Апошнія прэтэнзіі БПЦ МП зноў звярнулі ўвагу на праблему ўніятаў у Беларусі. Магчыма, на тле зацягвання краіны пад Расію рыхтуецца «канчатковае рашэнне ўніяцкага пытання»... Прынамсі, праваслаўныя не адмовіліся б ад такога шанцу.
Грэка-каталікі ў Беларусі
Іерархі БПЦ, за якімі стаіць Маскоўскі патрыярхат, не першы раз дакараюць рыма-каталікоў за падтрымку Грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы. Увесь час гэта нейкі торг, калі адзін бок сцвярджае, што лепш бы ўніятаў не было ў прынцыпе, а другі пераконвае: дык іх амаль і няма, бо ў Беларусі грэка-каталікі не маюць нават біскупа, адно архімандрыта.
«Козыры», якімі гэтым разам крылі праваслаўныя ў размове з апостальскім нунцыем, не такія ўжо і козыры. Уніяцкая царква, маўляў, не нашчадак той колішняй Уніі 1596 года, а прадукт 1990-х. Уніяцкі архімандрыт Сяргей Гаек, маўляў, паляк і па нараджэнні — рыма-каталік. А грэка-каталіцкія грамады «практычна не маюць патэнцыялу развіцця ў РБ...»
Забаўна. Калі праваслаўныя з некім і варагавалі, то акурат з той Уніяцкай царквой 1596 года выпуску. За абрад і, канечне ж, царкоўную маёмасць. Менавіта тады канфесійнае супрацьстаянне было «на павышаных танах», з-за чаго і быў закатаваны Язафат Кунцэвіч.
У выніку той гісторыі праваслаўная царква ў прынцыпе знікла з ВКЛ, бо парафіі з вернікамі і святыні перайшлі ўніятам. Але якія прэтэнзіі да новапаўсталай царквы 1990-х, як сцвярджаюць у БПЦ? Ніводнага праваслаўнага храма яны ў праваслаўных не забралі. Уся маёмасць уніятаў пасля 1839-га перайшла праваслаўным. У 1990-х уніяты нічога свайго не вярнулі ды і не моцна стараліся. У чым праблема?
Грэка-каталікі ў Беларусі
Калі пра пераемнасць, то Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату быў створаны ў 1989-м. Наіўна думаць, што там ёсць нейкая пераемнасць ад часоў заснавання Полацкай епархіі ў рагвалодавы часы. За 1000 гадоў беларускія праваслаўныя некалькі разоў мянялі падпарадкаванне. Пасля перацяклі ва Уніяцкую царкву. Зноў з’явіліся ў 1839-м па загадзе цара ў выніку ліквідацыі Уніі. Перажылі бальшавіцкі тэрор і былі «перасабраныя» Сталіным, як і ўвесь Маскоўскі патрыярхат. БПЦ сёння — гэта філіял РПЦ без аніякага права на самастойныя рашэнні. Мерацца «доўгай гісторыяй» — дакладна не козыр БПЦ.
З польскім паходжаннем архімандрыта Гаека яшчэ цікавей. Бо праваслаўны Мітрапаліт Філарэт, з якога і пачалася БПЦ МП у 1989-м, у міры Кірыл Вахрамееў — ураджэнец Яраслаўля, са старога купецкага роду. Пасля яго быў Мітрапаліт Павел, у міры Георгій Панамароў — ураджэнец Караганды, з сям’і рабочых. Абодва расійцы. Толькі мітрапаліт Веніямін паходзіць з Лунінца.
Праваслаўныя даракаюць Гаеку, што ён па нараджэнні рыма-каталік лацінскага абраду. Але маўчаць, у якім узросце ў веру Хрыстову былі ахрышчаныя іхныя іерархі. Ці былі акцябратамі, камсамольцамі, ці мелі партыйныя білеты? У якім узросце з імі развіталіся ці... не развітваліся ў прынцыпе, апрануўшы святарскія строі?
Здаецца, уся хрысціянская навука трымаецца на тым, што паходжанне і нават мінулае чалавека не мае значэння. Важна тое, кім ты ёсць і ўва што верыш. Апосталы Хрыста ад нараджэння былі прававернымі іўдзеямі, а св. Павел дык наогул актыўна рэпрэсаваў ранніх хрысціянаў... Уся гэтая кампанія, з такой логікай, не прайшла б «фільтр» БПЦ МП.
