Нешта зачасцілі ў Беларусь сёлета мегазоркі, ці варта нагадваць пра скандальны канцэрт Rammstein, або чаканы ў кастрычніку выступ Джо Кокера, ці канцэрт сэра Элтана Джона, які пройдзе на наступным тыдні.
Не абышла сваёй увагай мінскую публіку і віртуозная скрыпачка, мультыплатынавая зорка (больш за 40 узнагарод!), стваральніца ўласнага музычнага стылю і прызнаная прыгажуня (уваходзіць у спіс 50 самых прыгожых людзей планеты паводле версіі часопіса People) — Ванэса Мэй.
У нядзелю 20 чэрвеня адбыўся ў Палацы спорту яе канцэрт у суправаджэнні струннай групы Прэзідэнцкага аркестра.
У шоў-праграму «Чароўная скрыпка» (своеасаблівы The Best) увайшлі вядомыя хіты з альбомаў розных гадоў. Пачынаючы з Toccata and Fugue in D Minor з першай «поп»-кружэлкі — The Violin Player («Скрыпачка», 1995), якая стала за лічаныя месяцы «залатой» (прададзена больш за 8 мільёнаў асобнікаў) і заканчваючы кампазіцыямі з апошняга альбома — Choreography (2004), іскрынкай якога лічыцца ірландска-азіяцкі мікс Emerald Tiger, створаны сумесна з Riverdance’s.
Не засталіся ўбаку і песні з іншых паспяховых альбомаў — Storm (1997) і Subject to Change (2001).
Шчаслівыя тыя, каму «ўжывую» адкрылася таемства «скрыпічнай тэхна-акустыкі» — непаўторна гарманічны свет класічных мелодый, умела ўвянчаны гукамі рарытэтнай скрыпкі майстра Гуанданьіні (вучня Страдывары, 1761 г.) — любімай скрыпкі артысткі.
Па ходзе праграмы публіка магла ацаніць гучанне і дзвюх электраскрыпак з калекцыі чараўніцы Ванэсы: празрыстую (з оргшкла) працы Тэда Бруера і белую — фірмы Zeta мадэлі Jazz Fusion.
Яркія сінкопы і звонкія флажалета, выбуховыя арпеджыа і жвавыя трэмала то спынялі сэрцы, то прымушалі іх часта біцца, даводзячы публіку літаральна да экстазу.
Гэта другое наведванне Ванэсай нашай краіны, першае было ў 2002 годзе. Гэтым разам артыстка прыехала з групай рок-музыкаў, куды ўваходзяць басіст, барабаншчык, гітарыст і клавішнік.
Па заканчэнні шоў прайшла кароткая прэс-канферэнцыя, дзе Ванэса падзялілася сваімі ўражаннямі і радасцю ад таго, што яна зноў наведала Мінск, і паабяцала, што фанатам не давядзецца чакаць яе наступнага прыезду восем гадоў.
Ці то ўдалае сыходжанне зорак (нарадзілася ў адзін дзень з Нікало Паганіні), ці то мудрагелістае зліццё ўсходняй і заходняй культур (нарадзілася ў Сінгапуры, з 4-гадовага ўзросту жыла ў Лондане), ці то бясконцыя стараннасць і цярпенне ў асваенні музычнага інструмента прывялі да з’яўлення феномена брытанска-азіяцкай артысткі, усё ж пакуль застаецца загадкай.
Пры канцы — трохі «прозы жыцця». На ўваходзе ў Палац спорту — «вечная» чарга, бо чатыры асноўных уваходы не спраўляліся з наплывам публікі. На тэрміналах, што ўжо сталі звычкай, — праверка металадэтэктарам і ператрус сумак. А фатаграфаваць было можна толькі на першых дзвюх песнях, потым ахоўнікі спынялі ўсялякія спробы грамадзян пакінуць сабе памяць аб канцэрце, што выглядала вельмі пацешна, калі не сказаць інакш.