Асоба Васіля Быкава настолькі значная, што ў Беларусі павінны былі б стаяць як мінімум некалькі помнікаў пісьменніку, але з гэтым усё складана. У першую чаргу з-за таго, што Быкаў не проста не падтрымліваў дзейную ўладу, а крытыкаваў жорстка, называючы яе антыбеларускай па сваёй сутнасці. Таму на пэўны час пра яго стараліся забыць і па магчымасці не ўзгадваць яго імя. Але выкрасліць імя славутага пісьменніка проста немагчыма, з цягам часу пачалі з’яўляцца вуліцы Быкава, а пасля і паўстаў помнік.
Выгляд вуліцы Васіля Быкава ў Ждановічах. Крыніца: blisch.by
Вуліцы Быкава пад Мінскам
Ждановічы
Самая першая вуліца ў гонар Васіля Быкава з’явілася ў 2003 годзе намаганнямі Юрыя Зяньковіча, у той час дэпутата мясцовага Савета. Прычым супраціўлення мясцовых чыноўнікаў такой назве вуліцы асабліва не было, і яна паўстала ў новай частцы Ждановічаў. Але ж дабрацца да вуліцы Быкава ў Ждановічах не так і проста. Спачатку трэба ехаць на электрычцы да станцыі «Ждановічы», потым блукаць крывымі завулкамі пасёлка да самых да ўскраін. А мясцовыя жыхары далёка не ўсе ведаюць такую вуліцу, таму дапаможнікам вандроўніку будзе хутчэй карта на смартфоне, чым падказкі мясцовых.
Калі ўсё ж даехаць да вуліцы Быкава, то яна падобная на звычайную пасялковую, якая да сённяшняга дня да канца не забудавана. Там можна пабачыць катэджы, металачарапіцу, сцены розных колераў. Карацей, вуліца нічым асабліва не адметная, акрамя шыльды «Вуліца Васіля Быкава», да таго ж яшчэ і тупіковая.
Беларускамоўная шыльда на адным з дамоў у Ждановічах. Крыніца: blisch.by
Cмалявічы
У Смалявічах вуліца аднаго з самых знакамітых беларускіх пісьменнікаў з’явілася ў 2013 годзе. Аднак такі гарадскі тапонім паўстаў не ў цэнтры горада, а ў раёне прыватнай забудовы пад назвай «Ліпкі», які знаходзіцца адасоблена ад горада — ад цэнтра да вуліцы Быкава больш за 4 кіламетры. Ліпкі — гэта новы раён катэджавай забудовы. Выглядае ён неаднародна — ёсць збудаваныя дамы, а ёсць і пустыя ўчасткі. Галоўная адметнасць гэтага раёна — шматлікія вуліцы, што былі названы ў гонар знакамітых дзеячаў культуры Беларусі.
Выгляд вуліцы Васіля Быкава ў Смалявічах. Крыніца: realt.by
Сярод такіх тапонімаў можна вылучыць вуліцы Мікалая Гусоўскага, Станіслава Манюшкі, Максіма Танка, Івана Мележа, Васіля Быкава, Кандрата Крапівы, Ігната Буйніцкага, Францішка Скарыны, Уладзіміра Мулявіна, Івана Шамякіна, Адама Міцкевіча, Еўфрасінні Полацкай, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Кастуся Каліноўскага, Марка Шагала, Тадэвуша Касцюшкі і інш. Такім чынам у гэтым раёне сабралі пэўны пантэон вядомых беларусаў розных гістарычных эпох.
Фаніпаль
Вуліца Васіля Быкава ёсць і ў яшчэ адным горадзе-спадарожніку Мінска — Фаніпалі. Знаходзіцца яна ў трох кіламетрах ад чыгуначнай станцыі горада, бліжэй да ўскраіны, у раёне «Паўднёвы-1». Паралельна вуліцы Быкава ідзе вуліца Івана Шамякіна — творцы, якога не разумеў і не прымаў Васіль Уладзіміравіч. Перасякае вуліцу Быкава вуліца Наватарская, а побач знаходзцца яшчэ Сяргея Ясеніна, Пятра Машэрава, Кветкавая, Фабрычная, крыху далей Вязанская, Мічурына і Дзяржынскага. Вельмі страката, а імя Васіля Уладзіміравіча з такіх тапонімаў яўна выбіваецца.