Датычна «бесперспектыўнасці» беларускіх грэка-каталікоў — яшчэ цікавей. Навошта змагацца з тым, што не мае перспектывы? Яно ж само адамрэ. Рэлігійнае поле, здаецца, не калгасныя палеткі, дзе аграном вырашае, што карчаваць, а што падкормліваць, каб расло і буяла. Але, відаць, логіка такая. І функцыянеры БПЦ адчуваюць сябе тымі самымі «аграномамі».
Цяжка сабе ўявіць, каб рыма-каталіцкі біскуп пераконваў праваслаўных, што нейкая іхная парафія ў глыбокай правінцыі не мае перспектывы (нават калі сапраўды не мае) і яе трэба ліквідаваць, праўда? Якая яму справа? Сваіх праблем хапае.
Глядзіце яшчэ: Унія: раскол ці еднасць? Распавядаем пра грэка-каталікоў у Беларусі і Украіне ў гістарычным серыяле «Трызуб і Пагоня»
Выснова адна: БПЦ МП у сучасным выглядзе можа існаваць толькі ў сітуацыі калі не манаполіі, то «асаблівых стасункаў» з дзяржавай. І канкурэнты тут не патрэбныя. Нават «бесперспектыўныя». Гэта акурат лагічны працяг савецкай і расійскай мадэлі, даведзенай да ідэалу Сталіным: царква як бюракратычная структура, якая кантралюе пэўную сферу, размяркоўвае «опіум для народа».
Грэка-каталіцкая парафія ў Гродна
Няма. Калі пад перспектывай разумець сотні парафіяў і сотні тысяч вернікаў. Разрыў паміж ліквідацыяй Уніі (1839) і рэальнай магчымасцю яе адраджэння (1990-я) сапраўды аказаўся фатальным. У Заходняй Украіне, якая сёння ёсць наймацнейшым грэка-каталіцкім асяродкам ва Усходняй Еўропе, а можа і ў свеце, такога разрыву не было. Бо там ганенні на грэка-каталікоў пачаліся адно ў 1944-м. Варта было толькі датрымацца да канца 1980-х, што цалкам укладаецца ў век жыцця аднаго чалавека.
Таму ад пачатку 1990-х беларускія грэка-каталікі не маглі і блізка прэтэндаваць на масавасць. Тым больш не магло быць размовы пра паўтор гісторыі 1596-га, калі праваслаўных масава «пераводзілі» ва ўніяцтва. Дык яно і не патрэбна, навошта? За Унію ў 90-х агітавалі найперш рамантыкі-«адраджэнцы», хоць самі найчасцей і не бралі ўдзелу ў рэлігійным жыцці.
Грэка-каталіцкая парафія ў Гродна
У 2010-х грэка-каталіцкія парафіі былі цалкам самастойнымі царкоўнымі асяродкамі без якога-кольвек палітычнага флёру ці намёкаў на «рэканкісту». Адно што па-беларуску. Самастойныя ў тым плане, што парафіі не былі заможнымі і пафаснымі. На будоўлях і рамонтах бацюшкі працавалі разам з парафіянамі. На іконы і мэблю скідваліся самі вернікі.
Людзей было небагата па «праваслаўных» ці «рыма-каталіцкіх» мерках, затое усе ведалі адно аднаго. Сустрэць можна было каго заўгодна: беларусаў, расійцаў, палякаў, яўрэяў, украінцаў. Сярод парафіянаў — настаўнікі і інжынеры, бізнесоўцы, пенсіянеры, дзеці. Захаджвалі людзі з алкагольнай залежнасцю і нават бяздомныя.
Згодна з логікай БПЦ МП, напэўна, так і выглядае секта.
Згодна з маёй логікай, так выглядае хрысціянская царква.
У гэтым веліч і немач Грэка-каталіцкай царквы Беларусі. Пераадолеўшы сваё мінулае, планы па навяртанні ў лацінскую веру бязмежных прастораў усходу, як яно задумвалася напрыканцы XVI стагоддзя, беларускія ўніяты сталі проста хрысціянамі.
Ці здольныя на гэта праваслаўныя? Адмовіцца ад знешняй пазалоты, грошай і ўплываў, каб абнавіцца ды пазбыцца грахоў мінулага?.. Вялікае пытанне.
Алесь Кіркевіч, budzma.org