Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Гэтым разам рушым у вандроўку па Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Тут нас чакае шмат цікавых прыродных і архітэктурных помнікаў, важных для гісторыі нашага краю імёнаў, месцаў памяці. Сёння наведаем маляўнічую вёску Варняны, дзе захавалася забудова ХVIII стагоддзя, касцёл 1760-х гадоў з абразамі рукі знакамітага мастака Сымона Чаховіча, рэшткі некалі велічнага сядзібна-паркавага ансамбля Абрамовічаў ды шмат іншага; і вёску Дубнікі, у якой захаваліся рэшткі маёнтку Мінейкаў з сядзібай ХІХ стагоддзя, дзе ў 1880-х працаваў над сваім раманам «Пан Уладыеўскі» сам Генрык Сянкевіч.
Фота: planetabelarus.by
Чытайце па тэме:
Варняны
Спачатку завітаем у другі па велічыні населены пункт Астравецкага раёна пасля ўласна Астраўца — аграгарадок Варняны. Упершыню паселішча ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1391 годзе як уладанні Уладзіслава ІІ Ягайлы. Напрыканцы ХVІ стагоддзя ўжо іншым каралём, Стэфанам Батурам, Варняны перададзеныя за дзяржаўныя заслугі Яну Абрамовічу. Найбольшага росквіту Варняны дасягнулі акурат за Абрамовічамі, якія гаспадарылі тут ажно да 1860 года.
Варняны, сядзіба Абрамовічаў, 1824
Варняны, рынак, 1937, фота Ян Булгак
Фота: planetabelarus.by
Самай энергічнай гаспадыняй, якая збольшага і прадвызначыла, як будзе выглядаць мястэчка сёння, была Марцыяна Абрамовіч. Яна працягнула распачатае мужам у 1760-х гадох будаўніцтва мураванага касцёла Святога Юрыя і двух будынкаў побач з ім — плябаніі і аптэкі. Рынкавую плошчу было вырашана абставіць з двух бакоў шаснаццаццю драўлянымі жылымі дамамі з цаглянымі фасадамі і сценамі, якія спалучаліся аркамі. Разам з жылой забудовай была ўзведзена карчма і гандлёвыя шэрагі. На месцы старой сядзібы Абрамовічаў Марціянай быў збудаваны новы двухпавярховы палац з флігелямі, да якога была высаджана ліпавая прысада даўжынёй больш за трыста метраў ажно да самага касцёла.
Варняны, рынак, Напалеон Орда, 1875–1877
Фота: planetabelarus.by
Да нашых дзён ад гэтага шматфункцыянальнага архітэктурнага ансамбля ў Варнянах захаваліся касцёл, плябанія і аптэка, некалькі часткова перабудаваных жылых дамоў. Сам палац Абрамовічаў не ацалеў, ён быў спалены падчас Першай сусветнай вайны. Як выглядаў палац у 1870-х можам уявіць дзякуючы малюнку Напалеона Орды.
Варняны, палац Абрамовічаў, Напалеон Орда, 1875–1877
Палац Абрамовічаў, 1900
Фота: planetabelarus.by
Што тычыцца касцёла, то, нягледзячы на перабудову ХІХ і ХХ стагоддзяў, выкарыстання ў якасці клуба за савецкім часам, будынак захаваў свой аўтэнтычны познебарочны выгляд з 1769 года. Храм быў узведзены на месцы ранейшага касцёла 1462 года пабудовы, які напрыканцы XVІ стагоддзя пераўладкаваны пад кальвінскі збор Янам Абрамовічам. Ян Абрамовіч быў уплывовым гармадскім, палітычным, рэлігійным дзеячам свайго часу, напрыканцы XVI стагоддзя — адным з лідараў Рэфармацыі ў Вялікім княстве Літоўскім. Неўзабаве пры кальвінскім зборы гаспадаром Варнянаў былі адчынены шпіталь і школа.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Унук Яна Абрамовіча — Самуэль Абрамовіч — прыняў каталіцкую веру і перарабіў у 1654 годзе кальвінскі збор зноў пад касцёл. З XVIII стагоддзя да 1842 года ў Варнянах служылі манахі ордэна Святога Роха. За імі і быў узведзены касцёл, які мы можам пабачыць тут сёння. Унутры касцёла варта звярнуць увагу на роспіс храма і абразы рукі слыннага мастака Сымона Чаховіча і ягоных вучняў. Марцыяна Абрамовіч, згодна з яе тэстаментам, была пахаваная ў крыпце пад парогам касцёла Святога Юрыя ў Варнянах.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Ад палаца-паркавага ансамбля Абрамовічаў да нашых дзён ацалелі парк, млын і стылізаваная пад готыку рамантычная вежа-данжон з чырвонай цэглы, якая размешчана на маляўнічай выспе сярод сажалкі, куды можна трапіць па адным з нешматлікіх развадных мастоў у Беларусі. У адрамантаванм будынку колішняга млына, складзеным з бутавага каменю, праводзяцца мясцовыя святы.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Дубнікі
Далей рушым у вёску Дубнікі Астравецкага раёна. Дубнікі — паселішча, старэйшае за Астравец, — упершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1462 годзе як уладанні Сангайлаў. Пазней у паселішча часта змяняліся гаспадары. Вядома, што маёнтак у розныя часы належаў Абрамовічам, Бжастоўскім, але найбольшага росквіту Дубнікі дасягнулі, калі тут гаспадарыў род Мінейкаў.
