Увечары 30 сакавіка ў мінскай прасторы “Кніжная шафа” паэтка прадставіла сваю кнігу вершаў, што выйшла ў Бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў”. Сустрэчу зладзілі кампанія “Будзьма беларусамі!” і Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Перад пачаткам вечарыны ўсе ўдзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчання Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, які пайшоў з жыцця 29 сакавіка.
Выступілі Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і рэдактар кнігі Барыс Пятровіч, філосаф і аўтар эсэ пра творчасць паэткі Валянцін Акудовіч. Акустычны склад гурта “Ў” Раман Арлоў і Кацярына Поцюс выканалі колькі песень, сярод якіх былі і прэм’еры.
Адмысловымі былі непасрэдна чытанні спадарыні Валянціны: некаторыя вершы суправаджаліся тлумачэннямі, дзякуючы якім гледачы змаглі “прыўзняць заслону”, за якой хаваліся таямніцы стварэння тэкстаў. Напрыклад, дзікая сліва — гэта не што іншае, як цярноўнік, а цярновы вянец, як вядома, сімвал ахвярнасці і пакутаў Ісуса Хрыста.
У кнізе мноства біблійных і рэлігійных алюзій, і, пэўна ж, далёка не ўсе яны былі раскрытыя пісьменніцай падчас сустрэчы. Слушна, іначай чытачам было б не настолькі цікава спасцігаць “онталагічныя глыбіні, да якіх у беларускай паэзіі, акрамя Валянціны, дабіраецца хіба Алесь Разанаў” (Валянцін Акудовіч), “складаныя з’явы, якія апісваюцца проста і дакладна, без залішніх вершаваных упрыгожанняў, без лішніх слоў” (Барыс Пятровіч).
Элітарная паэзія, вядома, зразумелая не кожнаму. Публіка была нешматлікая, затое адданая: прыхільнікі творчасці пані Валянціны цытавалі яе вершы на памяць і дзеля атрымання аўтографаў прынеслі з сабой некалькі розных ранейшых зборнікаў аўтаркі, а не толькі “Дзікую сліву”.
Наведнікі мелі магчымасць пагутарыць з пісьменніцай у нефармальнай атмасферы, а кожны пакупнік “Дзікай слівы” атрымаў у падарунак “Віно з Каліфорніі”.
Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org