Вандруем шляхамі Язэпа Драздовіча

Сёлета 13 кастрычніка споўнілася 135 год з дня народзінаў вядомага беларускага мастака, графіка, аднога з заснавальнікаў беларускага гістарычнага жывапісу, разьбяра, скульптара, краязнаўцы, настаўніка, літаратара, аднога з першых у Беларусі даследчыкаў космасу Язэпа Нарцызавіча Драздовіча. Творчасць Драздовіча пры жыцці была недаацэнена, ягоную спадчыну культуролагі і мастацтвазнаўцы пачалі адкрываць усяго некалькі дзесяцігоддзяў таму. Сёння ў нашай вандроўцы прапануем наведаць мясціны, звязаныя з жыццёвым шляхам Язэпа Нарцызавіча, прайсціся ягонымі сцежкамі і пабачыць захаваныя творы вандроўнага мастака.


Язэп Драздовіч, аўтапартрэт 1943Язэп Драздовіч. Аўтапартрэт, 1943

Пунькі

Пачнем наш маршрут з Глыбоцкага раёна, з Галубіцкай пушчы, на ўскрайку якой, у засценку Пунькі, 13 кастрычніка 1888 года і нарадзіўся Язэп Драздовіч. Засценкам называлі паселішча кшталту хутара, якое арандавала, як правіла, дробная шляхта. Да такіх збяднелых шляхцічаў належаў і бацька Драздовіча. Непасрэдна ў Пуньках Язэп пражыў толькі пару гадоў. Хлопчыку было два гады, калі памёр ягоны бацька. Маці засталася адна з шасцю дзецьмі. З гэтага часу і пачалася бясконцая вандроўка Драздовіча, бо сям’я не раз змяняла месца жыхарства ў ваколіцах Галубіцкай пушчы.

Язэп Драздовіч з маці і старэйшым братам. Дзісна. 1907Язэп Драздовіч з маці і старэйшымі братамі. Дзісна, 1907

У сваіх дзённіках мастак часта ўзгадваў «сваю Дзісеншчыну»: у колішні Дзісенскі павет уваходзіла тэрыторыя сучаснага Глыбоцкага раёна, часткова Шаркаўшчынскага, Мёрскага і Докшыцкага. Сярод шматлікіх замалёвак Дзісеншчыны ёсць у Язэпа Драздовіча і некалькі малюнкаў роднага засценка Пунькі.

Засценак Пунькі. Язэп Драздовіч, 1922Язэп Драздовіч. Засценак Пунькі, 1922

Сёння ад Пунькаў нічога не засталося. Будынкі даўно разбураныя, месца здзічэла ды зарасло хмызняком. Толькі па старой ліпе можна ўявіць, дзе калісьці стаяла хата. Засценак быў зліквідаваны ў 2018 годзе, на месцы, дзе ён размяшчаўся, у кастрычніку таго ж года ўсталяваны мемарыяльны камень.

Засценак Пунькі. Памятны каменьЗасценак Пунькі, мемарыяльны камень. Фота: glubokoe.vitebsk-region.gov.by

Ліпляны

На паўночны захад ад былога засценка Пунькі месціцца вёска Ліпляны, сюды варта дабрацца, каб наведаць магілу Язэпа Драздовіча на мясцовых могілках. Надмагільны помнік выкананы беларускім скульптарам і мастаком Аляксандрам Шатэрнікам. Памёр Язэп Нарцызавіч увосень 1954 года ад раку страўніка, яго, непрытомнага, знайшлі на адной з дарог Дзісеншчыны месцічы, адвезлі ў лякарню ў Падсвіллі, адкуль ён больш ніколі не вярнуўся.

Надмагілле Язэпа ДраздовічаНадмагілле Язэпа Драздовіча. Фота: planetabelarus.by

Па заканчэнні Другой сусветнай вайны праз праблемы са здароўем Язэп Драздовіч мала працаваў. Асноўнай крыніцай ягоных заробкаў у той час былі маляваныя дываны для месцічаў навакольных вёсак, дапамога ім па гаспадарцы. Зрэдчас мастак пісаў краявіды, партрэты. Савецкія чыноўнікі ад ідэалогіі і культуры ставіліся да творчасці Язэпа Драздовіча як да нявартай увагі. Ён не быў прыняты ў саюз мастакоў і не меў магчымасці ўладкавацца на працу, увасабляць у жыццё сваё творчае пакліканне. Так, беспрытульна вандруючы па ваколіцах, і пражыў свае апошнія гады прадстаўнік адукаванай беларускай інтэлігенцыі, не патрэбны савецкай дзяржаве.

Шафа, размаляваная Язэпам ДраздовічамШафа, размаляваная Язэпам Драздовічам. Фота: t.me/vioskiby

У Ліплянах яшчэ можна сустрэць жыхароў, якія добра памятаюць мастака як вечнага вандроўніка, што хадзіў у белым паліто паміж вёскамі, натхнёна захапляўся навакольнай прыгажосцю, распавядаў цікавыя гісторыі, размалёўваў шафы, дываны, дапамагаў па гаспадарцы ўзамен на начлег, паесці ці зарабіць на магчымасць маляваць. Па сённяшні дзень у мясцовых хатах можна сустрэць то дыван, то шафу, аздобленую роспісам Язэпа Нарцызавіча. Варта павандраваць па навакольных вёсках і з гэтай мэтай.

