Веткаўскі музей застанецца без свайго знакамітага дырэктара?

Пятро Цалка, мажліва, працуе апошні месяц у музеі. 1 студзеня сканчваецца ягоны працоўны кантракт, піша «Мова Гомель».


Пятро ЦалкаПятро Цалка. Фота: ctv.by

У сацсетках Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава напісалі, што Пятро Цалка ў хуткім часе можа пакінуць музей.

Пятро Цалка прыйшоў працаваць у Веткаўскі музей яшчэ студэнтам у верасні 2011 года. Ён — той дырэктар, які сам з задавальненнем праводзіць экскурсіі і па музеі, і па Ветцы, ездзіць у экспедыцыі, прыдумляе новыя праекты.

«1 студзеня сканчваецца працоўны кантракт з Пятром Міхайлавічам. І тыя, хто павінны кантракт працягнуць, працягваць яго адмаўляюцца... Але мы яшчэ верым у цуд, тым больш надыходзіць святочны, калядны час», — пішуць у сацсетцы Веткаўскага музея.

Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый сёння — сапраўдны культурны цэнтр рэгіёна. Тут сабраныя ўнікальныя стараабрадніцкія іконы, рукапісныя і друкаваныя кнігі, самая вялікая калекцыя рэгіянальнага тэкстылю (ручнікі, посцілкі, элементы традыцыйнага касцюма і інш.). Дзейнічаюць пастаянныя і часовыя экспазіцыі.

Менавіта ў Гомельскім філіяле Веткаўскага музея, калі яго загадчыкам быў Пётр Цалка, з’явілася «Школка бытавога танца». Усе выдатна памятаюць «Гуканне вясны», «Ноч музеяў» «Летнікі па ткацтве» і велізарную колькасць вечарын, якія праходзяць у музеі".

Сярод іншага Веткаўскі музей не адзін раз аб’яўляў зборы на набыццё ўнікальных экспанатаў. Летась удалося такім чынам набыць ікону з выявай Божай Маці, частку Царскай брамы XIX стагоддзя.

Сёлета музей змог праз збор набыць яшчэ дзве створкі брамы — іконы з выявамі Божай Маці і Архангела Гаўрыіла.