• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
30.03.2012 | Асоба

Вера Анціпава: “Хочацца, каб Беларусь была лідэрам…”

Вера Анціпава – перакладчык па адукацыі, арт-дырэктар фестывалю кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile, які аб’яднаў 35 краін свету вакол тэмы вечнага рухавіка, і стаў сапраўднай падзеяй у беларускай культурнай прасторы, распавядае пра сваё захапленне кінематографам і ўражанні ад працы на творчай пляцоўцы.

– Перш за ўсё, скажы, з чаго пачалося тваё захапленне кінематографам? Як гэта праяўляецца зараз?

– Я з дзяцінства была ў творчасці, працавала ў тэатры (дакладней, у музычнай студыі пры оперным тэатры), прымала ўдзел у спектаклях і ў выніку зразумела, што мастацтва – гэта тая галіна, у якой я адчуваю сябе найбольш камфортна ў плане самарэалізацыі. А да кінематографа прыйшла пазней і, калі можна так сказаць, адразу да практычнага аспекту. Зусім выпадкова сустрэла такіх жа апантаных людзей, якія шукалі выхад для творчай энергіі ў сферы кіно, – Мінскі кінаклуб і Кінакааператыў. Гэтыя маладыя людзі, вочы якіх гарэлі ад любві да кіно, мяне захапілі, неверагодна натхнілі, і я пайшла за імі, як загіпнатызаваная. Як цяпер бачу – пайшла ў правільным кірунку.

Мне адразу захацелася рабіць нейкія практычныя рэчы – здымаць, здымацца, арганізоўваць. Былі аматарскія здымкі, вучоба на акцёрскім курсе ў кінашколе і праца над некалькімі праектамі, супрадзюсіраванне незалежнага кіналэйбла Byzond Pictures разам з Аляксеем ДэБронхе. Шмат часу прысвячала менавіта фестывальнай прамоцыі, і лагічным працягам гэтага стаў мой удзел у падрыхтоўцы фестывалю Cinema Perpetuum Mobile.

– Які твой любімы кінажанр? Што асабіста для сябе знаходзіш у кароткаметражных фільмах? Якое ў іх будучае, на твой погляд?

– Пытанне пра любімы жанр кіно для мяне нагадвае пытанне пра тое, каго больш любіш, – маму ці тату. Цікавасць да таго ці іншага фільма нараджаецца не праз жанр, а праз тое, чым рэжысёр напаўняе сваю працу. І пасля прагляду экшн-фільма можна сядзець некалькі дзён запар, утаропіўшыся ў сцяну ў пошуках адказаў на пытанні, якія нечакана паставіў перад табой аўтар. А можна выйсці ў поўным здзіўленні пасля прагляду высока ацэненага крытыкамі арт-хаўса. Тут усё яшчэ паўстае пытанне суб’ектыўнага успрыняцця твора мастацтва.

Кароткаметражныя фільмы – гэта як уздых. Глядач падчас поўнаметражнага метру  ўдыхае, выдыхае – дынаміка адчуванняў і думак больш працяглая. А ў кароткаметражным кіно ў аўтара зусім мала часу для ўздзеяння. Гэта і лягчэй, і складаней адначасова. Але хутчэй за ўсё гэта выклік – здольнасць прымусіць чалавека адчуваць і думаць пры дапамозе малой формы. Ёсць кароткаметражныя фільмы, якія не адпускаюць мяне нашмат даўжэй, чым поўны метр.

– Наколькі табе асабіста блізкая тэма вечнага рухавіка, ключавой ідэі фестывалю Cinema Perpetuum mobile?

– Для мяне гэта сапраўды вельмі асабістая тэма. Я імкнуся жыць у пастаянным развіцці – інтэлектуальным, духоўным, фізічным, эмацыянальным. Па сутнасці, усё вакол знаходзіцца ў руху, увесь акаляючы нас свет, і, магчыма, у гэтым сутнасць таго, што мы часта шукаем.

