Чаму ў міжваенным Гродне адной з вуліц надалі імя прызідэнта ЗША Герберта Гувера

18.10.2022 Гісторыя

Некалі ў Гродне існавала вуліца ў гонар амерыканскага прэзідэнта Герберта Гувера. Чым ён гэта заслужыў, тлумачыць краязнаўчы тэлеграм-канал «Hrodna 11:27».


photo_2022-10-18_11-25-08.jpg

Вуліцай Гувера ў 1922-40 гг. называлася сённяшняя Тэльмана (а ў царскія часы яна была наогул Іванаўская). На момант перайменавання, Гувер яшчэ не быў прэзідэнтам ЗША, але ўжо зрабіў сабе месца ў гісторыі як змагар з голадам, які панаваў ва Усходняй Еўропе пасля Першай сусветнай вайны. Будучы міністрам гандлю, Гувер узначальваў таксама ARA — American Relief Administration. Менавіта гэтая арганізацыя накарміла мільёны людзей у патрэбе ў цяжкія пасляваенныя часы — у тым ліку ў Гродне і ваколіцах.

Пра нястачку красамоўна кажа рэцэпт мясцовага «хлеба», які запісаў інспектар АРА Гершэл Уокер, што наведаў у 1919 годзе Ліду:

«У людзей няма мукі, солі, у гэтым рэгіёне яны пякуць хлеб з сумесі травы, верасу і крапівы. Яны дробна сякуць гэтыя інгрэдыенты, дадаюць нешта для клейкасці і потым пякуць на агні».

Амерыканская дапамога ў першую чаргу была скіраваная дзецям. У кнізе Аляксандра Лукашука «Прыгоды АРА ў Беларусі» ёсць успамін спадарыні Каханоўскай, якая ў 1921-м жыла ў Мінску і хадзіла ў школу, дзе давалі абеды ад ARA: «Малако добрае было. Давалі добры кубак какава, булачку, і гэта можна было піць колькі хочаш. Бацька ж мой працаваў і прыносіў прадукты таксама — прадукты АРА. Фасоля была такая смачная. Можа якіх дзесяць гатункаў фасолі. І нават былі фасолькі з пражылкамі, з рознымі рысункамі. А смак — ну надзвычайны...».