Хочаш трапіць на след ваўка і разабрацца ў акалічнасцях жыцця звышдрапежніка? Паехалі ў госці да шэрага ў Белавежскую пушчу!
1-2 лютага АПБ і анлайн-кампанія «Воўчы блог» запрашаюць на Ноч ваўкоў, каб развеяць распаўсюджаныя стэрэатыпы пра іх ды натхніць як мага больш людзей далучыцца да справы аховы роднай прыроды.
У нашым грамадстве да ваўка склалася жорстка негатыўнае стаўленне – і гэта адмоўна ўплывае на стан дзікай прыроды Беларусі.
Воўк – драпежнік найвышэйшага парадку, а значыць, ён падтрымлівае біялагічную разнастайнасць і самарэгуляцыю экасістэмы, у якой жыве. Але яго ролю пачаў прымяраць на сябе чалавек. Ён вырашае, колькі і якіх відаў патрэбна канкрэтнаму лесу ці нават асабліва ахоўнай тэрыторыі. Беспадстаўна перакройваючы экасістэму на свой капыл, ён парушае раўнавагу дзікай прыроды, у якой усё ўзаемазвязана.
Прыйшоў час ваўка заняць сваё пачэснае месца ў жывой прыродзе.
У абарону звера выступае сам закон прыроды і непасрэдна прыродаахоўнікі. АПБ і Франкфурцкае заалагічнае таварыства сумесна з Нацыянальным паркам “Белавежская пушча” і польскім Белавежскім нацыянальным паркам праводзяць першую трансгранічную Ноч ваўкоў.
Два дні ў Белавежскай пушчы з абодвух бакоў дзяржаўнай мяжы будуць вабіць ваўка, гуляць у следапытаў. Удзельнікі мерапрыемства даведаюцца пра жыццёвы распарадак, звычкі драпежніка і пра яго стасункі з чалавекам і ў сваёй сям’і.
Настасся Кузьмянкова са сваімі ваўчкамі
Кінамастак Ігар Бышнёў пакажа фільмы пра ваўкоў, навуковец і даследчык Дзмітрый Шамовіч прадэманструе “сямейныя” фота з шэрымі, генэтык з Польшчы Мацей Шэўчык раскажа, аб чым можна даведацца па ДНК ваўка.
У канцы першага дня — вячэрняя экскурсія па слядах ваўка і начное вогнішча на Царскай паляне. Чытай падрабязную праграму вандроўкі для аматараў дзікай прыроды і далучайся! Такога падарожжа мы яшчэ не ладзілі.
Даследаваннем сітуацыі па ваўку АПБ займаецца з 2013 года. Мы расказваем пра асабістае жыццё гэтых драпежнікаў, каб людзі не паддаваліся сляпому страху перад імі.
У межах анлайн-кампаніі vouk.by спрабуем паглядзець на свет вачыма звера. Дапамагаюць у гэтым палявыя супрацоўнікі. Яны ўсталёўваюць фотапасткі, па слядах высочваюць ваўкоў, каб падлічыць іх, робяць генетычны аналіз груповак. Усё гэта дзеля адной вялікай мэты — спыніць татальны адстрэл ваўкоў.
Віктар Фянчук і Валерый Дамброўскі на палявых работах
У ваўчынай кампаніі АПБ дапамагае Франкфурцкае заалагічнае таварыства. Воўк, які знаходзіцца на вяршыні ланцугу харчавання, абараняецца ў межах Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы і праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”. Акрамя эколагаў ды іншых навукоўцаў, кампанія па выратаванні драпежніка захапіла розных па адукацыі і прафесійных абавязках людзей, якіх яднае занепакоенасць лёсам віда. Многіх з іх ты ўбачыш на Ночы ваўкоў 1-2 лютага.
Ірына Кашпей распавядае пра беларускіх ваўкоў на ТedX Minsk
Ірына Кашпей, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях спадзяецца, што Ноч ваўкоў прыцягне ўвагу грамадства да цяжкага становішча, у якім апынуўся від:
“Многія людзі адчуваюць глыбокі, нават радавы страх перад ваўком. У яго падмурку — недахоп ведаў. Чалавек, які не разумее, чым выкліканыя паводзіны жывёлы, не ведае, як да гэтага ставіцца, ад таго і баіцца. На Ночы ваўкоў мы падзелімся гэтымі ведамі. Спадзяюся, што з цягам часу ўсё больш людзей пачне ставіцца з павагай да ваўка, якога многія пакуль што лічаць непажаданым відам!”