Расіяне фінансуюць раскопкі пад Рэчыцай. Дзе застануцца знойдзеныя артэфакты?

Веткаўскі музей ужо 12 гадоў даследуе старажытны могільнік пад Гарошкавым, што пад Рэчыцай. Там захаваўся помнік зарубінецкай культуры ІІІ ст. да нашай эры, якая лічыцца самай старой славянскай культурай. Раскопкі на ім вядуць у тым ліку і расійскія навукоўцы з «Эрмітажу», піша «Штодзень».

Раскопкі пад Гарошкавым пачаліся яшчэ ў 1960-ых, але тады дайшлі толькі да мілаградскай культуры VII–III стагоддзяў да нашай эры. Тады ж археолагі знайшлі там сляды больш позняй культуры — зарубінецкай, але не паглыбляліся ў вывучэнне гэтага перыяду. Яе пачалі вывучаць толькі 12 год таму: Веткаўскі музеем стараверства і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава аднавіў Паўднёва-Беларускую экспедыцыю ў супрацы з расійскім Эрмітажам.

Archiealahičnyja raskopki

Чаму з Эрмітажам? Усё проста, па звестках дзяржСМІ, расіяне фінансуюць гэтыя раскопкі. Абодва бакі — і Веткаўскі музей, і прадстаўнікі Эрмітажа — пацвярджаюць, што знаходкі застаюцца ў Беларусі і нават у Ветцы.

Акрамя таго, адраджэнне цікавасці да экспедыцыі пад Рэчыцай звязана з даследчыкамі з Эрмітажа, якія вывучаюць зарубінецкую культуру.

Як распавёў веткаўскай раёнцы дырэктар беларускага музею Юрый Катляроў, у гэтым годзе блізкі да завяршэння асноўны этап: участак практычна раскапаны, цяпер дакопваюць пакінутыя пахаванні. Іх складана знаходзіць — магільныя плямы амаль не бачныя, пахаванні выяўляюць па артэфактах.

Сярод знаходак — плоскія міскі, фібулы з трохвугольнымі шчыткамі, серпападобныя нажы, зрэдку — наканечнікі коп’яў. Фібулы дапамагаюць датаваць пахаванні: іх форма характэрная для зарубінецкай культуры (III стагоддзе да н. э.). Асаблівую каштоўнасць мае бронзавае маніста: з-за крохкасці яго закансервавалі на месцы — забетанавалі пласт грунту. Падобныя знаходкі ў такім стане амаль не сустракаюцца.

У планах давесці колькасць раскапаных пахаванняў да двухсот.

Пры ўдзеле расійскага Эрмітажа ўдзельнікі ўсё роўна раёнцы скардзяцца на адсутнасць сучасных сродкаў для правядзення раскопак. Таму працуюць па старынцы: з колышкамі, лапатамі і прасейвацелямі.

Archiealahičnyja raskopki

Арганізатары раскопак шукаюць беларускіх валанцёраў. Пад Гарошкаў прыехаў і атрад расійскіх студэнтаў.