Вайна, у якой Расія падманула саму сябе

Чым усё можа скончыцца, калі пачынаеш верыць ва ўласную прапаганду? Урокі, якія Расія так і не вынесла з гісторыі стогадовай даўніны. Расказваем пра савецка-польскую вайну, памылкі якой паўтарае Расія і сёння.


Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны на мапе Еўропы з’явілася некалькі новых дзяржаў. Сярод іх аказалася і Польшча, якая амаль праз 150 год змагла аднавіць сваю дзяржаўнасць. У Расіі ў гэты час да ўлады прыйшлі бальшавікі, якія марылі аб сусветнай рэвалюцыі. Ці быў у Польшчы шанц пазбегнуць канфлікту, ці вайну насамрэч немагчыма было прадухіліць?

Аднаўленне польскай дзяржавы

Аб стварэнні Польскай Рэспублікі было абвешчана літаральна праз некалькі дзён пасля падпісання ў Камп’енскім лесе пагаднення аб перамір’і, якое скончыла Першую сусветную вайну ў лістападзе 1918 г. Версальскі мірны дагавор пацвердзіў прызнанне маладой Польскай Рэспублікі і вызначыў яе межы. У выніку Германія пазбавілася свайго найважнейшага порта Данцыг, які аб’яўляўся Вольным горадам, а тэрыторыя вакол яго далучалася да Польшчы. Гэтая вобласць стала звацца «данцыгскім калідорам», яна аддзяліла Усходнюю Прусію ад астатніх земляў германскай дзяржавы. 

Пасля плебісцыту да Польшчы таксама далучылася Паўднёвая Сілезія, насельніцтва якой прагаласавала за ўваход у склад новай дзяржавы. У снежні 1919 г. Вярхоўны Савет Антанты вызначыў усходнюю мяжу Польшчы, яна праходзіла па лініі Гродна — Ялоўка — Неміраў — Брэст-Літоўск — Дарогуск — Усцілуг, далей на захад ад Равы-Рускай, на ўсход ад Пярэмышлі. У асноўным гэтая лінія адпавядала этнічнаму прынцыпу пражывання палякаў. 

Такім чынам, Польская Рэспубліка аказалася адной з найбуйнейшых еўрапейскіх дзяржаў і па плошчы пераўзышла нават Італію.

Наваствораную дзяржаву ўзначаліў ураджэнец Віленскай губерні Юзаф Пілсудскі (1867–1935). 11 лістапада рэгенцкая рада Польшчы абвясціла яго камандуючым польскім войскам, а 14 лістапада перадала яму і поўную грамадзянскую ўладу, прызначыўшы яго «начальнікам дзяржавы».

Pilsudski.jpg
Юзаф Пілсудскі. Фота з сайту wikipedia.org

Пагроза з усходу. Пачатак вайны

З самага пачатку свайго існавання маладая польская дзяржава была амаль асуджана на супрацьстаянне са значна больш магутным суседам — Савецкай Расіяй. Можна сказаць, што Польшча на той момант фактычна стала сухапутным фарпостам Захаду ў барацьбе супраць бальшавікоў. Заяўляючы на ўвесь свет афіцыйна лозунг аб спыненні вайны «без анексій і кантрыбуцый», бальшавікі на справе рыхтаваліся да пачатку новай вялікай вайны на захадзе, імкнучыся такім чынам ажыццявіць на практыцы ідэі Троцкага і Леніна аб «перманентнай рэвалюцыі». Лідары бальшавікоў разглядалі Расію на той момант толькі як плацдарм, рэвалюцыйная хваля з якога павіна ў бліжэйшым будучым накрыць усю Еўропу.

Ленін, Троцкі.jpg
Ленін і Троцкі на Чырвонай плошчы падчас святкавання другой гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Фота з сайту wikipedia.org

У Еўропе гэтыя планы бальшавіцкага ўрада выдатна разумелі і з самага пачатку імкнуліся падтрымаць Польшчу ў яе непазбежнай будучай вайне супраць бальшавікоў. Асабліва моцныя былі антыбальшавіцкія настроі ў Францыі. У гэтай заходнееўрапейскай краіне пачалася, як бы зараз сказалі, масіраваная рэклама вярбоўкі французскіх афіцэраў і салдат для польскага войска. Многія французскія афіцэры, якія дэмабілізаваліся з фронту пасля заканчэння вайны, сталі паступаць на службу ў нанова створаную польскую армію, большая частка якой вербавалася з афіцэраў з ваенным вопытам. 

Узначаліў французскую ваенную місію ў Польшчы генерал Максім Вейган (1867–1965), герой вайны, былы начальнік штаба маршала Фоша. Ён жа быў ваенным саветнікам у кіраўніка Польшчы маршала Юзафа Пілсудскага. 

