На якіх мастакоў «Восеньскага салона 2024» звярнуць увагу

Мастацтвазнаўца Мікіта Моніч працягвае знаёміць з сучасным мастацтвам Беларусі. Тэкст паводле відэа запісала «Наша Ніва».


Mikita Monič
Мікіта Моніч. Скрын відэа: okolocultury / YouTube

З 6 верасня па 13 кастрычніка ў Палацы мастацтваў праходзіць чарговы «Восеньскі салон» — адна з самых маштабных выставаў-продажаў сучаснага мастацтва ў Беларусі. На ім выстаўленыя больш за 400 твораў 200 аўтараў.

Шматлікія творцы страцілі магчымасць выстаўляцца па палітычных прычынах. Вось на каго раіць звярнуць увагу Моніч у новым выпуску свайго ютуб-канала «Каля культуры» з тых, каму выстаўляцца дазволена.

Лізавета Пастушэнка

Лізавета Пастушэнка — гэта спрактыкаваная мастачка, якая працуе выкладчыцай малюнка, ілюстратарам, мастаком-пастаноўшчыкам.

Lizavieta Pastušenka «Supraćstajannie»
Лізавета Пастушэнка. Супрацьстаянне. Крыніца: artcenter.by

Па словах Моніча. яе працы часта вылучаюцца сімвалічнасцю і элементамі сюррэалізму: «Лізавета ўражвае маштабам сваіх прац, не цураецца пэўнага сюррэалізму. Некаторыя яе творы нагадваюць майго ўлюбёнага Паўла Татарнікава».

Настасяя Шведава

Па словах Моніча, Настасся Шведава знаходзіцца ў пошуку сваёй мастацкай мовы, ствараючы творы, напоўненыя міфалагічнымі і фэнтэзійнымі элементамі. Вядучы захапляецца яе падыходам: «Калі гляджу на розныя штукі, што яна робіць, то нібыта бачу адну і тую ж інтанацыю».

Nastassia Šviedava. Ekspierymientaĺny rybtyloid
Настасся Шведава. Эксперыментальны рыбтылоід. Крыніца: artcenter.by

Асабліва моцна яго ўразіў калаж «Эксперыментальны рыбтылоід», які ён апісвае як працу, што мяшае фантазійныя вобразы з рэальным светам.

Аляксей Жукаў

Аляксей Жукаў — архітэктар па прафесіі, але любіць маляваць, у асноўным рэалістычныя архітэктурныя кампазіцыі. Яго працы вылучаюцца дэталізацыяй і падрабязным адлюстраваннем класічных архітэктурных элементаў.

Aliaksiej Žukaŭ. Minulaje ŭ sučasnym
Аляксей Жукаў. Мінулае ў сучасным. Крыніца: artcenter.by

Моніч звяртае ўвагу на карціну «Мінулае ў сучасным», на якой прыгожыя пілястры класічнай архітэктуры кантрастуюць са спарахнелым станам будынка.

Марыя Кручкова

Марыя Кручкова — разнабаковая мастачка, вядомая сваёй майстэрскай працай з колерам і мазаікай. Яе творы ўражваюць сваёй насычанасцю і гармоніяй колераў. Моніч адзначае: «Гэтыя колеры нават праз экран майго камп’ютара выглядаюць вельмі пераканаўча і прыгожа».

Maryja Kručkova. Pad pokryvam
Марыя Кручкова. Пад покрывам

Асабліва яго ўразіў яе твор «Пад покрывам», які ён апісвае як «вялікі і дэталізаваны».

Ілля Гічан

Моніч заўважае, што Ілля Гічан вядомы сваёй працай у галіне жывапісу і скульптуры, яго творы вылучаюцца глыбокай псіхалагічнай асновай і тонкай працай з вобразамі.

Illia Hičan. Crow.
 Ілля Гiчан. Crow. Крыніца: artcenter.by

Моніч асабліва вылучае працу «Crow» (Крумкач) 2023 года, падкрэсліваючы яе псіхалагічную глыбіню: «Па сваёй псіхалагічнай грунтоўнасці не саступае героям кніг Свена Нурквіста».

Пейзажы Гічана таксама ўразілі Мікіту Моніча: «У ягоных творах я бачу тое, што люблю ў працах Курбэ, Дабіньі і Левітана».

Illia Hičan. Viasna
Ілля Гічан. Вясна. Крыніца: artcenter.by

Гэтыя мастакі, кожны са сваім унікальным падыходам, адлюстроўваюць разнастайнасць і багатую спадчыну сучаснага беларускага мастацтва. Кожны з іх уносіць нешта новае і самабытнае, і іх творы заслугоўваюць увагі.