— Тое, што я люблю Беларусь і што мне не ўсё роўна, што з ёй адбываецца, я зразумела ў школе. Гэта быў цудоўны час адраджэння, калі толькі пачыналі выходзіць нацыянальныя падручнікі па гісторыі, калі мы яшчэ вышуквалі ў новых часопісах і кніжках дадатковыя матэрыялы пра Гедыміна, Стэфана Баторыя, Бону Сфорцу, Льва Сапегу. Гэтыя імёны зачароўвалі, рабіліся асновай тваёй свядомасці, твайго гонару і проста існавання.
Шмат у чым на такое стаўленне да гісторыі і на свядомае адчуванне сябе беларускай паўплываў бацька. У яго была моцная нацыянальная самасвядомасць. Таксама ён вучыў, што варта шукаць праўду, спазнаваць, ацэньваць рэчаіснасць. Тое самае выхоўвала цудоўная настаўніца па гісторыі. Мы ведалі пра гісторыю Беларусі ўсё. Менавіта дзякуючы ёй словы “нацыянальная самасвядомасць” сталі аднымі з самых галоўных у жыцці. Ды і роднае Маладзечна заўсёды было горадам, у якім моцна адчуваўся дух свабоды і патрыятызму.
Пасля падарожнічала, шмат у якіх краінах давялося пабываць. Пабачыўшы свет, яшчэ больш адчула, што кожная нацыя адрозная ад іншых і багатая, і варта ганарыцца тым, што маеш. І мова нашая сапраўды, як казаў Багушэвіч, такая ж людская і панская, як французская, нямецкая ці іншая якая. Толькі калі сядзіш, не вылазячы са сваёй хаты, цяжка гэта ўбачыць. Тады здаецца з вышыні свайго вялікага пазнання, што “белорусские слова неблагозвучны” ці што самая вялікая культура – гэта руская. Проста з’ездзіце куды-небудзь далей, чым Мінск, і пацікаўцеся крыху больш, чым тэлевізарам і працай. А яшчэ вельмі балюча, калі 17-18-гадовыя цяпер пытаюцца з дзіцячай абыякавасцю: “Курапаты? А што гэта?”
Вольга Рудніцкая, журналіст