Вяселле і смерць звязаныя ў самым глыбінным сэнсе. Бывае, што ў сямейных архівах ад чалавека застаюцца толькі дзве фатаграфіі – вясельная і пахавальная.
Незалежная ініцыятыва VEHA плануе выданне дзвюх новых альбомаў з архіўнымі фотаздымкамі беларусаў і беларусак. Яны прысвечаныя самым старым і агульнавядомым сямейным рытуалам: вяселлю - «Дзявочы вечар», пахаванню - «Апошні фотаздымак».
Кнігі змяшчаюць больш за 300 фотаздымкаў, якія былі зробленыя з 1900 да 1985 году на тэрыторыі сучаснай Беларусі. VEHA сабралі іх дзякуючы аматарам фатаграфіі і калекцыянерам, якія дасылалі фотаздымкі са сваіх прыватных архіваў, а таксама ўнёску 13 музеяў. Акрамя багатага фатаграфічнага матэрыялу чытачы знойдуць у выданнях суправаджальныя тэксты, якія дапамагаюць уявіць кантэкст стварэння фота. Аўтаракі тэкстаў імкнуцца не толькі распавесці пра традыцыі беларусаў, але кажуць таксама пра гістарычныя, сацыяльныя ўмовы, у якіх развівалася беларуская сям’я, кажуць пра стан жанчыны ў грамадстве і табуіраванасць тэмы смерці. Разважаюць пра трансфармацыю рытуалаў вяселля і пахавання да сённяшняга дня і пра практыкі захавання гістарычнай памяці і даследавання гісторыі сваёй сям’і праз фотаархівы.
Кнігі паступяць у продаж у сакавіку, але вы ўжо зараз можаце пагартаць іх анлайн.
VEHA – гэта незалежная ініцыятыва, якая займаецца захаваннем аматарскай архіўнай фатаграфіі і гісторыяй штодзённасці.