Два буйныя выдаўцы беларускай музыкі заявілі пра аб’яднанне сваіх высілкаў. Лэйбл БMA Group і кампанія «Вігма» падпісалі пагадненне аб сумеснай дзейнасці. Першыя рыхтуюць музычны матэрыял, а другія займаюцца вытворчасцю і дыстрыбуцыяй на тэрыторыі Беларусі. Выдаўцы пайшлі на такі крок з тым, каб уратаваць сітуацыю на беларускім музычным рынку і даць шанец рэалізавацца маладым выканаўцам.
Як кажа кіраўнік БМА Group Віталь Супрановіч, сёння гурты-пачаткоўцы фактычна пазбаўленыя магчымасці выдаць свой матэрыял. «Існыя лэйблы неахвотна выдаюць дыскі маладых музыкаў за свой кошт, бо не хочуць рызыкаваць у камерцыйным плане. Заплаціць за выданне можа не кожны музыка. Зніжаецца і попыт на CD. Цяпер “планка паспяховасці” беларускага рэлізу знізілася ў два разы — з 1000 да 500. У вялікіх дыскарнях на паліцах замест дыскаў з’явіліся кнігі і батарэйкі…»
Віталь Супрановіч мяркуе, што сыход у сеціва — не выхад для маладых музыкаў. «Па-першае, трэба ўлічваць, што пры вольным доступе да альбома музыкі нічога не атрымліваюць, таму папросту могуць не запісаць наступны. Па-другое, заўжды прыемна патрымаць выдадзены дыск у руках».
Каталог БМА Group налічвае больш за 120 найменняў, але магчымасці дыстрыбуцыі дыскаў лэйбл мае не такія вялікія, як кампанія «Вігма», што працуе на рынку ўжо 17 гадоў.
Дырэктар кампаніі «Вігма» Сяргей Лытко кажа, што цяпер яны маюць больш чым 200 пунктаў для продажу дыскаў, таму ў барацьбе з іншымі вытворцамі дыскаў імкнуцца як мага разнастаіць свой асартымент, у тым ліку і за кошт рэлізаў беларускіх выканаўцаў. Да ўсяго, «Вігма» мае адзіны ў Беларусі завод па вытворчасці дыскаў. Іншыя выдаўцы друкуюць дыскі ў Расіі.
Першым сумесным рэлізам «Вігмы» і БMA Group стаў новы дыск гурта «Разбітае сэрца пацана» — «Не налівай!». Плануюцца да выдання альбомы гуртоў «Бан-Жвiрба» і «Re1ikt».