– Што ўваходзіла ў твае абавязкі як арт-дырэктара фестывалю Cinema Perpetuum mobile? Паколькі гэта міжнародны фестываль, тут не магло не спатрэбіцца тваё веданне замежных моваў? А як наконт прыдатнасці адукацыі ў сферы міжкультурных камунікацый?

– Для мяне праца над фестывалем як раз і пачалася з наладжвання міжнародных кантактаў і сувязяў – з  іншымі фестывалямі, рознымі асацыяцыямі і арганізацыямі, а затым – з прафесіяналамі ў галіне кінематографу, якіх мы запрашалі ў якасці членаў журы. Замежныя мовы ў такой дзейнасці – гэта само сабой, пра што нават не вядзецца гаворка. Па змоўчанні ўся перапіска ідзе як мінімум на англійскай мове, і гэта выдатна, што людзі з розных кантынентаў, аб’яднаныя адным захапленнем, ідэяй і мэтай, маюць агульны сродак камунікацыі, які спрошчвае ўзаемадзеянне.

Адукацыя ў сферы міжкультурных камунікацый і камунікацый у прыватнасці дапамагае не толькі ў працы з партнёрамі з-за мяжы, але і ў штодзённай дзейнасці. Уменне эфектыўна камуніцыраваць, асабліва калі ты па роду заняткаў увесь час кантактуеш з людзьмі, – такая ж умова па змоўчанні, як і замежная мова. Усё вельмі проста – у цябе ёсць мэта, дасягненне якой значна спрошчваеццца, калі ты размаўляеш на адной мове з іншымі – літаральна і фігуральна.

– Прыняўшы актыўны ўдзел у міжнародным мерапрыемстве, ці можаш падсумаваць, наколькі мова мастацтва і культуры залежыць ад нацыянальных і этнічных асаблівасцяў? Ці ёсць цікавыя факты і выпадкі, звязаныя з асобнай краінай, удзельніцай фестывалю? Ці былі складанасці ў разуменні задач фестывалю, бо яго ідэя, над раскрыццём якой працавалі 35 краін, нарадзілася ў Беларусі, хаця і актуальная для заходняй культуры?

– Магчыма, гэта абумоўлена маёй адукацыяй і адкрытасцю да інтэрнацыянальных рэчаў і праектаў, але мне падалося, што фестываль прадэманстраваў выключнае міжкультурнае ўзаемаразуменне і агульнасць мовы. Здавалася б, цяжкасцю павінна было стаць тэматычнае абмежаванне работ, бо агульная тэматыка фестывалю – “вечны рухавік” і дадатковыя “вечныя намінацыі”. Але аўтары з самых розных краін свету – ад Аўстраліі да Канады – знайшлі нешта агульнае ў інтэрпрэтацыі, правільна ўспрынялі наш заклік, незалежна ад іх роднай мовы і культуралагічных асаблівасцяў. Напэўна, гэта сведчыць пра тое, што “вечны рух” авалодаў ўсім светам, што гэта адзін з канцэптаў, здольных натхняць і аб’ядноўваць думкі і душы па ўсім свеце.

– Наколькі беларускія ўдзельнікі фестывалю ўпісаліся ў міжнародны кантэкст? У чым сакрэт поспеху беларускай работы Арцёма Лобача “Змярканне”?

– Перш за ўсё адзначу, што беларускіх удзельнікаў нам заўсёды мала, хочацца, каб Беларусь была лідэрам па колькасці пададзеных заявак, але ў гэтым годзе Расія нас апярэдзіла. Фестываль жа робіцца ў першую чаргу для нашых фільммэйкераў, мы сталі пасярэднікамі паміж аўтарамі і гледачамі, знайшлі добрыя і незвычайныя пляцоўкі, якія дазваляюць маладым аўтарам паказаць свае работы на вялікім экране, убачыць рэакцыю гледачоў, пачуць водгукі і атрымаць далейшую прамоцыю сваіх работ. У нас, канешне, пакуль неідэальная сістэма ўзаемадзеяння з патэнцыйнымі ўдзельнікамі, але мы працуем над гэтым, чым жа самі і сцвярджаем свой прынцып вечнага руху і ў дадзеным выпадку развіцця.