Спачатку Мінейкі жылі ў драўляным палацы ХVII стагоддзя, як мяркуюць, які быў узведзены яшчэ Абрамовічамі. Але ў 1878 годзе Браніслаў Мінейка пабудаваў новы палац у эклектычным стылі, паводле праекта інжынера Вайніцкага з Пецярбурга. Будынак у трохі змененым выглядзе, але збольшага аўтэнтычным, захаваўся да нашых дзён. Ён двухпавярховы з аднапавярховымі бакавымі аб’ёмамі, першы паверх мае цалкам мураваны, другі — драўляны.
Фота: @tomkad
Фота: @tomkad
Фота: @tomkad
Палац меў шмат пакояў рознай формы і прызначэння. Тут месціліся калекцыі мастацкіх і сямейных каштоўнасцей. Будынак размяшчаўся пасярод пейзажнага парку, які заклала Анэля з Шабуневічаў, жонка Міхала Мінейкі, яшчэ да ўзвядзення новага палаца. Да нашых дзён захаваліся невялікія фрагменты парку, сажалка з выспай, часткова прысады. Шматлікія ж гаспадарчыя пабудовы пры сядзібе разбураныя амаль цалкам, ацалелеў толькі будынак лядоўні, складзены з бутавага каменю.
Фота: fotobel.by
Вядома, што ў 1880-х гадах у гаспадароў палаца гасцяваў Генрык Сянкевіч — знакаміты пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі. У сядзібе Мінейкаў ён ствараў свой раман «Пан Уладыеўскі». Род Сянкевіча паходзіў з мясцовых татараў, якія былі запрошаныя ў Вялікае княства Літоўскае яшчэ Вітаўтам. Толькі ў XVIII стагоддзі яны прынялі каталіцтва і пераехалі ў Польшчу. Маці пісьменніка таксама паходзіла з беларускай шляхецкай сям’і. Добрым сябрам Браніслава Мінейкі быў і іншы знакаміты драматург ды пісьменнік Аляксандр Фрэдра.
Генрык Сянкевіч
Пражылі Мінейкі ў Дубніках амаль паўтара стагоддзя. Калі прыйшла савецкая ўлада, пачала рабаваць, знішчаць шляхецкія маёнткі ды забіваць гаспадароў без суда і следства, апошнія гаспадары Дубнікаў спрабавалі ўцячы, але атрымалася толькі ў гаспадыні. Месцічы, якія вельмі добрым словам узгадваюць Мінейкаў, распавядаюць, што пана Мінейку расстралялі ў Катлоўскім лесе.
Сядзіба ў Дубніках захавалася да нашых дзён дзякуючы таму, што ў ёй за савецкім часам доўгі час месціўся дом-інтэрнат для людзей з псіхічнымі адхіленнямі. Сёння будынак пустуе ды ніяк не выкарыстоўваецца, праз што імкліва ператвараецца ў крушні.
Фота: @tomkad
Паглядзіце выпуск відэапраекта Край.BY «Дубнікі». Фільм дапаможа адказаць на пытанне, што ж натхніла ў Дубніках Генрыка Сянкевіча на напісанне бессмяротнай трылогіі, якая прынесла Нобеля яе аўтару.
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