З нагоды стагоддзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, грамадскага дзеяча, пісьменніка, публіцыста Васіля Быкава прапануем узгадаць мясціны, звязаныя з дзяцінствам ды юнацкімі гадамі творцы. Наведаем вёскі Бычкі, Селішча ды Кублічы, што на Ушаччыне, завітаем у Віцебск. Пабачым дом-музей пісьменніка, пазнаёмімся з месцамі, дзе ён вучыўся, з краявідамі, якія бачыў, пройдземся шляхамі, якімі шпацыраваў Васіль Уладзіміравіч у юнацтве.
Васіль Быкаў
Бычкі, Ушацкі раён, Віцебская вобласць
Дом-музей Васіля Быкава
Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькам Народнага пісьменніка Беларусі быў Уладзімір Хведаравіч Быкаў, удзельнік Першай сусветнай вайны, а маці Васіля Быкава Ганна Рыгораўна, у дзявоцтве Скрабатун, была дачкой рыбака. Уладзімір Хведаравіч Быкаў быў ураджэнцам Бычкоў, а Ганна Рыгораўна з суседняга Завулка, які ў 1921 годзе апынуўся ў складзе Польшчы.
Дом-музей Васіля Быкава, Бычкі. Фота: planetabelarus.by
Малюнак Васіля Быкава. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
Малюнак Васіля Быкава. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
Вёска Бычкі, дзе нарадзіўся пісьменнік, вядомая пад такой назвай з ХІХ стагоддзя як частка маёнтка Слабодка, які належаў памешчыку Штомбергу. Магчыма, Бычкі атрымалі сваю назву ад мянушкі першапасяленца Лук’яна Быка, селяніна, які жыў у другой палове ХVIII стагоддзя. Шматлікія даследчыкі сцвярджаюць, што Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў па бацьку паходзіў менавіта з гэтага роду Быкоў. Дакладна вядома, што сем’і сыноў Лук’яна Быка Аўласа і Фадзея былі прыгоннымі маёнтка Слабодка, у склад якога ўваходзілі Бычкі, а Янка Мацееў Бык, унук Аўласа, верагодна, быў прадзедам Васіля Быкава. Ягонае імя вядомае з інвентара 1845 года.
Васіль Быкаў з бацькамі, стрыечным братам Іллём і сястрой Валянцінай. 1960-я гады. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
Малюнак Васіля Быкава. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
Пісьменнік згадваў свайго продка ў аўтабіяграфіі «Доўгая дарога дадому»: «Другі дзед быў селянін-адыходнік, сезонна рабіў на прамысловых прадпрыемствах у Курляндыі, там жа пад канец жыцця выбіўся ва ўпраўляючыя цагельнага завода...». А бацька Васіля Быкава, Уладзімір Хведаравіч, нарадзіўся ў 1888 годзе. Верагодней за ўсё, ён быў першым з роду, чыё прозвішча было змененае на русіфікаваную форму. Так на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў Быкі сталі запісвацца Быкавымі.
Малюнак Васіля Быкава. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
Сёння ў Бычках, на месцы хаты, дзе мінула дзяцінства Васіля Быкава, размешчаны музей, заснаваны ў 2004 годзе. У склад музея ўваходзяць адбудаваныя дом, хлеў, пуня, агароджа. Колішняя хата, у якой да 1940 года жыў пісьменнік, была пабудавана бацькам пісьменніка. З 1976 года яна пуставала, і ў 2003 годзе яе разабралі з-за занядбанага стану, а на яе месцы была ўзведзена дакладная копія. Навокал хаты можна пабачыць дрэвы, высаджаныя, магчыма, яшчэ бацькамі Васіля Уладзіміравіча.
Дом-музей Васіля Быкава, Бычкі. Фота: planetabelarus.by
Малюнак Васіля Быкава. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
У школе ў Бычках Васіль Быкаў адвучыўся ў першым класе. Будынак арыгінальны, у адрозненне ад адноўленай бацькоўскай хаты, і яшчэ памятае пісьменніка. Школа ў вясковай хаце размясцілася з 1930-х гадоў, палова будынка была жылая, а ў другой палове дзейнічала пачатковая навучальная ўстанова. Пазней у гэтым доме доўгі час, з 1969 года жыла швагерка Васіля Быкава, «братава» Антаніна. У будынку неаднаразова ладзіліся мастацкія пленэры, шмат валанцёраў на добраахвотных пачатках прымалі ўдзел у захаванні ды аднаўленні будынка.