Работа Арцёма Лобача атрымала высокія адзнакі міжнароднага журы. Я магу судзіць і аналізаваць гэты поспех толькі як глядач і думаю, што гэта связана з непаўторным мастацкім бачаннем аўтара, якое дзівосным чынам спалучаецца з сэнсавай глыбінёй, парадаксальна лёгкай для ўспрыняцця. І, вядома, асаблівым “паслясмакам”, які застаецца пасля прагляду.

– Як беларускі глядач успрымаў работы фестывалю? І ці можна намаляваць яго абагульнены партрэт? Наколькі актыўна наведваліся мерапрыемствы? Водгукі гледачоў?

– Публіка была вельмі адкрытай, з задавальненнем дзялілася ўражаннямі і, па шчырасці, мы нават не чакалі такой цікавасці – нават дадатковы паказ лепшых раблот прайшоў з аншлагам. Канешне, трэба рэальна глядзець на рэчы – аўтарскае кароткаметражнае кіно не будзе збіраць стадыёны і вялікія канцэртныя палацы, але на дадзеным этапе мы засталіся задаволеныя вынікам.

– Тваё ўражанне ад сваёй працы (калі гэта можна так назваць) на фестывалі і што ўразіла (здзівіла, абрадавала) больш за ўсё?

– Галоўны плюс і задавальненне ад працы над фестывалем – гэта каманда, якая яго рабіла. Больш за 30 чалавек, так ці інакш задзейнічаных у развіцці праекта, апантаных валанцёраў, гатовых звярнуць горы за ідэю, цягам паўгода знаходзілі ўзаемаразуменне і адзінадушша ў вырашэнні ўсіх пытанняў. На мой погляд, гэта абсалютна ўнікальная сітуацыя, якая натхняе на нешта яшчэ больш грандыёзнае. Яшчэ адзін зусім фантастычны момант – тое, як шмат людзей з розных кропак зямнога шару паверылі ў нас і даверылі нам свае работы. Канешне, гэта ўсё не звалілася з неба, гэта справа нашых цудоўных валанцёраў, інтэрнэт-каардынатараў, але сам факт таго, што заяўкі з 35 краін зляцеліся ў Беларусь на малады фестыываль, які толькі-толькі становіцца на ногі, – гэта ўражвае і дазваляе паверыць у тое, што наш фестываль патрэбны тут і зараз, і мы павінны ісці далей.

– Ці дастатковым было асвятленне падзеі ў прэсе да, падчас і пасля фестывалю?

– Асвятленне ў прэсе ніколі не бывае лішнім, колькі б яго не было. Калі ты робіш мерапрыемства, накіраванае на дапамогу маладым талентам і на развіццё, хочацца, каб розгалас быў максімальным і дасягнуў нават тых, хто, можа быць, сам не шукае, але чакае, калі яго паклічуць. Мы адчулі вялікую цікавасць да нас з боку тэлебачання, правялі гадзіну ў прамым эфіры на інтэрнэт-тэлеканале, чыталі рэпартажы пра сябе на розных рэсурсах. Але зноў-такі, нам ёсць, над чым працаваць, і хацелася б з часам чытаць дайджэсты пра фестываль не толькі ў беларускіх, але і ў замежных СМІ. Гэта магло б стаць яшчэ адным стымулам для пачынаючых рэжысёраў і добрай магчымасцю для ўстанаўлення новых партнёрскіх сувязяў.

– Ці ёсць у цябе, акрамя кіно, іншыя творчыя захапленні?

– Я даўно і без памяці люблю балет як сістэму, якая дорыць свабоду, і думаю, што з часам знайду цікавую форму для сумяшчэння танцаў і візуальнага мастацтва.

Юлія Новік, rv-blr.com
Фота з архіву В. Анціпавай.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Сёння раніцай пасля вобшуку дома затрымалі спявачку Аляксандру Захарык

34-гадовай дзяўчыне інкрымінуюць арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі...

valiancina_shauchenka
Грамадства

«У 73 гады паехала сакараць Берлін». Як баба Каця зрабіла вёску вядомай на ўвесь свет

Гэтая гісторыя не пра тое, як чалавек доўга і мэтанакіравана ішоў да сваёй мэты — стаць знакамітым. Яна аб іншым....

