Vostraū skarhaū — альбом, які хочацца патрымаць на рэпіце. Новы рэліз ад гурта Syndrom Samazvanca

12.01.2023 Музыка

Гурт Syndrom Samazvanca прэзентаваў новы альбом. «Vostraū skarhaū на ўзроўні сэнсаў — гэта пошукі рэцэптаў быцця ў гэтым месцы, у гэтым часе (нічога новага, проста нашая версія). Узрост паловы песень нават на роўні задумаў вымяраецца некалькімі месяцамі, нешта сачынялася значна раней, але прайшло праз сіта: новыя музыканты + новая рэальнасць», — напісалі музыкі пра сваю новую працу.


325306309_1393998797673392_3809851761768204381_n.jpg

«Vostraū skarhaū нібыта наўмысна выйшаў сёння, 12 студзеня, ці не ў самы непрыдатны для рэлізаў час. Але гэта настолькі моцная і дасканалая праца, што вы проста абавязаны яе паслухаць. Яна вельмі беларуская і небеларуская адначасова, таму што мацнейшы тэкставы складнік са шматлікімі спасылкамі (ад таварыша маёра да Бахарэвіча) спалучаецца з сусветнымі музычнымі рэферэнсамі (ад Can да Television), — так адгукнуўся пра рэліз журналіст Аляксандр Чарнуха ў тэлеграм-канале «Беларуская музыка».

Музыкі запісалі злы і тэхнічны, вынаходлівы і наўпроставы адначасова альбом, у якім ёсць увесь спектр эмоцый: ад тугі і адчаю да іроніі і сарказму. Слухаць яго — гэта суцэльнае задавальненне, бо Syndrom Samazvanca не гуляюцца са здабыткамі сусветнай музыкі, а ствараюць уласны пазл з арт-року, псіхадэлікі і краўта, аздоблены харызматычнымі і трапнымі тэкстамі Уладзя Лянкевіча.

Vostraū skarhaū — альбом, які хочацца патрымаць на рэпіце: ўважліва ўслухацца ў дэталі, рассмакаваць, а потым крутануць яшчэ раз. Вельмі таленавітая праца пра «існаванне і выжыванне ў сучасным постсавецкім горадзе».

 Вокладку для альбома зрабіла мастачка Кацярына Дубовік.