Вішнёў прыходзіць перад Калядамі

Паэт Зміцер Вішнёў прэзентаваў сваю новую кнігу “Шоргат жукоў”. На прэзентацыі ён вырашыў абысціся без перформансаў і проста пачытаў свае творы ды гадзіну адказваў на пытанні аматараў паэзіі. Зрэшты, як выявілася, свае творы Вішнёў не хоча называць “вершамі”, а сябе — “паэтам”.

Прэзентацыя новай кнігі Змітра Вішнёва адбылася ў перадкалядную пятніцу ў актавай зале Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна. Вядоўца вечарыны, арт-мэнэджар і перакладчыца Ірына Герасімовіч пачала імпрэзу з цытаты Віславы Шымборскай, якая казала пра тое, што паэзія акрамя саміх паэтаў і даследчыкаў цікавіць хіба двух-трох чалавек з тысячы. “А нас тут паглядзіце колькі!” — з аптымізмам сказала Ірына, звяртаючыся да амаль поўнай залы.

 

Каб усіх настроіць на адну хвалю, героя вечара адразу папрасілі прачытаць што-небудзь паказальнае з новага. Зміцер паабяцаў, што гучна прамаўляць не будзе ды абыдзецца без перформансаў, і абраў верш, з якога пачынаецца “Шоргат жукоў”: “Вершы не пішуцца па загадзе, яны не падпарадкоўваюцца сігнальным ракетам…”

 

У працэсе дыскусіі паэта назвалі адным з самых паслядоўных удзельнікаў суполкі “Бум-бам-літ”, якая колісь раз і назаўжды змяніла аблічча беларускай літаратуры. Але той не пагаджаўся: “Хоць у творах і вокладцы аўтарства Ігара Клімава праглядаецца сувязь з мінулым, я ўсё ж адышоў ад бумбамлітаўскай творчасці”, — заявіў ён і прыняў толькі вызначэнне, якое дала Ірына Герасімовіч: “Ён піша не так, як у “Бум-бам-ліце”, а так, як трэба пісаць пасля “Бум-бам-літа”.

Вішнёў працягваў нягучна чытаць вершы з новага зборніка ды адказваць на пытанні цікаўных. “Я спрабую ўдасканальваць унутраны досвед. У “Трапе для сусліка” я ўзяўся рыфмаваць сказы. Цяпер мне гэта нецікава. У новай кнізе я ўзяўся за санеты, але больш не буду, бо гэта пройдзены этап”, — сказаў ён і прызнаўся, што яму шмат чаго не падабаецца з напісанага ім, але галоўнае тое, што за гэта не сорамна — ані перад сабой, ані перад чытачом. Яго паэзія не вырабленая, так лічыць сам паэт: “Ніколі не бывае такога, што я выпісваю. Словы на мяне сыходзяць, і здараецца, што магу за пару хвілінаў напісаць тэкст”. Ён вельмі проста падзяляе паэзію — на “выпісаную” (калі людзі навучыліся ўдала рыфмаваць) і “ўнутраную” (гэта калі ад душы). Прычым творы свае Зміцер падкрэслена называе не “вершамі”, а “тэкстамі”. І аддае перавагу таму, каб яго называлі мастаком і літаратарам, а не паэтам і выдаўцом.

 

Мікалай Дубавіцкі