Францыя прадаставіла Польшчы крэдыт у памеры 1 млрд франкаў і перадала ёй 1494 гарматы, 2800 кулямётаў, 350 самалётаў, 800 грузавых аўтамабіляў. З Францыі былі перададзены 3 млн камплектаў абмундзіравання і 4 млн пар абутку. З Францыі ж прыбыла сфарміраванае ў 1917–1918 гг. польскае войска на чале з генералам Юзафам Галерам, колькасць якога вагалася ад 50 да 70 тысяч салдат. Да вясны 1920 г. у Польшчы была створана армія колькасцю ў некалькі соцень тысяч чалавек.

Бальшавікі не прымусілі сябе доўга чакаць. У студзені 1919 года пачалася савецка-польская вайна. Трэба сказаць, што палякі, маючы ўсяго троху болей за 350 тысяч байцоў у складзе Войска польскага супраць амаль мільёна салдат Чырвонай Арміі, дзейнічалі на пачатку вайны вельмі і вельмі ўдала. Яны занялі амаль усю Беларусь (да лініі рэк Заходняя Дзвіна і Бярэзіна) і частку Украіны (да лініі Наваград-Валынскі, Праскураў — Магілёў-Падольскі). 

Дзеянні польскіх войскаў у гэтай вайне атрымалі пазней даволі высокую адзнаку вайсковых дзеячаў Антанты. У канфлікце таксама бралі ўдзел войскі Украінскай Народнай Рэспублікі і Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі. У першай фазе вайны яны дзейнічалі супраць Польшчы, але неўзабаве зразумеўшы большую для сябе небяспеку з боку бальшавікоў, баявыя часткі УНР падтрымалі польскія войскі. 

21 красавіка 1920 г. польскі ўрад заключыў дамову з Дырэкторыяй Украінскай Народнай Рэспублікі, паводле якой Польшчай прызнавалася незалежнасць Украіны. 24 красавіка была заключана ваеннае пагадненне, згодна з якім Дырэкторыя абавязвалася весці сумесны наступ з польскімі войскамі і забяспечваць іх харчаваннем. Літаральна на наступны дзень польскія войскі сумесна з войскамі ўкраінцаў, якімі камандаваў Сымон Пятлюра, пачалі наступ па шырокім фронце ад ракі Прыпяць да Днястра. А яшчэ праз дзень сумесныя польска-ўкраінскія войскі ўжо занялі Жытомір і Корасцень, 6 траўня — Кіеў. Таксама ў баях супраць Чырвонай Арміі на Валыні і на тэрыторыі самой Польшчы ўдзельнічалі французскія добраахвотнікі.

«Цуд на Вісле» 

Вайна праходзіла з пераменным поспехам. Нягледзячы на дапамогу той жа Францыі, Польшча ўсё роўна моцна саступала Расіі ў тэхніцы і жывой сіле. Адбіўшы першы націск палякаў, Чырвоная Армія ў траўні перайшла ў наступ. Неўзабаве бальшавікі занялі большую частку Украіны і Беларусі. У ліпені 1920 г. Чырвоная Армія пачала наступленне на Варшаву. Вось тут у справу ўступіла заходняя дыпламатыя. 11 ліпеня 1920 г. лорд Керзон, міністр замежных спраў Англіі ва ультыматыўнай форме запатрабаваў ад Савецкага ўрада спыніць наступ. Савецкі ўрад выказаў гатоўнасць пагадзіцца на пачатак мірных перагавораў. Аднак наступ Чырвонай Арміі на Польшчу ўсё роўна працягваўся. Бальшавікі былі перакананыя, што краіны Антанты абмяжуюцца нотамі пратэсту, а польскае войска, якое несла даволі адчувальныя страты, хутка здасца.

Камандуючы Заходнім фронтам М. М. Тухачэўскі таксама падзяляў ілюзіі бальшавіцкага кіраўніцтва аб непазбежным рэвалюцыйным уздыме ў Польшчы пры з’яўленні там Чырвонай Арміі. Вось толькі палякі зусім не збіраліся здавацца. 

Скарыстаўшыся памылкамі камандавання Чырвонай Арміі, польскія войскі нанеслі ворагу шэраг цяжкіх паражэнняў, і Саветам прыйшлося адступіць ад Варшавы. 

Гэты эпізод вайны вайшоў у гісторыю пад назвай «цуд на Вісле» — Чырвоная Армія пацярпела моцную паразу ад значна больш слабейшых палякаў. 