Вуліцы Быкава ў Мінску няма, а ў Закаблуках ёсць
Колькі разоў спрабавалі дабіцца вуліцы Быкава ў Мінску, але ўcё беспаспяхова і марна. У 2010 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў адбыўся нават пікет за з’яўленне вуліцы Васіля Быкава ў сталіцы, але вынікаў гэта не дало. У 2021 годзе мінчукі прапаноўвалі перайменаваць вуліцу Карла Маркса ў вуліцу Васіля Быкава, але таксама плёну не было.
Пікет за з’яўленне вуліцы Быкава ў Мінску. Крыніца: svaboda.org
Затое вуліца Васіля Уладзіміравіча ёсць у вёсцы Закаблукі Гаранскага сельсавета Мінскага раёна, што знаходзіцца ў 12 кіламетрах ад Каменнай Горкі. Гэта невялічкая вёска, у якой апошнім часам пачалі будаваць дачныя катэджы. Стала ў ёй жыве да паўсотні чалавек. Выглядае гэта, натуральна, як здзек, бо столькі было спробаў назваць імём Быкава вуліцу ў Мінску, а ў выніку вуліца пісьменніка паўстала ў мала каму вядомай вёсцы пад Мінскам.
Выгляд тыповай вуліцы ў Закаблуках. Крыніца: wikipedia.org
Вуліцы Быкава на Гомельшчыне і Берасцейшчыне
І калі ў гарадах, дзе народны пісьменнік некалі жыў — Вушачах, Віцебску, Горадні, Мінску — доўгі час не было ніякіх тапонімаў звязаных з Васілём Уладзіміравічам, то ў невялікіх гарадах і нават мястэчках там-сям пачалі паўставаць вуліцы ў гонар Васіля Быкава.
Зусім нечакана вуліца Васіля Быкава з’явілася ў Лельчыцах. Прычым гэта адбылося раней, чымся ў гарадах-спадарожніках Мінска. Яшчэ вясной 2010 года рашэннем лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў была прынята пастанова аб наданні адной з вуліц горада імя Васіля Уладзіміравіча. Праўда, і ў Лельчыцах вуліца Васіля Быкава знаходзіцца бліжэй да ўскраіны і суседнічае з іншымі стракатымі тапонімамі мястэчка: вуліцамі Славянская, Незалежнасці, Дружная, Прыгожая, а далей Цяністая, 9 мая, маршала Жукава, Сцяпана Лобана (імя савецкага афіцэра), Аэрадромная і іншыя.
У канцы 2014 года вуліца Васіля Быкава з’явілася і ў Жлобіне, прычым таксама прынята рашэннем Жлобінскага раённага савета дэпутатаў. Але зноўку тая ж самая карціна — вуліца, названая ў гонар славутага пісьменніка, знаходзіцца на самай ускраіне горада, фактычна побач з чыгуначнай станцыяй Жлобін-Паўночны.
Вуліца Быкава ёсць і ў Жыткавічах, яна з’явілася там у 2015 годзе. Знаходзіцца бліжэй да ўскраіны райцэнтра, у частцы горада з пераважна прыватнай забудовай.
Не менш актыўна з’яўляліся вуліцы пісьменніка і на Берасцейшчыне. Вуліца Быкава ў Лунінцы знаходзіцца зноў жа на ўскрайку райцэнтра, побач з вуліцамі Жукава, Куляшова, Сонечнай, Рабінавай, Дружнай і Машэрава. Такое суседства тапонімаў выглядае абсурдам, але стракатасць найменняў у горадзе нікога не турбуе.
Вуліца Быкава ёсць і ў буйным горадзе Берасцейшчыны — Баранавічах, але яна настолькі непрыкметная і знаходзіцца на ўскраіне горада, што яе нават цяжка знайсці па мапах. Можна меркаваць, што не тое што турысты, але і маса мясцовых жыхароў не падазраюць аб існаванні такога закутка. Між іншым, менавіта ў Баранавіцкім раёне адбываліся здымкі фільма «Знак бяды» ў 1986 годзе, які зняў рэжысёр Міхаіл Пташук па аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Галоўнай здымачнай пляцоўкай для ваеннага фільма стаў хутар у вёсцы Бартнікі Баранавіцкага раёна.
Выгляд вуліцы Васіля Быкава ў Баранавічах. Крыніца: belyama.by
Ёсць вуліца Быкава і ў Пружанах, а побач з ёй вуліца Тадэвуша Касцюшкі, Францішка Скарыны і нават Еўфрасінні Полацкай. Праўда, зноўку вуліца размешчана не ў цэнтры горада, а бліжэй да ўскраіны, як і ўся астатняя нацыянальная тапаніміка Пружанаў.