Аўтабіяграфія на доследах старажытных гарадзішчаў, 1930-1947Аўтабіяграфія. На доследах старажытных гарадзішчаў. 1930–1947

Раней, на хвалі беларускага адраджэння, дзейнасць Язэпа Драздовіча была вельмі запатрабаванай. З 1910-га ён аздабляў беларускія друкаваныя выданні, настаўнічаў, займаўся археалогіяй, замалёўваў прадметы матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажы людзей, у 1920-я супрацоўнічаў з Віленскім беларускім музеем Івана Луцкевіча, нават наладзіў сувязі музея з Інбелкультам у Мінску, заснаваў мастацкую студыю ў Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў маляванне ў Наваградскай беларускай гімназіі, афармляў тэатральныя выставы.

Дэкарацыя для спектаклю драматычнай секцыі беластоцкага ТБШ 1933Дэкарацыя для спектаклю драматычнай секцыі Беластоцкага ТБШ «Замчышча», 1933. Фота: radio.bialystok.pl 

Адметнай рысай творчасці Язэпа Драздовіча было захапленне космасам. Мастака часам называюць беларускім Леанарда да Вінчы: у сваіх летуценнях пра космас у творы «Нябесныя бегі», выдадзеным па-беларуску ў Вільні ў 1931 годзе, ён прымроіў нават шматступенчатую ракету. І скафандры мастак намаляваў задоўга да першага палёту чалавека ў космас. У «Нябесныях бегах» Язэп Нарцызавіч выклаў шэраг сваіх тэорый пра паходжанне планет Сонечнай сістэмы і руху Зямлі. Навуковую каштоўнасць Драздовіцкіх вынаходніцтваў даследчыкі крытыкуюць, але ж культуралагічная каштоўнасць іх неаспрэчная.

Нябесныя бегі. вокладка, 1931Нябесныя бегі, вокладка, 1931

"Вечар у пустэльні на Марсе", 1932Язэп Драздовіч. "Вечар у пустэльні на Марсе", 1932

Праз некалькі год пасля «Нябесных бегаў» мастак працягнуў тэму космасу трыма серыямі карцінаў «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы». Але ж і космас бачыўся Драздовічу беларускім. Мастак выяўляў яго на сваіх карцінах, дзе сатурніянскія краявіды вельмі нагадваюць родную Дзісеншчыну, у штучным моры можна пазнаць Беларускае Паазер’е, а ў тварах сатурніянцаў чытаюцца тыпажы мясцовых жыхароў.

"Падкружнікавы краявід на планеце Сатурн" 1931"Падкружніковы краявід на планеце Сатурн", 1931

"Гара Варганіха" 1926"Гара Варганіха", 1926

Падсвілле

Далей рушым у Падсвілле Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Тут нас цікавіць школьны краязнаўчы музей, дзе частка экспазіцыі прысвечаны вандроўнаму мастаку. У адрозненне ад большасці падобных лакальных музеяў тут ёсць на што паглядзець. У экспазіцыі апроч шматлікіх копіяў працаў Язэпа Нарцызавіча прадстаўлены і арыгінальныя экспанаты. Яшчэ варта звярнуць увагу на шыльду, напісаную Язэпам Драздовічам незадоўга да скону, якую ён падараваў тагачаснаму ўладальніку засценка Пунькі, дзе нарадзіўся. На ёй напісана: «Пунькі на Галубіцкай пушчы, нарадзіўся ў 1888 г. Язэп Нарцызавіч Драздовіч».

У школьным музеі, ПадсвіллеПадсвілле, у школьным краязнаўчым музеі. Фота: planetabelarus.by

Германавічы

Далей па маршруце колішняе мястэчка старажытнай Дзісеншчыны, сёння вёска Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. Тут у сядзібе Шырынаў, узведзенай у XVIII стагоддзі ў стылі класіцызм месціцца Германавіцкі музей культуры і побыту імя Язэпа Драздовіча. У ім захоўваецца вялікая колькасць працаў вандроўнага мастака. Тут можна пабачыць нават калекцыю падарожных кійкоў Язэпа Нарцызавіча, кожны з якіх — сапраўдны твор мастацтва. Сёння ў фондах музея ў Германавічах — 38 працаў Язэпа Драздовіча, 14 з іх прадстаўлены ў экспазіцыі. Сярод іх — жывапіс, графіка, знакамітыя маляванкі.