Усяго за вайну ў польскі палон трапілі, па розных ацэнках, ад 80 да 200 тысяч чырвонаармейцаў, з якіх вялізная колькасць салдат загінула ад голаду і хвароб. Вайна фактычна была прайграна Савецкай Расіяй. 

У баявых дзеяннях пад Варшавай вызначыўся тады нікому яшчэ не вядомы французскі капітан Дэ Голь, які камандаваў змешаным пяхотна-танкавым атрадам. Ён быў узнагароджаны польскім крыжом Святога Венцлава і атрымаў званне маёра арміі Польскай Рэспублікі. Жартам лёсу можна лічыць той факт, што Дэ Голь і Тухачэўскі былі асабіста знаёмыя. Падчас Першай сусветнай вайны яны разам сядзелі ў нямецкім палоне ў крэпасці Інгольштадт.


Дэ Голь.jpg
Шарль дэ Голь падчас Першай сусветнай вайны. Фота з сайта planetabelarus.by

7 жніўня 1920 г. польскія ўлады паведамілі аб гатоўнасці пачаць перамовы. Савецкаму ўраду трэба было тэрмінова спыніць ваенныя дзеянні на польскім фронце, бо ў гэты час у Крыме актывізаваліся войскі барона Урангеля, смяротнага ворага савецкай улады. Пацярпеўшы разгром пад Варшавай, Саветы былі гатовыя ісці на значныя саступкі і ахвяры дзеля заключэння міру.

17 жніўня 1920 г. у Мінску пачаліся савецка-польскія перамовы. Яны цягнуліся некалькі месяцаў і скончыліся 12 кастрычніка ў Рызе. 18 сакавіка 1921 г. быў падпісаны мірны дагавор, які афіцыйна аб’яўляў аб спыненні вайны. Савецка-польская мяжа ўсталёўвалася значна на ўсход ад лініі Керзона, да Польшчы адышлі Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь. 

Абодва бакі абавязваліся паважаць дзяржаўны суверэнітэт адзін аднаго, узаемна адмаўляліся ад умяшання ва ўнутраныя справы, ад варожай прапаганды, абяцалі не дапускаць на сваіх тэрыторыях дзейнасці асоб ці груп, накіраваных супраць іншага боку (ніводзін пункт, праўда, не выканаў ніводзін з бакоў). Расія таксама пагадзілася вярнуць Польшчы ўсе навуковыя і культурныя каштоўнасці, вывезеныя з тэрыторыі Польшчы, пачынаючы з 1772 г. (з часу першага падзелу Рэчы Паспалітай). Да таго ж Савецкая Расія абавязвалася выплаціць Польшчы 30 млн залатых рублёў. Сама ж Польшча вызвалялася ад адказнасці за даўгі і іншыя абавязацельствы былой царскай імперыі.

Галоўная памылка бальшавікоў

Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што вынікі гэтай вайны не былі б для Саветаў настолькі стратнымі, калі б бальшавікі адпачатку ўяўлялі рэальную сітуацыю. Па сутнасці яны падманулі самі сябе. Галоўнай памылкай было іх глыбокае і цалкам памылковае перакананне ў тым, што польскі народ пакутуе ад прыгнёту з боку невялікай купкі «буржуазных нацыяналістаў», і варта толькі часткам Чырвонай Арміі ўступіць на тэрыторыю Польшчы, як польскі пралетарыят з радасцю кінецца іх сустракаць. 

Бальшавіцкія стратэгі банальна недаацанілі ўзровень нацыянальнага патрыятызму сярод палякаў, якія вырашылі самі вызначаць лёс сваёй краіны, без усялякіх падказак звонку, ад каго б гэтыя падказкі не ішлі.

Умовы міру для Савецкай Расіі былі зневажальнымі і цяжкімі. Шмат у чым яны нагадвалі ў мініяцюры Брэсцкі мір. Рыжскі мірны дагавор — змрочная і балючая старонка і ў беларускай гісторыі. Гэтая дамова, дзе дэлегацыі ад Беларусі нават адмовілі ва ўдзеле, на шмат гадоў падзяліла нашу Радзіму на дзве часткі.

Што ж датычыцца савецка-польскай пасляваеннай сітуацыі, то пазнейшае ўстанаўленне дыпламатычных адносін урада бальшавікоў з Польшчай не змянілі істотна характару ўзаемаадносін паміж дзвюма дзяржавамі. Разгром Урангеля ў лістападзе 1920 г. таксама не прынёс значных змен. Да і не мог ён нічога змяніць. Польшча абрала для сябе заходні кірунак развіцця, намагаючыся як мага мацней адмежавацца ад агрэсіўнага ўсходняга суседа.

Ілля Дняпроўскі, budzma.org