Мемарыяльныя дошкі ў Віцебску і Мінску
Васіль Быкаў яшчэ ў школе захапляўся маляваннем і пасля заканчэння 8 класаў школы, у 1939 годзе паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Праўда, правучыўся ён там нядоўга, і ўвосень 1940 года ў сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый вымушаны быў пакінуць вучобу. Аднак мастацтва з Васілём Уладзіміравічам было поруч усё жыццё, таму вельмі сімвалічна, што на цяперашнім будынку дзіцячай мастацкай школы № 1 (у гэтым будынку з 1923 па 1941 год знаходзілася некалі Віцебская мастацкая вучэльня) з’явілася шыльда, прысвечаная славутаму пісьменніку.
Мемарыяльная дошка вырабленая з бронзы і ўяўляе сабой стылізаваную рамку ў выглядзе аркі, усярэдзіне якой змешчаны партрэт пісьменніка і бусел як сімвал Беларусі. Аўтарамі кампазіцыі з’яўляюцца віцебскія скульптары Валер Магучы і Аляксандр Гвоздзікаў.
Мемарыяльная дошка ў Віцебску. Крыніца: radzima.org
Хоць у Мінску так і не паўстала вуліцы Васіля Быкава, але ў 2020 годзе з’явілася мемарыяльная шыльда, якая пазначае месца, дзе пісьменнік жыў у Мінску на працягу больш як 20 гадоў. Мемарыяльная дошка выраблена з латуннага ліста, мае памеры 1,83 метра ў даўжыню і паўметра ў шырыню і змяшчае скульптурны партрэт пісьменніка, адліты ў бронзе, а вышэй можна ўбачыць аўтограф Васіля Быкава, «напісаны» паверх урыўка з яго аповесці «Атака».
Як адзначыў стваральнік помніка скульптар Ігар Засімовіч, працуючы над стварэннем вобраза Васіля Быкава, ён абапіраўся на фотаздымкі і відэаматэрыялы, а таксама на ўражанні ад сустрэч з сынамі класіка. Афіцыйна адкрылі мемарыяльны знак 9 верасня 2020 года на доме па вуліцы Максіма Танка, 10, дзе Быкаў жыў з 1978-га па 2003 год.
Мемарыяльная дошка ў Мінску. Крыніца: zviazda.by
Вуліца і музейная экспазіцыя ў Гродне, лес пад Гродна
У Гродне Васіль Уладзіміравіч жыў з 1947-га па 1949-ты і з 1955-га па 1972 гады. Гарадзенцы не адно дзесяцігоддзе змагаліся за з’яўленне ў гарадскім тапаніміконе вуліцы Быкава. Напрыклад, у 2004 годзе было сабрана больш за 500 подпісаў, прычым падпісалася інтэлігенцыя горада, але мясцовыя ўлады праігнаравалі жаданні жыхароў.
У Гродне Васіль Быкаў жыў па трох адрасах: Вялікая Троіцкая, 28, Свярдлова, 18, Парыжскай Камуны, 9. Дарэчы, на вуліцы Свярдлова ёсць нават дуб Быкава, які, па сцверджаннях сваякоў, пасадзіў сам пісьменнік. Менавіта на гэтых вуліцах з-пад пяра Васіля Быкава паўсталі знакамітыя «Cотнікаў», «Альпійская балада», «Знак бяды» і некаторыя іншыя творы.
Вуліца пісьменніка ў выніку паўстала ў чорта на рагах. Яна з’явілася ў новым спальным раёне пад назвай Альшанка, якая некалі была вёскай, што ўвайшла ў склад горада. Такім чынам, вуліца пісьменніка ёсць, але апроч мясцовых жыхароў мала хто ведае пра яе існаванне.
Выгляд старога музейнага пакойчыка, прысвечанага Быкаву. Крыніца: museum-grodno.narod.ru
У Гродне таксама раней існаваў невялічкі музейны пакойчык Быкава, па вуліцы Савецкай, 31 — у офісе ветэранскай арганізацыі, дзе з 2003 па 2018 гады размяшчалася сціплая экспазіцыя, прысвечаная Васілю Быкаву. Музей праіснаваў больш за 15 гадоў, хоць размяшчаўся ўсяго на 15 квадратных метрах. Гараджане рэдка наведвалі музейную экспазіцыю, бо пра яго амаль ніхто не ведаў і папулярызацыяй ніхто не займаўся. А паглядзець там было на што: вялікая калекцыя кніг Быкава, асабістыя рэчы пісьменніка, рэдкія здымкі і іншае. Але ў 2019 годзе музейны пакой зачыніўся, а калекцыя пераехала ў музей Максіма Багдановіча (каля 600 экспанатаў: ад лістоў да друкаркі, за якой працаваў Быкаў). Цяпер розныя ўнікальныя рэчы пісьменніка можна пабачыць у экспазіцыі «Гродзеншчына літаратурная».
Лісты з розных гарадоў і краін да Васіля Быкава. З экспазіцыі музея Багдановіча ў Гродне. Крыніца: bagdanovichmuseum.by
Дарэчы, іншая частка мемарыяльных рэчаў Васіля Уладзіміравіча патрапіла ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Фонды музея папоўніліся арыгінальнымі фотаздымкамі народнага пісьменніка, на якіх Васіль Быкаў каля Нёмана, на Замкавай гары, на вуліцах горада, дзе ён пражыў 25 гадоў. Значную колькасць прадметаў складаюць выданні твораў Васіля Быкава і іх пераклады на розныя мовы свету, у тым ліку з аўтографамі Васіля Быкава і вядомых беларускіх і замежных аўтараў. Сярод дакументаў — візітоўкі, лісты, тэлеграмы і віншавальныя паштоўкі В.Быкаву ад пісьменнікаў, журналістаў, супрацоўнікаў музеяў, школьнікаў, сяброў і родных. Каштоўным набыткам музейнага збору з’яўляюцца аркушы рукапісу аповесці «Сотнікаў» з праўкамі Васіля Быкава.
Адзенне Васіля Быкава ў фондах гісторыка-археалагічнага музея ў Гродне. Крыніца: grodno-museum.by
У 2016 годзе cупрацоўнікі Індурскага лясніцтва, што знаходзіцца недалёка ад Гродна, высадзілі лес імя Васіля Быкава. Быў усталяваны драўляны памятны знак у выглядзе раздвоенага дрэва, што сімвалізуе пяро (галоўны інструмент пісьменніцкай працы). Знак вырабіў майстар лесу Іосіф Сідаркевіч. Менавіта гэты вобраз прыйшоў на думку аўтара, які не проста працаваў у Індурскім лясніцтве, але і меў багаты досвед разьбы па дрэве. Прысвяціць частку лесу менавіта Васілю Быкаву прапанаваў Аляксей Гарохаў — кіраўнік лесагаспадарчага аддзела Гродзенскага лясгаса.
Супрацоўнікі лясніцтва на фоне памятнага знака, 2016 год. Крыніца: t-styl.info
Музей-дача ў Ждановічах і помнік ва Ушачах
Музей-дача ў Ждановічах дае ўяўленне пра дачны побыт творцы ў 1985-1998 гг., пра тое, якім Васіль Быкаў быў у штодзённым жыцці. Таксама ў музеі захоўваюцца карціны, створаныя ўласнаручна В. Быкавым; малюнкі; чарнавікі; ліст Аляксандра Твардоўскага да Быкава; кнігі з аўтографамі і карціны, падораныя Васілю і Ірыне Быкавым сябрамі. Музей працуе з 12.00 да 18.00 з серады па нядзелю, але толькі ў летні перыяд — з мая па верасень.
Выгляд музея-дачы Быкава ў Ждановічах. Крыніца: wikipedia.org
Музейная экспазіцыя была адчынена ў чэрвені 2014 года да 90-годдзя пісьменніка. Мемарыяльны музей створаны на лецішчы В. Быкава ў Ждановічах, па адрасе вуліца Вінаградная. Лецішча было бязвыплатна перададзена ўдавой Ірынай Міхайлаўнай Быкавай дзяржаве. Стварэнню гэтага музея паспрыяў Павел Латушка, які ў той час быў міністрам культуры.
Працоўны стол Васіля Уладзіміравіча. Крыніца: svaboda.org
Не менш значная падзея адбылася ў чэрвені 2021 года, калі ва Ушачах пастаў першы ў рэспубліцы помнік Васілю Быкаву, побач з якім пастаўлены помнік яго сябра — Рыгора Барадуліна. Аўтарам помнікаў Быкаву і Барадуліну з’яўляецца Ігар Засімовіч. Зборам грошай і вырашэннем арганізацыйных пытанняў, звязаных з устаноўкай помнікаў, займаўся Глеб Лабадзенка, які паведаміў, што сотні людзей ахвяравалі на помнікі народным пісьменнікаў Беларусі больш за 11 тысяч даляраў.
Помнік Васілю Быкаву ва Ушачах. Крыніца: svaboda.org
Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Вандроўка па Віцебшчыне шляхамі Васіля Быкава
«Нацыст Быкаў». Чаму варта адмовіцца ад параўнання апанентаў з прыспешнікамі Гітлера?