Вольга Палівода: “Мне падабаюцца людзі, якія ўмеюць думаць”

palivoda-volha

— Мая маці расійка, бацька беларус. У сям’і пра беларускасць ніхто надта не размаўляў, больш былі заклапочаныя чымсьці іншым. Бацька і маці наведваюць выставы, ад палітыкі трымаюцца ўбаку. Маюць сваю асабістую пазіцыю, не болей.

Дзядуля размаўляў лепш па-польску. Любоў да радзімы ў вялікім сэнсе мне прывіў менавіта ён. Павольнымі, але ўпэўненымі крокамі я пачала падыходзіць да беларускасці апошнім часам. Свае вершы пачала пісаць па-беларускку. Само так атрымліваецца, так цякуць думкі. Беларуская мова вельмі прыемная, меладычная. З беглай гаворкай у мяне праблемы, таму што няма з кім гаманіць. Цяпер крыху занятая, а так штосераду хадзіла на корч. Корч — яблыневы сад у Менску каля Нацыянальнай бібліятэкі на “Усходзе”. Месца тусоўкі тых, хто цікавіцца старадаўняй беларускай музыкай. Прыемная атмасфера, танцы, людзі, цікавыя, адкрытыя для стасункаў, магчымасць размаўляць з жывым чалавекам па-беларуску. Бо дома няма з кім, калі толькі з аркушам…

Навучалася ў беларускай школе, таму што гэта была адзіная ў Маладзечна гімназія.

Усе прадметы, апроч рускай мовы, былі па-беларуску. Незвычайна было перавучвацца, здаваць біялогію па-руску: почки – ныркі і гэтак далей… але гэта не было дзіўна, бо мы на перапынках заўсёды размаўлялі па-руску. Неяк не задумваліся пра гэта. Калі пераехала ў Мінск, беларускасць зрабілася бліжэйшай. Магчыма, таму, што стала больш самастойна думаць. Ужо не стрымліваюць настолькі асяродак, бацькі.

Людзі на карчы – гэта нешта яркае. Мне падабаюцца людзі, якія ўмеюць думаць. Лічу, што тыя, хто ўсвядоміў сябе беларусам, ужо прайшоў пэўны шлях станаўлення сябе як асобы. І гэта падымае іх ў маіх вачох на нейкі ўзровень. Такія людзі вылучаюцца з натоўпу, не з’яўляюцца яго шэрай часткай, яны – гэта штосьці больш яркае, цікавае.

Я лічу сябе беларускай, бо Беларусь — мая радзіма, я яе люблю. Мне падабаецца беларуская культура. Я пачала з ёй лепш знаёміцца, калі пабачыла, што гэта не толькі ў кнігах, што беларуская гаворка, народныя спевы і танцы жывыя дагэтуль.

Вольга Палівода, асістэнтка стаматолага.

Аб праекце “Як я стаў беларусам”

Тэгі: