Шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і музыкант гурта BRUTTO распавёў «Народнай Волі» пра выступленне на канцэрце да Дня незалежнасці Украіны, а таксама пра тое, як яму жывецца ў Кіеве.
Віталь Гуркоў з’ехаў ва Украіну год таму. Дадому не вярнуўся ў мэтах бяспекі — пасля выбараў на многіх заводзілі крымінальныя справы.
На гэтым тыдні Віталь разам з іншымі музыкантамі выступіў на кіеўскім стадыёне «Алімпійскі» на канцэрце, прымеркаваным да Дня незалежнасці Украіны, — праспявалі песню «Воіны святла».
«Песня была напісана яшчэ да Майдана, але ўкраінскі народ пастфактум прызначыў гэты трэк музычным сімвалам рэвалюцыі ў Кіеве, — так вядучы анансаваў выступленне беларускага гурта. — Потым гэтую песню заспявалі маракі-патрыёты ў Крыме, і BRUTTO ўвайшоў у гісторыю Украіны».
— Натуральна, мы даведаліся, што запрошаны на ўрачыстасць, загадзя, — кажа Віталь ГУРКОЎ. — З аднаго боку, гэта было дастаткова нечакана, а з другога — вельмі прыемна.
Хаця шчыра скажу, што адмыслова на рэпетыцыі не збіраліся. У нас было шмат канцэртаў і выступленняў, таму не было сэнсу збірацца, каб прагнаць адну песню — «Воіны святла» (яе і выканалі на «Алімпійскім»), якую і так выдатна ведаем. Да таго ж на стадыёне мы выступалі разам з сімфанічным аркестрам.
Адным словам, кожны рыхтаваўся сам па сабе, а вось у дзень выступлення давялося добра папрацаваць. Пасля таго як была зроблена аранжыроўка, пачаліся рэпетыцыі, генеральны прагон. Практычна ўвесь дзень правялі на канцэртнай пляцоўцы. Але яно было таго варта. Узяць удзел у такой імпрэзе — гэта гонар для кожнага.
Дарэчы, украінцы наш гурт добра ведаюць. Мы пачынаючы з 2014 года ездзілі па ўсёй Украіне і давалі канцэрты, а песня «Воіны святла» стал ледзь не ўкраінскім гімнам. Яе і сёння спяваюць у Кіеве вулічныя музыканты на Хрышчаціку і на Андрэеўскім спуску.
— Вы праспявалі толькі адну песню?
— Так, бо графік выступленняў удзельнікаў святочнага канцэрта быў вельмі шчыльны. Кожны выступаў толькі з адным нумарам, такі быў фармат мерапрыемства.
— Гледачоў было шмат?
— Стадыён «Алімпійскі» быў забіты пад завязку. Святочны настрой проста вісеў у паветры, і гэта, напэўна, было найлепшае святкаванне Дня незалежнасці за ўсю гісторыю Украіны. Асабіста мяне там уразіла ўсё — і парад, і канцэрт... Людзі яшчэ доўга ў горадзе святкавалі, і гэта было вельмі атмасферна.
— Крыху больш за год прайшло з таго часу, як вы з’ехалі з Беларусі і зараз жывяце і працуеце ва Украіне. Якім быў для вас гэты год?
— За гэты час цалкам змянілася маё жыццё. І не толькі я апынуўся ў такім становішчы, але і тысячы іншых беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць краіну.
Гэты год стаў таксама лакмусавай паперкай, паказаў, хто з тваіх сяброў і знаёмых чаго варты.
Але ў той жа час нагоды для нейкага песімізму не было па той простай прычыне, што на гэта элементарна не хапала часу. Была праца, праца і яшчэ раз праца. Для выпрабавання ўласнага характару гэта даволі прадуктыўны год.
— Чым вы зараз займаецеся?
— Сам трэніруюся і іншых трэнірую. Акрамя таго, выступаю з гуртом на некаторых канцэртах.
Супрацоўнічаю з украінскай Федэрацыяй па тайскім боксе. Прайшоў курсы трэнерскай перападрыхтоўкі, атрымаў адпаведны сертыфікат. І ўжо нават паспеў падрыхтаваць для зборнай Украіны спартсменку.
Займаюся таксама некаторымі цікавымі ютуб-праектамі ў байцоўскай сферы па раскручванні ў медыйнай прасторы байцоў і турніраў. Я выступаю як вядучы і каментатар баёў, а таксама даводзіцца браць у спартсменаў інтэрв’ю.
— Адным словам, загрузілі сябе напоўніцу...
— Не скажу, што зусім няма вольнай хвіліны, калі можна выдыхнуць, але ў асноўным усё-такі рабочы графік такі, што за дзень ледзь усё паспяваеш. У прамым сэнсе даводзіцца круціцца, як вавёрка ў коле.
— Ці моцна ваша жыццё ў Кіеве адрозніваецца ад таго, што было ў Мінску?
— Безумоўна, адрозніваецца, хаця я пастараўся зрабіць усё, каб не было дыскамфорту. Я вярнуўся да старога ладу жыцця: трэніруюся, выкладаю, займаюся музычнай дзейнасцю. Усё гэта было ў Мінску, усё гэта ёсць і зараз.
Але нельга параўноўваць маштабы ўкраінскай і беларускай сталіц. Кіеў — такі глабальны горад, і гэта вызначае многія іншыя акалічнасці. І ў жыцці, і ў працы. Але з большага я задаволены тым, што зараз маю.
— У асабістым жыцці за год нічога не змянілася?
— Тут у мяне ўсё нармальна. Пакуль не ажаніўся...
Публікацыя — з № 65 газеты «Народная Воля». Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.