Будынак колішняй школы ў Бычках. Фота: svaboda.org
Малюнак Васіля Быкава. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
Кублічы, Ушацкі раён Віцебскай вобласці
Школа
У другі клас Васіль Быкаў пайшоў у школу, што месцілася ў суседняй вёсцы Двор-Слабодка. Астатнія 8 класаў скончыў у Кубліцкай сярэдняй школе. Сёння Кублічы — аграгарадок, які ў 1930-я быў звычайнай вёскай на Ушаччыне. Але з цікавым мінулым, пра якое Васіль Быкаў неаднаразова ўзгадваў у сваёй аўтабіяграфіі.
«А колісь гэта было слаўнае старажытнае мястэчка, пазначанае на картах з XVI стагоддзя, з праваслаўнай царквой (былой уніяцкай), у якой мяне хрысцілі і дзе я пазнаў першае прычасце. Была таксама сінагога, школа і нават пажарная побач з царквой, аптэка, кузня. Галоўнае месца, аднак, ля кірмашовай плошчы займаў чырвоны цагляны будынак межавой камендатуры. Спярша ён проста прымыкаў да плошчы, а пасля яго абнеслі высокім дашчатым заборам з колам на рагу ў выглядзе турэлі, на якой мясціўся ручны кулямёт...».
Малюнак Васіля Быкава. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
Сёння на месцы колішняй школы стандартны савецкі будынак, старая не захавалася.
Царква Святых Казьмы і Дзям’яна
Храм, у якім хрысцілі Васіля Быкава, на жаль, не захаваўся. У яго разрабаванні і знішчэнні ўдзельнічалі самі мясцовыя жыхары. Васіль Быкаў такім чынам узгадваў тагачасныя падзеі:
«У 30-я гады пабудавалі новую, неблагую школу, але садралі крыжы з царкоўных купалоў, каб тыя нельга было згледзець з-за мяжы, бо ж арыенціры для «міравой буржуазіі», якая толькі і марыць, каб разбурыць Кублічы. Але бурыць іх пачалі самі. Усё царкоўнае майно сканфіскавалі або проста расцягалі ваяўнічыя атэісты, якімі абавязаны былі быць усе піянеры, камсамольцы, бальшавікі, настаўнікі і актывісты. I мы, піянеры-актывісты, цягалі з царквы і дралі старажытныя фаліянты, клеілі з царкоўных рукапісных пергаментаў ветраных змеяў, якія запускалі ў ветраныя дні. З царкоўных жа рызаў раённы быткамбінат пашыў цюбецейкі, у якіх шмат год хадзілі ўлетку нашыя хлопцы...».
Малюнак Васіля Быкава. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
Пісьменнік узгадвае, што ў Кублічах было шмат яўрэяў, сярод якіх былі ягоныя сябры, з якімі будучы пісьменнік наведваў школу. Большасць мясцовых яўрэяў былі расстраляныя на пачатку Другой сусветнай вайны ва Ушачах. «У першы год вайны ўсё яўрэйскае насельніцтва акупанты выгналі ў Вушачу і расстралялі ля могілак. Перад вызваленнем Кублічы былі ўшчэнт разбамбаваны і спалены, цяпер гэта захудалая вёска з некалькімі сілікатнымі будынінамі».
Кублічы, 1913 год. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
Але захавалася дарога з Бычкоў да Кублічаў, на якой пісьменнік ведаў кожны каменьчык. Вядома, што Васіль Быкаў у 1989 годзе, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, дамогся таго, каб акурат гэты кавалак дарогі быў заасфальтаваны. Той асфальт, хіба трошкі падлатаны, ляжыць там і зараз.
Малюнак Васіля Быкава. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
Пятрапаўлаўская царква, колішні касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі
Яшчэ адным будынкам, які памятаў Васіля Быкава ў вёсцы Кублічы, быў мураваны каталіцкі храм Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар, узведзены архітэктарам Абрагамам Вюрцнерам у ХVIIІ стагоддзі.
