“Быць беларусам – што гэта значыць?” — у супольным праекце Budzma.org i TUT.by вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Сёння на пытанні анкеты адказвае Віталь Рыжкоў, паэт.
— Быць беларусам — што гэта значыць? Якое значэнне Вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?
Як ні крыўдна ўсведамляць, але ж разуменне «я – беларус» часам прыходзіць у разважаннях праз адмаўленне прыналежнасці сябе да іншых нацый, напрыклад, «і я ж — не рускі», што ўздымае ціхія, амаль аселыя на дне комплексы нацыянальнай самасвядомасці з назвай «тутэйшасць».
Як любы нацыянальны чалавек хутчэй адмовіўся б ад навязлых нацыянальных штампаў («быць японцам – значыць есці палачкамі, піць сакэ і ведаць тры родныя альфабэты»?) праз іх запростасць і немінучую здольнасць змяльчаць уяўную альбо рэальную глыбіню міфа сваёй нацыі, я б імкнуўся мысліць «быцьбеларусасць» як метафару падземнай ракі, не пазбаўленай праблем экалогіі наземнага свету.
Беларус – сёння падземная халодная вада, якая нясе ў сабе і карысныя і таксічныя рэчывы і шукае выйсця вонкі.
— Якія ўнікальныя беларускія рысы характару і светагляду ўласцівыя беларусам?
Побытавая фізіягноміка (“У вас ува ўсіх такія сумныя вочы!” – адзначаюць знаёмыя ўкраінцы), дасціпнае вызначэнне Міколам Трусам настроевай скіраванасці большасці беларускіх песень (рэпертуар – “гаўно доля”) і інш., вымушаюць думаць, што скептыцызм і песімізм – з надзеяй у душы – і ёсць можа і не ўнікальнымі, але асноўнымі апорнымі пунктамі светагляду беларусаў.
— Назавіце тры-пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх беларус — не беларус.
Я ўяўляю, як у цягніку з гастарбайтарамі, што накіроўваецца ў бок падмаскоўя, уначы ўключаецца святло, і памежнікі замест праверкі пашпартоў пачынаюць апытваць шматнацыянальную масу пасажыраў пра асноўныя падзеі гісторыі іх народа, каб вызначыць нацыянальнасць кожнага. Сонны беларус, калі надыходзіць яго чарга, пазяхае і спакойна пералічвае: Аршанская бітва, Абвяшчэнне БНР, перадваеннае злучэнне/анэксія Захаду і Ўсходу Беларусі, распад Савецкага Саюзу ў 91-м.
Памежнік мусіў бы нешта западозрыць.
— Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?
У залежнасці ад канфесіі веравызнання — традыцыі бацькоў і дзядоў.
— Беларус без ведання мовы — беларус?
Беларус. Як дзіця, якое так і не зазанала «памперсаў», застаецца дзіцём; дзіцём, якое так і не зведала камфорту.
— Чым беларускім Вы ганарыцеся?
Беларускай прыродай. Прыгажосцю прыгожых людзей і талентам – таленавітых. Паэзіяй Алеся Разанава, Вальжыны Морт. Спартовымі, творчымі і інш. перамогамі ў свеце.
— Што робіць нас, беларусаў, адметнымі сярод суседзяў і ва ўсім свеце?
Напаўнаіўная хітраватасць (напрыклад, нашых палітыкаў), якая ня моцна раздражняе. Сціпласць і прыстойнасць, якія суседзяў часам усё ж здзіўляюць.
— Якой Вы бачыце будучыню Беларусі?
Занадта шмат сцэнароў будучыні, што залежаць ад тых ці іншых фактараў, насяляюць маю фантазію. Спадзяюся, вытрываем любы.