18 снежня адбылася чарговая вандроўка, якую зладзіла МГА “Гісторыка” пры падтрымцы грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. А расказваў пра гістарычныя помнікі знакаміты краязнаўца Мікола Півавар.
Экскурсанты пабачылі касцёл Святой Тройцы ў Астроўне, а таксама рэшткі сядзібы Льва Сапегі, Свята-Троіцкую і Міхайлаўскую царкву ў вёсцы Чарэя. У Бачэйкаве азнаёміліся з рэшткамі садова-паркавага комплексу князёў Цеханавецкіх, які датуецца XVIII стагоддзем. У вёсцы Дабрыгоры ўдзельнікі наведалі парк “Саломінка”. Ён разбіты ваенным доктарам Уладзімірам Красавіцкім. У свой час у парку было шмат рэдкіх для нашага краю раслін, такіх, такіх арэх манчжурскі або лімоннік кітайскі.
Незвычайным адкрыццём для падарожнікаў стала супадзенне даты вандроўкі – 18 снежня 12-га месяца – з адной з самых значных датаў гісторыі Беларусі – 1812 годам, годам вайны з Напалеонам Банапартам. Вобразы бітваў, што адбыліся на Віцебшчыне, здаецца, паўставалі перад вачыма. І нават трохі золкае надвор’е не перашкодзіла асабліва апантаным, пакінуўшы ўтульны аўтобус, сфатаграфавацца на фоне абеліска ў гонар перамогі над войскамі Напалеона пад Астроўнам ва ўсіх магчымых (і немагчымых) геройскіх позах. Пераможны дух таго часу, пэўна, засяліўся ў кожнага і дапамог змагацца з кліматычнымі капрызамі прыроды.
А ў вёсцы Іванск, што ў Чашніцкім раёне, удзельнік вандроўкі мелі магчымасць дакрануцца да гісторыі сваімі рукамі. Там пры мясцовай школе створаны краязнаўчы музей, прысвечаны адной толькі вёсцы – Іванску. Заснаваў яго беларускі краязнаўца Віктар Вільгельмавіч Грыбко. Разам са сваімі вучнямі ён збіраў экспанаты, разам з імі вырабляў дэталі да экспазіцый. У музеі можна пабачыць і прылады працы першабытных людзей, і зазірнуць у тыповую беларускую хату. Мужчынскую палову вандроўнікаў асабліва зацікавіў тэрмасок з бяросты ды прылада для пілавання дрэваў, а вось жаночая частка ўпадабала чарадзейны грабеньчык, некалі загавораны бабцяй-знахаркай на добрага мужа і лад у сям’і. Пазнейшы час таксама адлюстраваны ў музеі ў рэчавым выяўленні: тут знайшоўся нават тэлефон гадоў Вялікай Айчыннай вайны, які ўсё яшчэ працуе.
Пасля далёка не сумных хвілінак у музеі вялікая кампанія на чале з Віктарам Вільгельмавічам (“невычэрпнай крыніцай пазітыву”, як адгукаюцца пра яго ўсе, хто калі-небудзь меў шчасце прабавіць у таварыстве гэтага чалавека хоць колькі часу) рушыла да сядзібна-паркавага комплексу Валадковічаў, а дакладней да таго, што сёння ад яго засталося, каб знайсці сапраўдны сумны сімвал сённяшняга стану Беларусі – буслянку наверсе рэшткаў сцяны разбуранай сядзібы, з якой выляталі крумкачы. Асабліва закрануў удзельнікаў вандроўкі аповед Віктара Вільгельмавіча пра нашчадкаў роду Валадковічаў, якія, жывучы цяпер у Нідэрландах, памятаюць пра радзіму продкаў і нават колькі часу таму наведалі Іванск, пабылі ў музеі, маліліся ля старой каплічкі, паслухалі паланез Агінскага, выкананы на цымбалах… І не маглі стрымаць слёз замілавання ад зямлі, повязь з якой не разрываецца і праз стагоддзі.
У Бешанковічах вандроўнікі пабачылі палац Храптовічаў. Будынак датуецца XVIII стагоддзем, але цяпер ён пафарбаваны і адрэстаўраваны, нават не скажаш, што яму больш за 200 гадоў! Толькі арыгінальнае ліццё, якое захавалася з тых часоў, выдае яго ўзрост. У Бешанковічах таксама знаходзіцца знакаміты дуб Напалеона. Але цяпер ад яго застаўся толькі высачэзны абрубак. Дрэва захварэла, пачало падсыхаць, і мясцовыя ўлады вырашылі спілаваць яго, нават не паспрабаваўшы лячыць. Але, нават спілаваўшы ўсе галінкі і пакінуўшы толькі стваліну, улады не здолелі пазбавіць дуб яго велізарнай энергетыкі. Яго моц вабіла ўсіх, і таму, абхапіўшы дрэва рукамі, шэсць чалавек пэўны час не маглі адарвацца ад яго, запускаючы ў сябе гаючую энергію старадаўняга дрэва часоў Напалеона. А затым, ужо значна паздаравеўшыя, рушылі ў адваротным кірунку. Вандроўка была на зыходзе… Але беларускія спевы і жывое абмеркаванне ўбачанага яшчэ доўгі час не змаўкалі ў цёплым аўтобусе…
Не будзе перабольшаннем сказаць, што вандроўка “18.12” падарыла неверагодна добры настрой усім яе ўдзельнікам без выключэння. Гэта была цудоўная магчымасць адкрыць для сябе свой родны куток нанова, дазнацца пра такую Віцебшчыну, якой раней яе нават і не ўяўляў: багатай на вялікіх асоб і вялікія падзеі. І ўсё гэта стала магчымым дзякуючы дапамозе грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Артыкул: Крысціна Партоліна і Марына Пятрова
Здымкі: Дзмітры Лось
Тэгі: Віцебшчына