з блізкіх і дарагіх і ў вызваленым ад немцаў Мінску. І вярнуўся да “людзей вайны” – запісаўся ў знішчальны атрад “ястрабкоў” пры ЦК ЛКСМБ.
“Вяртанне” ў новую сям’ю
Бацька Валянціна Яфім Тарас вярнуўся ў вызвалены Мінск разам з другой жонкай Зінаідай Пятроўнай і сынам-немаўлём Анатолем. Працягваў працаваць над выкананнем важных партыйных графічных заказаў.
Раней ці пазней яны былі павінны сустрэцца. Мастак Мікалай Гусеў паскорыў гэтую сустрэчу. Падлетак Валянцін скончыў занадта жорсткі і небяспечны для юнацкай біяграфіі шлях сына вайны з пошукам і ўзброеным вынішчэннем ворагаў і вярнуўся да школьніцтва (вячэрняга, удзень працаваў) у сям’і з бацькам, мачахай і малым братам.
Некалькі гадоў жыцця ў Гродне. Работа ў Беларускай рэспубліканскай літаграфіі, дзе Яфім Тарас быў дырэктарам. Першыя вершы. Рускамоўныя. Праз бацьку іх паказваюць паэту Анатолю Астрэйку. Той абураны рускамоўнасцю твораў, але бачыць талент і дапамагае Валянціну: вершы змяшчае альманах “Советская отчизна” за 1948 год.
Вяртанне ў Мінск. Прыватны сектар мінскага Сельгаспасёлка. Рознарабочы на Мінскай бісквітнай фабрыцы. Завяршэнне навучання ў вячэрняй школе. Журфак БДУ.
Вяселле, сын, узнаўленне беларускасці
У 1954-м Валянцін жэніцца са студэнткай аддзялення логікі і псіхалогіі БДУ Рэгінай Бакуновіч. Праз год нараджаецца сын Віталь.
Па заканчэнні БДУ малады бацька быў размеркаваны на працу ў галоўную беларускамоўную газету “Звязда”, у наваствораны аддзел літаратуры і мастацтва. Так беларускасць паступова вярнулася ў жыццё творцы. Не манапольна, але назусім.
Пайшлі знаёмствы з буйнымі постацямі савецкай беларускай літаратуры: Коласам, Лыньковым, Броўкам, Танкам, Шамякіным, маладзенькім Міхасём Стральцовым…
Колам сяброў сталі: мастакі Барыс Забораў з жонкай Ірынай (дачкой найпапулярнейшага да расстрэлу ў 1937-м савецкага паэта Барыса Карнілава, аўтара хіта “Нас утро встречает прохладой…”) і Георгій Паплаўскі з жонкай Наталляй Лебедзевай, скульптар Анатоль Анікейчык, паэт-франтавік Навум Кіслік, філосаф-франтавік Мікалай Крукоўскі, літаратуразнаўца-партызан Алесь Адамовіч…
У 1959-м Валянціна прызначаюць кіраўніком аддзела ў “Звяздзе”. З выхадам аповесці Васіля Быкава “Жураўліны крык” паэт едзе ў Гродна пазнаёміцца з аўтарам. Знаёмства атрымліваецца сухім і нацягнутым – Тарас падаецца Быкаву навязлівым, нахабным і панібрацкім. Але ў будучыні яны паразумеюцца і прасякнуцца ўзаемным глыбокім даверам. Сябрамі Валянціна стануць і малады афіцэр-расеец ды варты паэт Фёдар Ефімаў, і літаратуразнаўца з авантурна-гераічнай баявой біяграфіяй Рыгор Бярозкін...
Сяброўскае кола ставілася да “саветаў” іранічна. На іх фоне Валянцін выглядаў мо і самым савецкім.
У 1961-м Валянціна Тараса прынялі ў Саюз пісьменнікаў, што дало магчымасць неўзабаве звольніцца са “Звязды”, сканцэнтравацца на творчасці і жыць выключна з літганарараў. На 1963 год ён меў тры ўласныя выдадзеныя кніжкі – зборнікі вершаў “Минска улицы родные”, “Доверие”, “Тревожная земля”.
У 1961-м яму ўдалося з’ездзіць у польскі горад Познань, дзе з дапамогаю Міжнароднага Чырвонага Крыжа знайшліся бабуля Гэля, цётка Люся і сястра Таісія. Як высветлілася, яны перабраліся да заходніх суседзяў Беларусі ў 1944-м, да прыходу савецкіх войскаў, і тым, пэўна, уратавалі сваю свабоду…
***
У 1964-м пісьменнік прыняў прапанову вярнуцца на дзяржаўную службу – ачоліць аддзел прозы ў рускамоўным мінскім часопісе “Нёман”. У канцы 1965-га “Нёманам” стаў кіраваць яшчэ адзін “чалавек вайны” – драматург Андрэй Макаёнак.