Музей у Германавічах 01Германавічы, музей. Фота: planetabelarus.by

Музей у Германавічах 02Германавічы, у музеі

Вялікая колькасць экспанатаў з’явілася ў музеі дзякуючы руплівай працы Ады Эльеўны Райчонак, беларускай грамадскай дзяячкі, якая доўгі час выкладала ў мясцовай школе. Унёсак Ады Эльеўны ў развіццё культурніцкага жыцця ў Германавічах ды турыстычнага патэнцыялу мясцовасці цяжка перабольшыць. У Германавічах працуе створаны Адай Райчонак літаратурна-мастацкі музей, які таксама варта наведаць. Яшчэ раім не абмінуць і мясцовыя могілкі, тут пахаваная маці Язэпа Драздовіча Юзэфа. Надмагілле было зроблена паводле замовы і эскізу мастака.

Надмагілле Юзэфы ДраздовічГерманавічы, надмагілле Юзэфы Драздовіч

Музей у Германавічах 03Германавічы, у музеі

Глыбокае

Далей рушым у Глыбокае, дзе ў мясцовым гісторыка-этнаграфічным музеі можна пабачыць некалькі арыгінальных працаў Язэпа Нарцызавіча. Сярод іх пейзаж фантастычнай далёкай краіны, маляваны дыван з начным краявідам. Варта звярнуць увагу і на сам будынак музея, узведзены ў 1930-я гады з чырвонай цэглы, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі рэгіянальнага значэння.

Музей у Глыбокім 01Глыбокае, у музеі

Для тых, каму будзе недастаткова экспазіцыі музея, супрацоўнікі ўстановы распрацавалі экскурсійныя маршруты. Адзін з іх роварны «Дарогамі дзядзькі Язэпа» з прыпынкамі ў вёсках і мястэчках, дзе вандраваў Язэп Нарцызавіч. Яшчэ наведвальнікам маршрута прапануюць пачытаць дзённік мастака, азнаёміцца з археалагічнымі помнікамі, якія ён даследаваў.

Музей у Глыбокім 02Глыбокае, у музеі

Да таго ж у Глыбокім варта звярнуць увагу і на помнік Язэпу Драздовічу, які месціцца на «Алеі славутых землякоў» сярод 9 бронзавых бюстаў знакамітым ураджэнцам Беларусі, чый лёс быў звязаны з Глыбоччынай. Помнікі былі ўсталяваны ў скверы паміж Траецкім касцёлам і комплексам колішняга кляштара кармелітаў у 2012 годзе да Дня беларускага пісьменства.

помнік Язэпу Драздовічу ў ГлыбокімГлыбокае, помнік Язэпу Драздовічу. Фота: planetabelarus.by

Заслаўе

У Заслаўскім Музеі маляванкі, што месціцца ў флігелі — адзіным ацалелым будынку колішняга палацава-паркавага комплекса Пшаздэцкіх пачатку мінулага стагоддзя, прадстаўлена вялікая калекцыя маляваных дываноў Язэпа Драздовіча. Руплівыя супрацоўнікі правядуць цікавую экскурсію і параяць набыць густоўных сувеніраў на ўспамін. У залі, прысвечанай Язэпу Драздовічу, варта звярнуць увагу на столь, якая тэматычна сімвалізуе зорнае неба. Каб замацаваць уражанні, у музеі ёсць магчымасць паглядзець дакументальны фільм пра жыццё і творчасць мастака.

Музей у Заслаўі 01Заслаўе, у Музеі маляванкі. Фота: 34travel.me

Музей у Заслаўі 02Заслаўе, у Музеі маляванкі. Фота: 34travel.me

Мінск

Пазнаёміцца са спадчынай Язэпа Драздовіча таксама можна ў нацыянальных сталічных музеях — мастацкім і гістарычным. У пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея знаходзіцца ўсяго 5 адметных працаў мастака. Але музеем перыядычна да значных памятных датаў праводзяцца тэматычныя выставы, на якіх дэманструюцца карціны і барэльефы рукі майстра, што знаходзяцца ў фондах.

"Прарок" 1931"Прарок", 1931

Вядома, што Язэп Драздовіч яшчэ цікавіўся археалогіяй. Сярод ягоных працаў ёсць і замалёўкі археалагічных помнікаў. У Нацыянальным гістарычным музеі можна пабачыць частку ягонай унікальнай археалагічнай калекцыі і іншыя цікавыя экспанаты.

Археалагічная калекцыя Язэпа ДраздовічаФрагмент археалагічнай калекцыі Язэпа Драздовіча

А ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў да 13 лістапада працуе выстава «Самародак зямлі беларускай», прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча.

На выставе прадстаўленыя ўнікальныя дакументы і артэфакты, матэрыялы з рукапіснага архіва мастака. Займаўся ён і літаратурнай працай, пісаў вершы, паэмы, апавяданні, артыкулы. На выставе можна пазнаёміцца з аўтографамі яго літаратурных твораў. Яшчэ сярод цікавых экспанатаў — партрэт маці Драздовіча, які раней не выстаўляўся. Падрабязней пра выставу можна пачытаць тут.

Выстава "Самародак зямлі беларускай"Выстава "Самародак зямлі беларускай". Фота: csl.bas-net.by

Язэп Вараніцкі, budzma.org

Чытайце яшчэ: У Мінску паказваюць знакамітыя «касмічныя серыі» Язэпа Драздовіча. Некаторыя з работ выстаўляюцца ўпершыню