Конкурс ладзіцца з мэтай прадэманстраваць і ўганараваць прафесіяналізм аўтараў і аўтарак беларускіх медыя, якія ў сённяшніх складаных абставінах робяць журналістыку найвышэйшага ўзроўню, падтрымаць іх дзейнасць у адстойванні прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова, паведамляе БАЖ.
На конкурс прымаюцца працы ад беларускіх аўтараў і аўтарак незалежных медыя. Ад адной асобы на конкурс прымаюцца не больш за 3 матэрыялы, якія былі апублікаваныя ў 2023 годзе, альбо цыкл публікацый.
Матэрыялы на конкурс падаюцца аўтарамі з рэкамендацыяй (верыфікацыяй) рэдакцый незалежных медыя, дзе яны былі апублікаваныя (у форме падачы неабходна пазначыць дадзеныя службовай асобы медыя, якая пацвярджае аўтарства).
Пераможцаў конкурсу вызначыць прафесійнае журы, якое захавае ананімнасць пераможцаў пры іх жаданні, як гэта было ў мінулым годзе.
Сёлета ва ўсіх намінацыях, акрамя намінацыі «Журналісцкае расследаванне», журы будзе асобна ацэньваць тэкставыя і відэаматэрыялы. Для апошніх прадугледжана і асобная ўзнагарода. Што тычыцца намінацыі «Журналісцкае расследаванне», то ў ёй усе дасланыя на конкурс матэрыялы (тэксты, відэа, аўдыя і г.д.) будуць «спаборнічаць», як і раней: незалежна ад формы і фармату.
У намінацыі найлепшы інфармацыйны матэрыял ацэньваецца: арыгінальнасць інфармацыі (інфармацыйны факт, інфармацыйная нагода); адпаведнасць прынцыпам падачы навін; арыгінальнасць загалоўка, ліда; спосабы дасягнення эфекту прысутнасці (для рэпартажу); аўтарскі стыль.
У намінацыі найлепшая аналітычная публікацыя ацэньваецца: грамадская значнасць узнятай праблемы; адпаведнасць прынцыпам напісання аналітычнага, дыскусійнага матэрыялу; прапорцыі «прысутнасці» меркаванняў аўтара і экспертаў, даказальнасць; стыль, спосабы аўтарскай падачы; «прывязка» да мясцовых праблем; адпаведнасць прынцыпам пабудовы аналітычнага матэрыялу.
У намінацыі найлепшая публікацыя мастацка-публіцыстычнага жанру ацэньваецца: выбар тэмы; пераканальнасць, даказальнасць, ступень аўтарскай аргументацыі; аўтарскі стыль.
У намінацыі найлепшае журналісцкае расследаванне ацэньваецца: выбар тэмы; грамадская значнасць узнятай праблемы; пераканальнасць, даказальнасць, ступень аўтарскай аргументацыі; аўтарскі стыль.
Апошні дзень прыёму матэрыялаў: 23:59 па Менскім часе, 31 сакавіка 2024 года.
Вынікі творчага конкурсу ў пералічаных намінацыях шляхам таемнага галасавання падвядзе журы. Творы ўдзельнікаў конкурсу будуць ацэньвацца сябрамі журы па 10-бальнай шкале. Пераможцам будзе прызнаны матэрыял, які набярэ найбольшую суму балаў.
Падрабязней пра умовы конкурса можна даведацца тут.