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

«Дамавікамерон» Адама Глобуса цяпер можна паслухаць

У аўдыёфармаце выйшла кніга Адама Глобуса «Дамавікамерон» на kamunikat.org. Зборнік кароткіх гісторый Адама...

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

«Добры доктар Будзь-Здароў». Выйшла знакамітая казка Карнея Чукоўскага ў перакладзе Андрэя Скурко

Рэдактар Андрэй Скурко пераклаў знакамітую казку Карнея Чукоўскага, знаходзячыся ў зняволенні. Пра гэта напісала...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Сёння раніцай пасля вобшуку дома затрымалі спявачку Аляксандру Захарык
    Грамадства
    «У 73 гады паехала сакараць Берлін». Як баба Каця зрабіла вёску вядомай на ўвесь свет
    Грамадства Літаратура
    «Дамавікамерон» Адама Глобуса цяпер можна паслухаць
    Грамадства Літаратура
    «Добры доктар Будзь-Здароў». Выйшла знакамітая казка Карнея Чукоўскага ў перакладзе Андрэя Скурко
    Культура
    «Біша бо іх із града крэпка». Абліччы Анастасіі Слуцкай
    Грамадства
    «Партрэт з памяці»: Віслава Шымборска ў вершах і беларускіх перакладах. «Прастора польскай культуры» запрашае на анлайн-вечарыну
    Грамадства Адукацыя
    «80% настаўнікаў былі ў жудасным стане». Эксперт — аб тым, што цяпер адбываецца са школьнай адукацыяй у Беларусі і што з ёй не так
    Культура
    Сплаў авангардызму і мадэрнізму
    Грамадства
    Рэшткі былой сядзібы ў Ручыцы, што на Вілейшчыне, унеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей
    Грамадства
    Памёр паэт Дзмітро Паўлычка
    Грамадства Кіно Асоба
    «У кожным фільме ёсць частка мяне». Факты з жыцця і фільмаграфія Міхаіла Пташука
    Грамадства Каляндар
    Каляндар з 30 студзеня па 5 лютага. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Вандруем разам
    Мілыя сцежкі ў парку Рэпіхава
    Грамадства Літаратура
    «Мне важна, каб верш нагадваў фрыджазавае сола»: паэт і музыка Віктар Сямашка — пра сваю новую кнігу і беларускі авангард
    Грамадства
    Экскурсаводы Іван Сацукевіч і Алесь Варыкіш выйшлі на свабоду

Афіша

  • 01.02

    Спектакль у авангардным тэатры Komuna Warszawa ў пастаноўцы Паліны Дабравольскай

  • 30.01 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 30.01 — 05.02Выстава Наталлі Разуменка ў Мінску
  • 30.01 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 30.01 — 26.02Выстава айца Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» ў Віцебску
  • 30.01 — 27.02Зімовая выстава ў Мінску
  • 30.01 — 26.02«Самародак з Рагачова». Выстава Анатоля Каплана ў Гомелі
  • 30.01 — 28.02Выстава выцінанкі «Зімовыя цуды» ў Маладзечне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Лідар «Океана Ельзи» Святаслаў Вакарчук пракаментаваў прысуд за сваю песню ў Мінску
    • Мікалай Пачкаеў: «Беларуская лацінка далёкая ад польскай, а гістарычнай сувязі сучаснага кірылічнага алфавіту з тэкстамі старабеларускай мовы няма»
    • Гурт NaviBand выпусціў новы сінгл з украінскай спявачкай Tayanna. Паслухайце, як нашы мовы гучаць разам
    • «Нікому няма справы, ці беларусы — нашчадкі паўстанцаў-1863, Каліноўскага, ВКЛ, Вітаўта, Астрожскага»
    • «Цяпер у мяне ёсць месца, дзе я магу быць шчырай і не думаць пра тое, каб выжыць»: актрыса Святлана Зелянкоўская адкрыла ў Варшаве тэатр-студыю
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип