Веткаўскую калекцыю чаканных акладаў на абразы ўпершыню прадставяць у НММ

У Нацыянальным мастацкім музеі 20 жніўня адкрыецца часовая экспазіцыя «Жар і холад металу. Убранне веткаўскага абраза» са збору Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, піша Белта.

AkladФота vetka-museum.by

На выставе будзе прадстаўлена 125 твораў жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, малюнкі і прылады працы майстроў-чаканшчыкаў. 

«Веткаўская калекцыя чаканных акладаў на абразы — збор унікальны для Беларусі. Упершыню прадстаўлены шырокаму гледачу творы мясцовых майстроў XVIII — пачатку XX стагоддзя, сабраныя ў рэгіёне і адрэстаўрыраваныя ў Веткаўскім музеі. Майстры ўвасобілі сімволіку арнаментаў. Візантыйскі завіток і вінаград азначае жыццёвую моц прыроды і сімвал райскага цвіцення. Жамчужына ў хрысціянстве — вобраз душы праведніка. У чаканным акладзе ўзнаўляецца вобраз жамчужнай хусты — убруса Багародзіцы», — расказалі арганізатары.

Вялікая частка экспазіцыі была падорана музею сямейнай дынастыяй Свяшчэннікавых. Дачка і ўнучка чаканшчыкаў Арына Радзівонаўна ўспамінала аб тэхналогіі работы дзядоў і бацькі з братамі, сама паліравала аклады. Апошнія пакаленні жылі ў Клімаве Бранскай вобласці. Прапрадзедам Арыны былі перададзены тэхналагічныя рукапісы XVIII-XIX стагоддзяў з апісаннем работ па метале і вырабу фініфці, эмалей.

«Парадаксальныя для сучаснага разумення спосабы мыслення майстроў, арганізацыя імі прасторы, змешчанай у некалькіх міліметрах металічнай пласціны. Яны паўстаюць у архітэктурных пабудовах з адваротнай і сферычнай перспектывай, у «мяккім» пейзажы, які злучае старажытны сімвалізм з непасрэдным адчуваннем натуры, а таксама ў эпічнасці наратыву», — падкрэслілі ў музеі.

Часовая экспазіцыя прадоўжыцца да 25 кастрычніка.