Пра топ-5 галоўных падзей Віцебшчыны за 2025 год у сферы культуры расказала газета «Віцьбічы».
На першым месцы апынуўся «валошкавы праект» — «засяленне» горада маленькімі скульптуркамі — «Валошкамі», якія, на думку гарвыканкама, павінны адыграць ролю сімвалаў Віцебска. Скульптуры «Валошкаў» (да 30 см вышынёй) павінны з’яўляцца на вуліцах на ўзор гномаў ва Уроцлаве, піша reform.news.
Валошка-фатограф. Фота: vitbichi.by
За два гады з часу правядзення конкурсу ў горадзе ўсталявалі тры маленькія скульптурныя кампазіцыі — «Закаханыя» на Пушкінскім мосце за прыватныя сродкі, а за кошт сродкаў гарвыканкама — «Валошку-гісторыка» каля Ратушы і «Валошку-фатографа» на плошчы Тысячагоддзя. Прадстаўнікі гарадскіх уладаў заклікалі прадпрыемствы, установы, арганізацыі «прыняць удзел у стварэнні і ўстаноўцы свайго вобраза Валошкі, каб іх стала шмат у розных месцах Віцебска». Аднак пакуль на гэтую ініцыятыву ніхто не адгукнуўся.
«Закаханыя Валошкі». Фота: vitbichi.by
Калі сапраўды згадаць уроцлаўскіх гномаў, то за імі стаіць цікавая і адметная гарадская гісторыя, не абыякавая мясцовай супольнасці. У старажытным Віцебску, горадзе з традыцыяй Магдэбургскага права, можна было пашукаць сапраўдных гістарычных сімвалаў, каб гараджане адчулі датычнасць да іх.
Што яшчэ ўвайшло ў «культурныя дасягненні»? Рэканструкцыя канцэртнай залы «Віцебск» і паказ прапагандысцкіх фільмаў, у стварэнні якіх удзельнічалі і мясцовыя акторы і выпускнікі.
Аднак самы сімптаматычны ў гэтым спісе — апошні пункт: «У склад Музея Марка Шагала ў Віцебску ўвайшлі Музей «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» з выставачнымі заламі, а таксама Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча».
То-бок дасягненнем года названая аптымізацыя, якая прывяла да фактычнага знішчэння Цэнтра сучаснага мастацтва, ператворанага ў філіял установы зусім з іншым фарматам дзейнасці. Ад Цэнтра засталіся толькі выставачныя залы, дзе праходзяць шараговыя выставы Саюза мастакоў.

Музей Марка Шагала. Фота: vitebskavangard.by
Што ж насамрэч адбылося са знакавымі арт-інстытуцыямі ў Віцебску?
«Аптымізацыя» — гэта дамоклаў меч, што вісіць над усім дзяржаўнымі ўстановамі культуры. Але раней кіраўніцтву Цэнтра сучаснага мастацтва ўдавалася ад яе адбівацца, тым больш, што Цэнтр працаваў паспяхова і меў разгалінаваную структуру. Яго філіялы — галерэя на Талстога, 7, цэнтральная выставачная зала на Белабародава, 5, зала на Фрунзе, 11, Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча (размешчаны ў доме, дзе некалі выкладаў Шагал, куды прыехаў Малевіч з аднадумцамі, распрацаваўшы тут тэарэтычныя асновы супрэматызму) — былі паўнавартаснымі ўстановамі, якія праводзілі ўласную палітыку. На вуліцы Белабародава была створана бібліятэка са значнай калекцыяй кніг па мастацтве.
Нават у сферы фінансаў назіраліся поспехі. Музей Марка Шагала, з якім заўсёды мясцовыя ўлады параўноўвалі Цэнтр сучаснага мастацтва, сапраўды заўсёды прыносіў у бюджэт больш сродкаў: у 2018 годзе — у дзесяць разоў больш, чым Цэнтр, але ў 2022-м — толькі ў два разы больш.

Арт-прастора «Талстога, 7». Фота: vitebskavangard.by
Верагодна, галоўнай фармальнай прычынай «аптымізацыі» сталі скарачэнні штату. Пасля звальнення дырэктара Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэя Духоўнікава ў верасні 2023-га там прайшоў шэраг скарачэнняў, некаторыя адмыслоўцы сышлі самі.

Інтэр’еры Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Фота: vitebskavangard.by
Цяпер жа фонды Цэнтра сучаснага мастацтва аб‘ядналі з Музеем Марка Шагала і кіраўніцтва ўстановай таксама аддадзена Музею Шагала. На афіцыйным сайце Музея Цэнтр сучаснага мастацтва пазначаны як філіял. Відавочна, што функцыі і мэты ў гэтых устаноў вельмі розныя, і таму цяпер можна казаць пра знікненне Цэнтра сучаснага мастацтва: выставы, якія там праводзяцца, не вытрымліваюць ніякай крытыкі.
«У горадзе, калі гучала назва «Цэнтр сучаснага мастацтва», людзі ведалі, пра што гаворка — пра сучаснае мастацтва. Пра пляцоўку, дзе можна было ўбачыць мастацкія пошукі, эксперымент. Тое, што ў рамках музея «Цэнтр сучасных мастацтваў» ёсць дом, дзе працаваў Малевіч, таксама было лагічным. А цяпер гэта проста Музей Шагала», — падзяліўся думкамі эксперт з Віцебска.