Вера Буланда: сустрэча ў гарадской бібліятэцы г. Новалукомля

Паэтка Вера Буланда ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” выступіла ў гарадской бібліятэцы г. Новалукомля. Тэмай сустрэчы стала фраза класіка беларускай літаратуры Ф. Багушэвіча “Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”. Сваімі ўражаннямі падзялілася сама выступоўца пасля візіту:

“Добры дзень добрым людзям – так пачынаюцца многія песні нашага народа”. З такім прывітаннем я звярнулася да аўдыторыі, следам прачытаўшы верш П.Макаля “Добрым людзям”.

Добрым людзям жывецца дрэнна:

Грызе іх сумненне, сумленне скрабе,

А дрэнныя людзі сочаць нядрэмна,

Як добрыя людзі паводзяць сябе.

 

Добрыя людзі мараць аб цудзе,

Каб выпраменьваць святло і гарэць,

Тым часам употай дрэнныя людзі

Шукаюць, дзе б гэта ім рукі пагрэць.

З упэўненасцю, што ў зале сабраліся толькі добрыя людзі, якія цікавяцца літаратурай, паэзіяй, самі пішуць, мы пачалі дыялог, тым больш, што загадчыца бібліятэкі Наталля Васілевіч, яна ж і паэтка, кіраўнік літаб’яднання “Млын” прапанавала закрануць тэму Года Кнігі, цікавасць да яе асабіста маю. А я, у сваю чаргу, звярнула ўвагу слухачоў, як рэдка зараз чытае народ кнігі ў параўнанні з ранейшымі часамі. Як правільна аднойчы сказаў Л. Галубовіч: “Як мала чытачоў, і тыя ўсе паэты”. Гэта тое, што тычыцца паэзіі.

Мая прафесія Паэт –

Надзелена я гэтым правам,

Бо дзеля людскасці – не славы –

Мая прафесія Паэт.

І не для радаснай забавы,

Як часта лічыць белы свет…

Мая прафесія Паэт,

Надзелена я гэтым правам!

 

Калі мяне папрасілі прачытаць свае вершы, апрача інтымнай лірыкі, філасофскіх разважанняў, я закранула грамадзянскую тэму:

…І чаму не ўспомніць нам годнасць,

Ад бацькоў узятую ў кайстру,

Каб звычайнае слова “свабодны”

Не было чарговым махлярствам?

 

І каб мову сваю крывадушна

Не імкнуліся з памяці сцерці,

Без якой нам і прыкра, і душна

І на гэтым, і тым нават свеце.

 

Дайце жыць, як не ўчора, хоць сёння

З дарагімі людзьмі, сваякамі.

Заўтра – заўтрам: каб добрае ўспомніць,

А ці трэба нам іншая памяць.

Былі цікавыя пытанні ад слухачоў: якія самыя любімыя месцы ў Беларусі, якіх паэтаў люблю чытаць і перачытваць, любімыя тэмы ў сваёй паэзіі. Адказваючы на ўсе пытанні, не забылася закрануць мудрыя радкі М. Багдановіча, пра тое, “што ў грудзях у людзей сэрцы чэрствыя, быццам з камення, разаб’ецца аб іх слабы верш заўсягды, не збудзіўшы святога сумлення”.

Гэту тэму потым працягвала ў  цесным коле мясцовых паэтаў, абмяркоўваючы іх, у асноўным, рускамоўныя вершы. Нагадала, што трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, абрабіць яго трэба з цярпеннем…”. І самае галоўнае, звярнула ўвагу на працу перакладчыцы з беларускай мовы на французскую Ніны Дзябольскай – пляменніцы Дзіадора Дзябольскага – блізкага сябра Максіма Багдановіча. Менавіта яна, некалі ўлюбёная ў прыгожую еўрапейскую мову, зрабіла для сябе адкрыццё: беларуская мова – больш мілагучная, прыгожая, і кожнае слова ў ёй абазначае канкрэтны прадмет, з’ву прыроды, дзеянне. Напрыклад, як узрушана яна была, пераклаўшы слова “маладзік”, адзначыўшы, што ні ў беларускай, ні ў французскай такой сакавітасці ў слове не назіраецца. Аднойчы доўга выясняла, чым адрозніваюцца словы жураўлі і журавіны. І зноў дзівілася і радавалася свайму адкрыццю, што па-беларуску на дзяўчыну скажаш “журавіначка”, а вось па-руску “клюквачка” – загучыць як непрыемнае азначэнне.

Дарэчы прыгадалася вядомая “Прадмова” Ф.Багушэвіча, які праз стагоддзі просіць нас: “Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носіць: ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы”.

Пры абмеркаванні вершаў я звярнула ўвагу паэтаў на словы ў іх рускамоўных тэкстах, якія ўзяты якраз з беларускай мовы: сырадой, націскі, як у беларускіх словах, і інш. Пасля тлумачэнняў, як бы цудоўна загучалі вершы, калі б былі напісаны на роднай мове, са мной згадзіліся многія з аб’яднання “Млын”, паабяцаўшы, што надалей пастараюцца вады многа цераз “Млын” не прапускаць, а “гартаваць гібкі верш” і… па-беларску. Запрашаючы мяне на сустрэчу ў наступны раз, дакляравалі і гаварыць па-беларску, і напісаць новыя творы на сваёй, матчынай, мове. І Ніна Скачко, і Ала Кляшчонак, і Вольга Хапкова прызналіся, што пішуць і па-свойму, але сумняваюцца, што граматна. Толькі Алена Губарава не сумняваецца, а піша вершы і па-руску, і па- беларуску. На прыкладах яе твораў усе пераканаліся: роднае гучыць больш шчыра і сэрца радуе.

Адна з чытачоў папрасіла перапісаць верш, які ёй вельмі спадабаўся.

Рашылі вучыцца і вершаскладанню, чытаць беларускіх аўтараў больш і вучыцца гаварыць і думаць на роднай мове, а сустракацца хаця б раз на год.

Да новых сустрэч!