У ХІХ стагоддзі кульбіцкі храм быў перададзены расійскімі ўладамі праваслаўнай царкве ды моцна перабудаваны, а ў 1945 годзе за Саветамі быў цалкам знішчаны. Ад яго сёння ў Кублічах захаваліся толькі падмуркі.
Кубліцкі касцёл да і пасля перабудовы
Рэшткі касцёла ў Кублічах. Фота: radzima.org
Селішча, Ушацкі раён Віцебскай вобласці
Касцёл Святой Веранікі
Яшчэ адным будынкам, які Васіль Быкаў бачыў з дзяцінства і неаднаразова замалёўваў, быў касцёл Святой Веранікі, адзіны ў Беларусі высвечаны ў яе імя. Храм быў архітэктурнай дамінантай наваколля, вельмі добра бачнай з родных Быкаву Бычкоў. «А за лесам (параснікамі) знаходзілася яшчэ адно мястэчка Селішчы, то ўжо быў каталіцкі цэнтр рэгіёна з вялікім касцёлам, кляштарам, крытым бліскучай белай бляхай, якая была відаць аж з нашага поля. Там былі каталіцкія могілкі з дужа файнымі мармуровымі помнікамі і надпісамі лацінкай. А ў сярэдзіне могілак між хвояў высілася белая мармуровая скульптура ангела-дзяўчыны — вядома ж, на магіле памерлай. Мы дужа баяліся таго помніка, не ведаю чаму. Цяпер Селішчы таксама захудалая вёска з пабураным касцёлам і бязладнымі могілкамі...».
Малюнак Васіля Быкава. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
Архітэктарам бажніцы і кляштара бернардынцаў пры храме быў той жа, што і ў Кульбічах, Абрагам Вюрцнер. Касцёл святой Веранікі і кляштар бернардзінцаў былі ўзведзены ў 1726 годзе ў стылі барока. Кляштар быў скасаваны з 1832 года, а касцёл зачынены расійскімі ўладамі ў 1867-м. Падчас Другой сусветнай вайны дах і вежы бажніцы былі зруйнаваныя. Летась абрынулася і сцяна кляштарнага корпуса. Раім наведаць Селішча, пакуль там яшчэ ёсць што пабачыць.
Малюнак Васіля Быкава. Фота з выставы «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі», 2023 г.
Касцёл Святой Веранікі ў Селішчы, сучасны стан. Фота: тг-канал «Заброшенная Беларусь»
Віцебск
Віцебская мастацкая вучэльня
Васіль Быкаў з дзяцінства захапляўся маляваннем. «Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацый, — прызнаецца пісьменнік у мемуарнай кнізе «Доўгая дарога дадому». — Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуля Верна ды іншых». Заняткі мастацтвам, якія Быкаў іранічна называў «мастацкі зуд», былі яго пажыццёвым захапленнем.
Малюнкі Васіля Быкава. Фота: facebook/bellitmuseum
У 1939 годзе, пасля сканчэння 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, Васіль Быкаў паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню на жывапіснае аддзяленне. Праз нейкі час у вучылішчы арганізавалася скульптурнае аддзяленне, куды з невялікай групай хлопцаў перайшоў і Васіль Уладзіміравіч. Скульптура давалася яму лёгка, але жывапіс вабіў болей. Аднак і на скульптара Васіль Быкаў правучыўся нядоўга. Увосень 1940 года, у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый, пісьменнік вымушаны быў прыпыніць навучанне. Дзейнасць жа Віцебскай мастацкай вучэльні была спынена праз год, у чэрвені 1941-га, у сувязі з пачаткам вайсковых дзеянняў.
Віцебская мастацкая вучэльня. Фота: vkurier.by
Будынак вучэльні, у якой атрымліваў веды Васіль Быкаў, захаваўся і да сёння. Цяпер у ім месціцца Віцебская дзіцячая мастацкая школа. На будынку сярод шыльдаў іншым выбітным выпускнікам вучэльні можна пабачыць і мемарыяльную шыльду ў гонар Васіля Быкава аўтарства Валера Магучага і Аляксандра Гвоздзікава.
Шыльда Васілю Быкаву ў Віцебску
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: