Вера Буланда ў СШ №3 г. Беразіно

Выступ у СШ №3 г. Беразіно Мінскай вобласці адбыўся 8 чэрвеня 2012г.

Першая і асноўная сталіца ў Беларусі для кожнага, вядома ж, той край, дзе ты нарадзіўся, жывеш (жыў), дзе бацькі цябе паднялі на ногі. Распавёўшы вучням анекдатычны выпадак, які запомніўся са школы, я растлумачыла, чаму іншы раз называю сваю вёску Мсціж у Барысаўскім раёне першай сталіцай Беларусі. А было гэта так: гультаяваты вучань не мог нічога сказаць на пытанні настаўніка. І каб яму хоць за што-небудзь паставіць тройку, выкладчык геаграфіі задае, на яго думку, самае простае пытанне: “Ці ведаеш ты сталіцу Беларусі?”. У адказ – маўчанне. Тады нехта з аднакласнікаў у поўнай цішыні, для смеху, шэпча: “Мсціж”. І двоечнік узрадавана выкрыквае: “Мсціж!”
Гэта мне запомнілася, спадабалася і… выкарыстоўваю:

Еду я на Мсціж,
Еду я на Мсціж –
Першую сталіцу Беларусі,
Гэта не Парыж,
Гэта не Парыж,
Як Парыжам, Мсціжам ганаруся.

Або:

Ёсць такая вёска Мрай,
Мараць там, жывуць і мрояць.
Не зямля, скажу вам, – рай,
Край асілкаў і герояў.

Ёсць такая вёска Мсціж –
Першая сталіца лёсу,
Дзе адзначаць твой прэстыж,
Дзе да смерці ў сэрцах носяць…

Не дзіва, што Якуб Колас так шчыра пісаў:
“Мой родны кут, як ты мне мілы,
Забыць цябе не маю сілы…”

Мы з вучнямі гаварылі пра 130-годдзе паэтаў-песняроў Я.Купалу і Я. Коласа, прыгадвалі іх вершы, зачытвалі на памяць. Прыгадалі, што гэты год таксама год Кнігі. Гаварылі пра тое, чаму неабходна чытаць кнігу і чаму яна, кніга, – лепшы сябар і дарадца.