Выдавецтва «Лысы чэрап» абвясціла пра стварэнне новага падраздзялення — касетнага лэйбла

Пра гэта выдавецтва «Лысы чэрап» паведаміла ў сваіх сацсетках: «Сябры, гэты дзень настаў, у нас вырастае яшчэ адна галава, якую завуць касетны лэйбл, яна маладая, злая, прыгожая, і збіраецца выдаваць новую беларускую музыку на касетах!»

.K

Першым рэлізам стане акультны і медытатыўны альбом праекта .К (Яўгена Кучмэйна) пад назвай «Імхі (нарысы 19-25 г.)». Альбом выходзіць на касеце, таму падзелены на 2 канцэптуальныя часткі, якія адпавядаюць бакам касеты.

Бок А змяшчае трэкі, зробленыя з дапамогай лупера,электрагітары, вакальнага дылэя, мадулятараў, рэвераў і дысторшна. На баку Б сабраны імправізацыі акустычнай гітары. Абедзьве часткі запісаны на смартфон, з дынамікаў альбо проста з гітары.

Трэкі не маюць тэксту і выразнай структуры, не прайшлі апрацоўку звядзеннем ці перазапісам, толькі мастэрынг — раўнаванне гучнасці і танальны баланс. Яны захавалі тое, што губляецца ў марафоне шматслаёвага студыйнага запісу — спантаннасць мыслення. Яны сырыя, але больш праўдзівыя, стыхійныя і лёгкія. Уся прадстаўленая музыка з’явілася падчас запісу, альбом фіксуе працэс нараджэння трэкаў, і з’яўляецца падмуркам для песень як імхі — падмуркам для лесу.

Выдавецтва адзначае, што зараз адкрыта перадзамова, каб назбіраць на мінімальны тыраж (патрэбна 25 ахвотных). Збор ідзе два тыдні. Дастаўка будзе поштай альбо самавываз у Варшаве.