З гадамі ў “Нёмане” звязаны самы вялікі поспех Валянціна Тараса ў савецкай сістэме. Пісьменнік уключаўся ў сур’ёзныя дэлегацыі, але толькі для паездак па СССР. Каб выязджаць за межы дзяржавы, вельмі пажадана было быць камуністам, а ў камуністы Валянцін не імкнуўся…
***
Тарас-старэйшы, Яўхім, з кожнай зменай галоўнага савецкага боса атрымліваў новыя дзяржважныя графічныя заказы: пасля Сталіна яны рабіліся да чарговага круглагоддзя Малянкова, Хрушчова, Брэжнева…
У снежні 1966-га таму прыйшоў канец: Яўхім трапіў пад следства, быў зняволены, асуджаны на 5 гадоў, выпушчаны па амністыі ледзь жывым у канцы 1967-га, каля года рэабілітоўваўся, амаль не ўстаючы з ложка…
І да Валянціна прыйшло абвастрэнне стасункаў з сістэмай. З верасня 1967-га пачала раскручвацца справа “антысавецкай групы Лідзіі Вакулоўскай” – рускамоўнай мінскай пісьменніцы, якая друкавалася ў “Нёмане”. Выклік паэта ў жніўні 1968-га ў галоўны будынак КДБ на Ленінскім праспекце ў Мінску канчаткова замацаваў за ім статус “дысідэнта” – Макаёнак ціхенька папрасіў сябра звольніцца з “Нёмана” па ўласным жаданні (іначай давялося б рабіць тое “по статье” – з немагчымасцю ў далейшым уладкавацца хоць куды-небудзь), сем гадоў публікацыі за подпісам Тараса не друкавалі ў БССР. І ён выпускаў іх праз псеўданімы ды імёны сяброў.
На дапамогу прыйшлі і масквічы. Тамтэйшыя тоўстыя літчасопісы рэгулярна выдавалі творы Валянціна, плацілі ганарары. Ратавалі тады прыкладна як і Васіля Быкава… У Маскве ў 1973-м выйшаў зборнік твораў Тараса “Первая молния”, назву якога дала аповесць пра юначае каханне ў вайну.
1978-ы адзначыўся выхадам найбольш вядомага перакладу Валянціна Тараса (разам з Карласам Шэрманам) на рускую мову – “Восені патрыярха” Габрыэля Гарсіі Маркеса. Тады ж у Мінск з Гродна перабраўся Васіль Быкаў – і адразу ўвайшоў у кола сяброў “людзей вайны”, разам з Кіслікам, Бярозкіным, Крукоўскім, Адамовічам... Праз Быкава Тарас пасябраваў з вялікім беларускім слова- і вершатворцам Рыгорам Барадуліным.
У лютым 1981-га памёр бацька. У апошні дзень траўня 1982-га – цесць Зміцер Іванавіч. Валянцін Тарас стаў патрыярхам роду – і свайго, і жонкі.
Яркая з’ява яго творчасці наступных гадоў – супольная з кампазітарам Ігарам Лучанком, музычным гуртом “Песняры” і Уладзімірам Мулявіным праграма “Через всю войну”. Можна па-рознаму ўспрымаць тэксты тых песень, але яны ёсць шчырай паэзіяй сына вайны Валянціна Тараса.
Паміранне і пасля яго
Напрыканцы 1980-х творца перанёс цяжкую ўралагічную аперацыю, праз колькі дзён пасля якой ізноў трапіў у рэанімацыю.
“Разумеў, што паміраю, але панічнага страху не было”. Быў дзіўны сон з сустрэчай з памерлымі бацькам і цесцем, вяртанне ў звыклую рэальнасць, фізічная рэабілітацыя, пераклады на беларускую мову “Аблавы” і “Доўгай дарогі дадому” Васіля Быкава, “Споведзі” Ларысы Геніюш, зборнік уласнай паэзіі “Колеры”, дакументальны фільм у чатырох частках “Пасля перамогі”, складанне разам з Ірынай Кашталян даведніка “Дэмакратычная апазіцыя Беларусі (1956—1991)”, напісанне адметнай чуласці мемуараў (якія ў роўнай ступені можна аднесці як да літаратуры нон-фікшн, так і да мастацкай) “На выспе ўспамінаў”…
Па сведчанні брата Анатоля, у апошнія месяцы жыцця Валянцін Тарас востра адчуваў недахоп важных для яго сяброў – “людзей вайны”: старэйшыя, яны адышлі раней…
9 лютага 2009-га ён яшчэ адзначыў сваё 79-годдзе ў коле сваякоў і блізкіх сяброў. А 13 лютага памёр…
Андрэй Мельнікаў, budzma.by
Дзве асноўныя кнігі, на якія я абапіраўся, ствараючы гэты тэкст, – “На выспе ўспамінаў” Валянціна Тараса і “Літаратар з беларускіх шасцідзясятнікаў” (з серыі “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры”) Алеся Мінскага (Анатоля Тараса).
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!